Музыка для навагодніх салютаў і вінтажных дыскатэк
Можна толькі вітаць імкненьне музыкаў з гурта Pawa да экспэрымэнтаў па стварэньні электроннай музыкі зь мясцовым калярытам, хоць ня кожнаму яны могуць падасца своечасовымі ды актуальнымі. Сапраўды, часам бывае адчуваньне, што слухаеш электронныя напрацоўкі як максымум канца XX стагодзьдзя і нечага ў іх не стае, каб назваць тое, што гучыць з дынамікаў, музыкай нашых дзён.
Новы альбом ад гурта, які працуе ў кірунку «этна-дабстэп», г. зн. спалучае неспалучальные на першы погляд. Сьпевы і танцы сярэднявечча пакладзеныя на электронную музыку. Разынка праекту ў тым, што ў запісе гучаць жывыя аўтэнтычныя інструмэнты. Pawa грае музыку ў фармаце «сярэднявечнай дыскатэкі» (трапнае вызначэньне стылю, актуалізаванае ў Беларусі калісьці «Старым Ольсам»), а па-сутнасці, працягвае экспэрымэнты па злучэньні этна і электронікі, распачатыя 20 гадоў таму «БазЫлькамі» і «Палацам». Праўда ў нашыя часы, музыкантаў, якія займаюцца такой справай засталіся адзінкі, так што на гэтай дзялянцы ўдзельнікі «Павы» могуць пачувацца панамі.
Рэліз «Cristatus» выглядае хутчэй не на альбом, а на складанку найлепшых рэчаў. Можна падумаць, што ў каманды Юрася Панкевіча праблемы з матэрыялам, з уліку таго, што частка песень з новага альбому выдавалася ўжо на дэбютным дыску Pawa, а раней гучала ў выканананьні яго акустычнага праекту Testamentum Terrae і таго ж «Старога Ольсы». Зрэшты, можна зразумець жаданьне музыкаў давесьці да ладу тыя кампазыцыі, якія яны маюць. У «Cristatus» музыкі больш сьмела экспэрымэнтуюць з электроннымі кірункамі, чым на сваім дэбютным дыску, і наогул заходзяць у глыбіні электроннай музыкі куды далей за сваіх папярэднікаў. Кампазыцыі з альбому даволі розныя паводле падачы і агульнага настрою — ад мяккіх і ляканічных нумароў, насычаных паветрам, як «Intro Cristatus» і «Гандзюленька» да пякельных і зубадрабільных экспэрымэнтаў з гардавым прысмакам, як «Цяцерка». Абсалютна выбітным нумарам у Pawa быў і застаўся трэк «Аngleza» (у арыгінале так зваўся старадаўні ангельскі танец). Фактычна гэта кампазыцыя зьяўляецца візытоўкай каманды і дае ўяўленьне пра іх творчасьць. Менавіта яна гучала ў навагоднюю ноч-2013 саўндтрэкам да сьвяточнага салюта ля Стэлы ў Менску. З вакальных нумароў самы калярытны — «Herr Mannelig», цудоўнае беларускае прачытаньне вядомай скандынаўскай баляды.
Можна толькі вітаць імкненьне музыкаў да экспэрымэнтаў па стварэньні электроннай музыкі зь мясцовым калярытам, хоць ня кожнаму яны могуць падасца своечасовымі ды актуальнымі. Сапраўды, часам бывае адчуваньне, што слухаеш электронныя напрацоўкі як максымум канца XX стагодзьдзя і нечага у іх не стае, каб назваць тое, што гучыць з дынамікаў, музыкай нашых дзён. Было б надта цікава паглядзець, што атрымалася, каб Pawa пасупрацоўнічала з рэзыдэнтамі электроннага лэйбла Ezhevika Music, якія робяць дужа цікавую і прасунутую электронную музыку, цалкам пазбаўленую нафталінавага паху. Наогул жа, такі прадукт, які робіць Pawa — проста неабходны беларускай музычнай культуры хоць бы ў пляне запаўненьня лякунаў, а да ўсяго ён яўна можа быць запатрабаваны за мяжой.
Pawa — Cristatus, 2013
SB, «Тузін Гітоў»/ budzma.org
КАМЕНТАВАЦЬ