Сьпяваная гісторыя беларускай жанчыны
Свой новы альбом «Žyta. Žycejka» гурт «Мярэжа» называе гісторыяй жанчыны-маці і жанчыны-дачкі, жанчыны-жонкі і жанчыны-каханкі.
Акурат на Пакроў, фальклёрны гурт «Мярэжа» прадставіў інтэрнэт-рэліз альбома жніўных песень зь беларускага памежжа — прасторы, на якой сустракаюцца дзьве сутнасьці, зьнітаваныя мяжой, і адбываецца дыялёг культур. Менавіта ў сьпевах і празь сьпеў гурт спрабуе асэнсаваць гэтыя ўзаемапранікненьні. У склад гурта ўваходзяць Анастасія Шпілеўская, Дар’я Зуева, Юлія Літвінава, Юлія Пракоф’ева, Сьвятлана Чакушка і Тацяна Зубава.
На гэты раз сьпявачкі пастараліся перадаць усё суквецьце тэмпаў, рытмаў, ладаў і танальнасьцяў памежнага жніва ў яго рэгіянальнай варыятыўнасьці. Прадстаўленыя каларытныя ўзоры зажынак, дажынак і ўласна жніўных песень паходзяць зь Віцебска-Пскоўскага, Магілёўска-Смаленскага, Гомельска-Бранска-Чарнігаўскага, Берасьцейска-Ровенскага, Гарадзенска-Беластоцка-Віленскага памежжаў.
Аўтэнтычныя творы ўзятыя з архіву Цэнтра дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Студэнцкага этнаграфічнага таварыства, асабістых архіваў Юліі Літвінавай і Сьвятланы Чакушкі, а таксама друкаваных фальклёрных крыніц.
Але, перадусім, «Żyta. Życejka» — гэта гісторыя жанчыны, кажуць сьпявачкі. Жанчыны-маці і жанчыны-дачкі, жанчыны-жонкі і жанчыны-каханкі. Гэта жыцьцёвыя перажываньні і трывогі, шчырыя споведзі і разважаньні.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ