Pradmova
5828 / 0
10.03.2015

TonqiXod. Дзе тонка, там і рвецца

TonqiXod напісалі музычную паэму ў сямі частках з эпілёгам і пасьляслоўем. Часткі гэтыя між сабою аніяк не стасуюцца, але па прачытаньні надта карціць адразу яе перачытаць.

Калі Ўладзь Лянкевіч пачаў сьпяваць свае вершы ў дуэце «Тэмпера», а потым ва ўтварэньні Fokus Valenrod, то ўжо была ясная беспэрспэктыўнасьць такой задумы. Музыка для пазяханьняў. Чарговы паэтычна-музычны экспэрымэнт, які здолеюць прыняць хіба асобы, набліжаныя да рэалізатараў. Але паступова трыё Лянкевіч-Субач-Аляксеенка гэтую тэзу абверглі. Яны ўзялі новую назву — TonqiXod (яе таксама наўрад ці можна назваць удалай) — ды акром літаратурных імпрэзак далі за год некалькі дзясяткаў выдатных канцэртаў. Хто бачыў іх на сцэне TNT ці ў Re:Public — зразумее ўсю чароўнасьць іх творчай прапановы. У час выхаду першага сынглу на «Насыпаць горы» з год таму, стала ясна, што гэта ня гурт-акампаніятар паэзіі Лянкевіча, а цалкам самастойная творчая адзінка, здольная на тое, каб калі не падзівіць, дык пацешыць аматараў старога добрага псыхадэлу.

TonqiXod прайграў гэтую праграму дзесяткі разоў ужывую, паінтрыгаваў парачкаю сынглаў, атрымаў авансам прэмію «Адкрыцьцё году» ад «Еўрарадыё» (а Лянкевіч як паэт адначасова дастаў «Дэбют» на прэміі імя Багдановіча). Ім нават кліп зьнялі, праўда музыкі ад яго адмовіліся. Гэтая акалічнасьць якраз і сьведчыць пра іх падыход да справы — яны кшталтавалі свае песьні, мянялі студыі, гукарэжысэраў, інструмэнты, каб дасягнуць жаданага. Так што тым, хто чакаў гэтай працы цэлы год, альбом «Прадмова» можа падацца трохі перасьпелым. Варта дадаць, што ў адрозьненьне ад жывога выкананьня, у запісе акром звыклага набору гітара-клявішы-бас гучыць яшчэ шэраг інструмэнтаў — клярнэт і флейта, кантрабас і акардэон, мандаліна і скрыпка… Праўда, некаторыя песьні давялося падкараціць — ужывую яны гучаць даўжэй за кошт любові музыкаў да імправізацыі.  Заўважная і праца, якую прарабіў Лянкевіч-вакаліст, хоць хацелася б ад яго месцамі паболей эмоцыяў.

Прыгнуць вышэй за «насыпаныя горы» не ўдалося — гэты трэк застаецца галоўным дыямантам кружэлкі. Яшчэ адзін несумнеўны цуд — «Конрад Валенрод», самы маштабны з задумы твор, які цягнецца пад 11 з паловай хвілін. Недзе побач — ліха закручаная «Песьня пра вясельле». Заслугоўвае ўвагі трэк «Урбі»… Зрэшты, ацэньваць гэты матэрыял з пункту гледжаньня гітовага патэнцыялу абсалютна немагчыма. Гэты альбом з катэгорыі тых, якія па сканчэньні карціць паслухаць ізноў, хоць пачуўшы іх ўпершыню хочацца ўсклікнуць: «Толькі ня мой мозг!». Даволі няпростыя для разуменьня тэксты разам з складана аранжаванай ірванай музыкай, якая ўвесь час ламаецца і нібы зьбягае ад цябе, яўна вымагаюць папярэдняй падрыхтоўкі. TonqiXod — зьява на беларускай сцэне яркая і адметная, таму хочацца спадзявацца, што імпэт іх ня згасьне, і пасьля «Прадмовы» нас чакае яшчэ доўгая душэўная і жыцьцёвая аповесьць.

TonqiXodPradmova, 2014

SB, Tuzin.fm|Budzma.by