«Гарадскі Вал». Элвіс сьвяткуе перамогу
Гурт «Гарадскі Вал» прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM новы альбом «Элвіс і сьмерць», цалкам напісаны на вершы Антона Рудака.
Калябарацыя лідэра гурту «Гарадскі Вал» Рамана Абрамчука і паэта Антона Рудака пачалася яшчэ ў 2013 годзе падчас навучаньня абодвух у Школе маладога літаратара, арганізаванай Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. З таго часу паўстала нямала сумесных песень. 11 трэкаў на музыку Рамана і словы Антона ўвайшлі ў новы альбом гурта.
Вось кароткі пераказ зьместу альбому ад ягоных стваральнікаў: «Гэта аповед пра кампанію менскіх адмарозкаў, якія, сустрэўшы сабаку Элвіса, абвяшчаюць вайну — не, не аўтазакам і зомбі, а галоўнай Пачвары мікрараёну і сусьвету — Сьмерці. Цяжкой была ня столькі барацьба, колькі шлях да яе — праз начную Серабранку, электрычкі маладэчанскага кірунку, маладыя ліцэйскія гады з чэргамі ў д’юці-фры, літры джыну з джынджэрсам, раскопы курапацкіх ямінаў, фанацкія выезды на матчы… У выніку на бойку спазьніліся. А Элвіс перамог. І ў фінале — яго пераможны танец зь вясной на сталічным праспэкце. Кожны са слухачоў запрошаны ў карагод!»
У запісе альбому бралі ўдзел: Аляксандар Карабань (бас-гітара, кантрабас), Ігар Адасік (пэркусія), Цімур Рэйзіс (сынтэзатар), Раман Абрамчук (аўтар музыкі, вакал, гітара), Віктар Сямашка (флейта, клярнэт), Раман Яраш (труба), Фрыд Самотны (саксафон), Аляксей Сьвятловіч (гітара), Дзяніс Жураўлёў aka Груша (біт-бокс), Уладзімер Пыльчанка (акардэон). Альбом дасяжны на асноўных музычных плятформах, а на CD яго можна набыць у кнігарні «Логвінаў».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ