Трымай свой час
5267 / 0
03.10.2016

IQ48. Не маніфэст, а размова па душах

«Трымай свой час» — чацьверты нумарны альбом IQ48, які выйшаў акурат на 15-годзьдзе гурта.

Рэліз дыску адбыўся пры канцы верасьня 2016 году. У яго ўвайшлі 11 песень, запісаных у найлепшых традыцыях IQ48: «партызанская» сумесь цяжкага фанку, рэпу і року. Альбом гучны, канцэптуальны і сацыяльны. Надзённыя песьнi пра «мі-мі-мі» і інтэрнэт-блогера, вясёлага валютчыка зь Міхалова ды амаль мітычнага героя, які ў мінулым жыцьці быў чалавекам, але цяпер яго даканалі, і ён стаў зубастай «акулай». Назву альбому музыкі тлумачаць такім чынам:

«Усё ж такi час — cамае дарагое, што ў нас ёсьць. Пакуль ёсьць. Бо яго не купіць, не прадаць, яму не паставіць „лайк“, не залiць у гаджэт, яго не прыпынiць, не зафiксаваць на месцы. У кожнага ён свой, пэрсанальны і абсалютна рэальны. I ён зьбягае. Праляціць — ня вернеш. Таму мы ўпэўненыя, што трэба сапраўды карыстацца сваiм часам, трымаць яго, пакуль ён з намі, дакладней, пакуль мы зь ім».

Аднак у IQ48 не было тут мэты выдаць джэнтльмэнскі набор маніфестаў. Гэта размова па душах i ад сэрца, часам — ягоны крык, не дарма слова «сэрца» cуcтракаецца на альбоме часьцей за іншыя.

Гурт любіць экспэрымэнты, таму і ў новым альбоме бязь іх таксама не абышлося. Так, у песэні «Арлы» ўзяў удзел вядомы журналіст і шоўмэн, лідэр гурта «Дрымон» Ільля Маліноўскі, а ў песьні «Трымай свой час», аднайменнай альбому, партыю флейты выканаў Арцём Семянюк.

CD-дыск выпускаць хлопцы пакуль не зьбіраюцца і ня могуць пакуль назваць дату канцэртнай прэзэнтацыі. У сувязі з тым, што бубнач гурта Антон Мацулевіч (ён жа вядомы як Tony Fadd) цяпер працуе на ніве шоубізу ў ЗША, жывая прэзэнтацыя альбома IQ48 «Трымай свой час» заплянаваная на зіму.

Спампаваць адным файлам (у фармаце .zip) альбом «Трымай свой час» можна непасрэдна з Tuzin.fm

Tuzin.fm

Тэгi: