Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных паданьнях
13087 / 0
28.02.2019

Баршчэўскі ў авангардзе. Нечаканы погляд на «Шляхціца Завальню»

Экспэрымэнтальны праект Simulacross з Гомлю прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM сваю супольную працу з расейскім гуртом Mecizand «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных паданьнях», якая выйшла на чэскім лэйбле.

Simulacross існуе ўжо 17 гадоў. Музыкі з Гомлю маюць 7 студыйных альбомаў, а таксама некалькі канцэртнікаў і сплітаў. Іх пошукі сягаюць пэркусійнага ды імправізацыйнага індастрыялу, нойзу ды канкрэтнай музыкі. Музыка Mecizand вар’юецца між рытуальным ды дарк-эмбіентам, канкрэтнай музыкай ды фры-джазам. Гэты праект — выключна студыйны, ён мае на рахунку 15 рэлізаў.

На сумесным альбоме гуртоў прадстаўленыя 10 кампазыцыяў, якія пісаліся, як паасобку, так і разам. Канцэпцыя альбому заснаваная на творы Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных паданьнях». У запісе ўзялі ўдзел таксама запрошаныя музыкі Ірына Глушэц («Ягорава Гара»), Lesley Knife з Gods TowerПятро Шкалёнак (Yatata) ды іншыя.

Тое, што атрымалася па выніку аўтары альбому характарызуюць, як «выбухную сумесь пост-фолькавага электраакустычнага авангарду з рытуальнымі настроямі ды пэркусійнымі замалёўкамі». Афіцыйна рэліз пабачыў сьвет 29 студзеня 2019 году на чэскім лэйбле NoiseUp. У лютым альбом пабачыў сьвет таксама ў касэтнай вэрсіі на расейскім лэйбле Hvedrungrsmil Records.

TuzinFM