«Ягорава гара». Тры гады на скарэньне
Дэбютнік фольк-гурту з Гомелю возьме ўдзел у 6-м туры альбомнага чарту на Tuzin.fm.
Рэліз, які вырашана назваць гэтак жа, як гурт, пабачыў сьвет летась, акурат на 3-годзьдзе музыкаў. «Альбом ставіць кропку ў першым, мабыць самым складаным пэрыядзе існаваньня любога музычнага калектыву. Гэта вынік трохгадовай працы над рэпэртуарам, пошуку музыкаў і вакалістаў, фармаваньня складу. Гэта тры гады экспэрымэнтаў у музыцы. Цяпер магу з упэўненасьцю сказаць: тое, што я задумаў, здабыла форму і зьмест!» — сказаў у камэнтары для Tuzin.fm кіраўнік калектыву Ягор Паляшук. Ён пачаў музычную кар’еру ў 50 гадоў і за гэтыя тры гады дасягнуў выдатных вынікаў — стварыў адзін з самых актыўных гуртоў на беларускай фольк-сцэне і заснаваў у Гомелі прадусарскі цэнтар. «Ягорава Гара» мае ў рэпэртуары з паўсотні песень. 14 абраных твораў увайшлі ў дэбютны альбом.
«Ягорава Гара» выконвае народныя творы, як у варыянце, блізкім да аўтэнтычнага, так і ва ўласных электронных апрацоўках. Часам два-тры, а то і чатыры народныя сьпевы аб’ядноўваюцца ў адну цэласную кампазыцыю. Над альбомам акрамя Ягора Палешука, які цалкам адказвае за напісаньне музыкі, аранжыроўкі, зьвядзеньне ды майстарынг, таксама працавалі Ірына Глушэц, Зося Музычка, Кацярына Магонава, Тацяна Яжова. Песьні для дыску запісаныя ў Rock-Center studio ў Гомелі, дапамагаў і кансультаваў музыкаў клявішнік Gods Tower ды гукарэжысэр Дзьмітры Аўчыньнікаў.
Музыкі прэзэнтавалі сваю праграму ўжывую ў Гомелі, у цэнтры культуры, а таксама ў менскім клюбе «Графіці». Пачалася ўжо праца над другім альбомам.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ