Vinsent. Лірык, а не змагар
Другі дыск рэпэра, запісаны празь перапынак амаль у 6 гадоў, стаў безумоўнай падзеяй у беларускай музыцы.
Той, хто палюбіў Вінсэнта ўзору 2011/2012 году, калі сьпявак парваў «Рэактар» ды запісаў супэрскую рэч «Ні кроку назад» для фільму «Вышэй за неба», можа трохі расчаравацца: тут няма таго сакавітага лютага гучаньня з прывітаньнем Rage Against the Machine. І наогул жывога складу тут няма, ухіл зроблены ў электроніку, і сьпявак у музычным пляне, па сутнасьці, гне тую ж лінію, што і ў дэбютніку «Пачатак» (2009), які і цяпер ня сорамна слухаць. Толькі тут, вядома ж, і біты тлусьцейшыя, і чытка больш упэўненая, і вакалы прыгажэйшыя (жаночых бэкаў, праўда, хацелася б болей). На ім шмат выдатных і прыгожых песень. Дакладней так — тут няма ніводнага прахаднога трэку.
Хоць ад рэпэраў зазвычай чакаюць адлупу, зьедлівасьці, сацыяльшчыны ды пахабшчыны, альбом у Вінсэнта выйшаў надзіва мяккі, разважлівы і… рамантычны — бязь дзёрзкасьці ЛСП, пашлаватасьці Каржа (хоць і Макс мог бы напісаць такую песьню, як «Музыка», каб не забыў мовы сваёй), рэзкасьці Зэмана, але не настолькі дзэнбудысцкі, канечне, як у SP Kava. Ды яшчэ цалкам пазбаўлены таго, з чым Вінсэнт і яго творчасьць асацыяваліся ўвесь гэты час: у «Віры» сьпявак ні разу не згадаў Каліноўскага і наогул ніводнага лёзунгу ня выгукнуў. Гэты свой лірычны бок ён ужо прадэманстраваў калісьці ў песеньцы «Восеньскі вальс», а тут з посьпехам і напоўніцу яго разгарнуў. Нават песьня з напружнай назвай «Вайна» аказваецца тут не пра тое. Дзякуючы такой тэматычнай вытрыманасьці і адсутнасьці рэзкіх целарухаў дасягаецца поўная гармонія і супакой. Ажно да той ступені, што ў апошнім трэку «Дай нам знак» Вінсэнт заходзіць на тэрыторыю, падуладную «Адыс Абэбе» Дзімы Іванова.
«Вір» — безумоўна адзін з самых выдатных рэлізаў гэтага году. І, што яшчэ важна, адзін з самых пазытыўных беларускіх альбомаў апошніх гадоў.
Сяргей Будкін
КАМЕНТАВАЦЬ