«Гарадскі вал». Людзкія справы
Найлепшыя песьні апошніх гадоў гурту Рамана Абрамчука «Гарадскі вал» увайшлі ў альбом «Чалавечынка».
На альбоме хоць і сабраныя песьні розных часоў, але іх мацуе адзіная канцэпцыя, як лічыць сам аўтар: гэта песьні пра чалавека, пра чалавечнасьць наагул, як найгалоўную прыкмету. «Наш альбом — гэта прынцыповы сыход ад палітызаванасьці ў праблему людзкасьці, у плоскасьць найбольш істотных праблемаў: праблемы выбару, годнасьці, канцавой мэты жыцьця, урэшце рэшт — праблему сьмерці. „Чалавечынка“ — гэта свайго роду прыправа, спэцыфічная соль, якой не хапае сучаснаму грамадзтву», — так прадстаўляе сваю працу Раман Абрамчук наведнікам TuzinFM.
У альбом увайшлі песьні аўтарства Рамана, а таксама творы, напісаныя на словы Антона Рудака, Зьмітра Захарэвіча, Натальлі Васілевіч. У запісе дыску ўзялі ўдзел Раман Абрамчук (сьпеў, рытм-гітара, тамбурын у трэках №1, №2), Аляксандар Карабань (бас-гітара, кантрабас), Яўген Булдык (бубны), Цімур Рэйзіс (клявішныя), Аляксей Сьвятловіч (сола-гітара), Віталь Дубікаў (акардэон), Ігар Адасік (пэркусія ў трэку №10). Альбом запісваўся адразу на трох студыях — «Хата» з гукарэжысэрам Эдуардам Івановым (ён жа займаўся зьвядзеньнем і майстраваньнем), EverestMedia з Паўлам Сінілам і Gene Studio з Паўлам Сьцяпцовым. У афармленьні выкарыстана карціна Ўладзімера Кандрусевіча «Гравітацыя» (2015), малюнкі (чалавечкі-лічбы) Лізаветы Строцавай-Абрамчук.
Падтрымаць гурт можна праз Talaka.by. «Гарадскі вал» вырашыў спачатку ўкласьці свае сродкі ў запіс альбому, а ўжо потым зладзіць краўдфандынгавую кампанію ў падтрымку рэлізу.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ