Юлія Глебава. Крылы, якія нельга апусьціць
У свой другі альбом Юлія Глебава аб’яднала песьні на беларускай і расейскай мовах, якія падобныя ня толькі па гучаньні і падачы, але і маюць адзіную сэнсавую канцэпцыю.
Сама сьпявачка называе альбом «Крылья» аўтабіяграфічным «зборнікам апавяданьняў». Кожная песьня паклікана абазначыць пэўны крок, этап ці стан. Пяецца пра тое, што ня трэба здраджваць той музыцы, якая гучыць унутры («Шарманка»), што ня варта забіваць мары («Малюй»), хоць часам прыходзіць такі стан, калі ўсё хочацца кінуць («Прабач»), але захапленьне выклікае найперш здольнасьць да самаахвяраваньня дзеля сьветлай мэты («Данко»). Ідэйна ўсе песьні з альбому аб’яданныя тэмаю вызваленьня, палёту, свабоды.
Па вызначэньні ўдзельнікаў гурту «Час Speak», якія запісвалі гэты альбом, у параўнаньні з дэбютнікам «Неформат» (2012), гэты дыск атрымаўся куды больш жорсткі, а вакальная падача — больш рашучая. Месцамі нават выкарыстоўваюцца прыёмы экстрэмальнага вакалу. Больш стала цымбалаў у аранжыроўках — гэта адна з галоўных адметнасьцяў гучаньня каманды Юліі. У песьні «Малюй» партыя цымбалаў наогул стала фундамэнтам для стварэньня аранжыроўкі.
«Крылья» пабачыў сьвет як у CD-варыянце зь відэа- ды аўдыё-бонусамі, так і на інтэрнэт-плятформах. Дызайн дыску зрабіла мастачка Лаліта Гарбачова. У запісе бралі ўдзел Юлія Глебава (музыка, тэксты, вакал, цымбалы), Дзьмітры Туцкі (гітара), Яўген Фруман (бас), Цімафей Паўловіч (бубны). Гукарэжысэр — Аляксей Глебаў. Зьвядзеньне і майстарынг зрабіў Дзьмітры Галадко на менскай студыі FORZ.
Альбом на iTunes і GooglePlay
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ