«Стары Ольса»: космас наш!
Кожная новая праца гурта «Стары Ольса» — падзея для беларускай музыкі надзвычайная. Гэтыя музыкі капаюць грунтоўна ды ўдыхаюць новае жыцьцё ў забытыя творы. Роўных ім у інтэрпрэтацыі музыкі даўніх часоў у нас проста няма.
Альбом «Santa Maria» пачынаецца з рэлігійнага сьпеву «Авэ Марыя», якую на беларускую пераклаў Зьміцер Сасноўскі. Але альбом у «ольсаў» зусім ня сьпеўны. Яшчэ адзін вакальны нумар «Маці каралева» закрывае дыск. А паміж імі — музыка інструмэнтальная, часоў Рэнэсансу і Барока, перадусім з «Полацкага сшытку», які для багатага на фантазію і здольнасьці музыкі ўяўляе зь сябе цэлы Космас.
Да музычнага помніку 16 — пачатку 17 стагодзьдзяў «Стары Ольса» зьвяртаецца пастаянна цягам усёй сваёй творчасьці, яшчэ ад часоў альбому «Verbum» (2002), даводзячы творы да абсалютнай дасканаласьці. Быць можа, калі-небудзь музыкі і выдадуць альбом, у якім зьбяруць усе свае напрацоўкі на гэтую тэму ды назавуць яго проста ды ясна — «Полацкі сшытак». А пакуль яны дадаюць яго рэшткі да кожнай сваёй новай праграмы, разбаўляючы ня менш вартымі ўвагі творамі. У дадзеным выпадку на дыску гучыць музыка зь «Віленскага сшытку», а таксама творы Валянціна Бакфарка і ўлюбёнага лютніста караля Баторыя Войцеха Длугарая, якога вельмі шануюць «ольсаўцы».
Пры ўсёй сівізьне матэрыялу, «Ольса» падаў яго з абсалютна рокавым драйвам (і гэта ўжываючы выключна старадаўнія інструмэнты!). «Santa Maria» ані разу не прытамляе, а часам гайдае куды больш за ўласна рокавыя ды электронныя рэчы. Тут варта пяяць хвалу ня толькі музыкам за іх бездакорнае валоданьне інструмэнтамі ды гнуткае музычнае мысьленьне, але і тым, хто гэты альбом пісаў ды зводзіў (Віталь Кулеўскі ды Анатоль Шаўцоў). З дапамогай іх гэты запіс ня нудзіць і не прытамляе, а дыхае і пульсуе.
Выглядае, што наступны альбом «Ольсаў» з рыцарскімі сьпевамі будзе яшчэ больш жывым і драйвовым. У чаканьні!
Стары Ольса — Santa Maria, Вігма, 2013
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org
Замовіць альбом "Santa Maria" можна тут: http://prastora.by/muzyka/stary-olsa-santa-maria-stary-olsa-santa-maryia
КАМЕНТАВАЦЬ