Мужчынская традыцыя сьпеву
19337 / 1
02.04.2018

Як сьпяваюць беларускія мужчыны. Падарожжа ў часе з «Традыцыяй»

У межах праекту «Традыцыя» выйшаў унікальны СD мужчынcкіх песень. На ім можна пачуць аўтэнтычныя сьпевы, запісаныя каля паўстагодзьдзя таму.

Мужчынская сьпеўная традыцыя — безумоўная каштоўнасьць для беларускае культуры, але вядома пра яе вобмаль. Ёсьць кнігі з тэкстамі песень, але яны не даюць поўнага ўяўленьня пра мастацкую сілу і моц суладнага шматгалосага гучаньня, пра майстэрскае валоданьне галасамі, тэмбравае суладзьдзе і гармонію старадаўніх мэлёдыяў. Даўней сьпявалі ў кожнай вёсцы, песьня гучала ў святочныя дні, калі зьбіралася ўся сям’я разам, на вясельлях, выправах, на пашы, у лесе, на возе ў далёкай вандроўцы… У той час, калі жачыны ў асноўным сьпявалі каляндарна-абрадавыя, сямейна-абрадавыя песьні, у мужчын быў адмысловы рэпэртуар: маладзецкія, касарскія, бяседныя, лірычныя, вайсковыя, сацыяльныя, жартоўныя. Сьпявалі не для слухача, а дзеля ўласнага выяўленьня духу, для душэўнай уцехі.

На дыску «Беларускі мужчынскі сьпеў» прадстаўленая толькі малая частка з таго масіву, які варта захаваць для нашчадкаў.  Дыск адкрывае мужчынскі сьпеўны гурт вёскі Глушкавічы Лельчыцкага раёну ў запісах этнамузыколяга Зінаіды Мажэйкі 1968 і 1977 гадоў, а таксама песьні вёскі Тонеж таго ж раёну, запісаныя ў 1979 годзе. Менавіта спадарыня Зінаіда запісала палескага самародка Сьцяпана Дубейку. У збор увайшлі таксама песьні мужчынскіх ансамбляў вёсак Гаўрыльчыцы Салігорскага і Мохаў Лоеўскага раёнаў.

Сольныя сьпевы на дыску прадстаўлены запісамі Рыгора Марэцкага і Фёдара Клімчука. Рыгор Марэцкі, жыхар вёскі Пірагі Дубровенскага раёну, выконвае валачобную песню, якую памятае з маладосьці, калі сам прымаў удзел у валачобным абыходзе вясковых двароў. Фёдар Клімчук — вядомы беларускі мовазнаўца, дыялектоляг. Нарадзіўся ў вёсцы Сіманавічы Драгічынскага раёну. Ён унікальны знаўца фальклёру гэтага палескага рэгіёну. Сам ведае і сьпявае амаль тысячу песень, «старовынных» і «новішчіх».

Выданьне зробленае ў выглядзе невялікай кніжкі ў цьвёрдай вокладцы з дыскам у капэрце. Кніжка ўтрымлівае тэксты і ноты песень, фатаздымкі, інфармацыю пра сьпевакоў і гурты. Усе апісаньні і зьвесткі пра выканаўцаў перакладзены на ангельскую мову. Падбор запісаў рабіла Тацяна Песьнякевіч, лічбаваў Аляксей Глушко. Укладала і расшыфравала тэксты Ірына Мазюк. Дызайн вокладкі зрабіла Васіліса Паляніна. Мастэрынг Арцёма Петрашкевіча.

Дыск выдадзены ў межах праекту «Традыцыя», які заснаваў музыка і этнограф Сяржук Доўгушаў. Гэты праект накіраваны на разьвіцьцё і папулярызацыю беларускай традыцыйнай музыкі. У яго межах таксама ладзяцца канцэрты аўтэнтычных гуртоў, майстар-клясы, сьпеўныя сходы і этнаграфiчныя экспэдыцыі.

Набыць дыск можна на Symbal.by

TuzinFM

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    03.04.2018 / 11:31

    Прэзэнтацыя дыска пройдзе 20 красавіка ў менскай кавярні "Грай" у 18.00. Уваход вольны.

  • КАМЕНТАВАЦЬ