
«Без билета». Добрыя блазны на шляху спазнаньня
Гурт «Без билета» запісаў сёмы студыйны альбом «Маяк», у які ў тым ліку ўвайшлі беларускамоўныя кампазыцыі.
Асноўны пасыл новага альбома каманды Віталіка Артыста сфармуляваны ў анатацыі да рэлізу на мультылэйбле «Пяршак»: «Мы ўсе памром, але спачатку спазнаем нешта афігенскае». Музыкі кажуць, што ў іх пачалі зьяўляцца новыя жыцьцёвыя пытаньні, але ў той жа час яны застаюцца ўсё тымі ж добрымі блазнамі, якія прыносяць людзям сьмех і радасьць. Таму і на альбоме філязофскія тэмы перамяшаныя з зусім дзіцячымі. «Гады ідуць, у кедах зімой ужо холадна, а тусавацца, насіцца па сьвеце, псаваць здароўе хочацца ўсё адно», — зазначаюць «безьбілетнікі».
Усе песьні для «Маяка» былі запісаныя ў вёсцы Белая Царква ў Віцебскай вобласьці, дзе Віталік Артыст разам з жонкаю Тацянай Кушнір маюць дом. Там і была зробленая ўласная студыя — «Spinning Studio». «Наш дом стаіць на самым беразе Белага Возера. Паводле легенды на яго дне ляжыць старажытны звон, а ў сотні мэтраў знаходзіцца тая самая Белая Царква, якая на захадзе сонца выпраменьвае сьвятло і магію. Мы ўсе былі зараджаныя на шчасьце і посьпех, на канцэнтрацыю, супольнасьць і чыстую творчасьць, што ў горадзе на бягу наогул немагчыма. Думаем, менавіта гэта і будзе прасьвечваць у трэках: трохі вогнішча, трохі закінутай царквы, трохі скалістага берага, пыльнага ветру, дыму, дажджу і зарападу», — зазначае лідэр каманды.
Акрамя Віталя (вакал, музыка) і Тацяны (тэксты, вакал) у запісе «Маяка» ўзялі ўдзел Арцемі Даронкін (бас, ханг-драм, бэк-вакал, аранжыроўка), Уладзімер Развадоўскі (клявішныя, хор), Аляксандар Івашкевіч (гітары, хор), Ягор Даронкін (бубны, хор). Вокладку зрабіў Дзіма Ску.
Спампаваць альбом можна на мультылэйбле «Пяршак».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ