Vibeclub. Каляды, якія заўжды з табою
У новым туры на TuzinFM бярэ ўдзел рэліз, які паўстаў у выніку спантаннага каляднага джэму суполкі, што аб’ядноўвае менскіх соўл-музыкаў.
Гісторыя гэтага запісу пачалася на рэпэтыцыйным пункце «Вайбклабу» падчас зімовых сьвятаў у 2017-м. Музыкі вырашылі сабрацца разам акурат на Каляды, каб адзначыць сьвята ў вузкім коле, аднак пра гэта дазналіся іх іншыя сябры, сябры сяброў і г. д., і ў выніку ў студыі сабралася вялікая грамада. Паколькі большасьць зь іх былі музыкі, то і вырашылі зладзіць спантанны джэм. Сьпявачка Валерыя Дэле раздала зь дзясятак загадзя падрыхтаваных беларускіх сьпеваў, якія выконваліся пад кожны новы груў. Гітарыст і вакаліст Павал Парасяцьеў гэтыя ўсе спробы запісаў, каб захаваць успаміны пра такі цікавы вечар.
Сьвята мінула, але адзін з удзельнікаў той вечарыны Віталь Салома (бубны) прапанаваў сабрацца ўжо мэтанакіравана дзеля таго, каб зрабіць запіс для рэлізу па матывах каляднага джэму. Такім чынам, адабралі канкрэтныя трэкі і ўжо на Каляды-2018 справа пайшла, але не была скончана. Увосень музыкі аднавілі працу і да Калядаў-2019 здолелі давесьці цалкам да ладу трэкі.
Хоць у рэлізе толькі 5 трэкаў, праца над імі вялася доўгая, руплівая і напружаная. Згадвае Павал Парасяцьеў: «Мы працавалі ў студыі штодня практычна няспынна: раніцою зводзілася запісанае напярэдадні ўвечары, па абедзе мантаж працягваў зьменны гукарэжысэр, а ўвечары прыходзілі дзяўчаты на запіс вакалу і так паўтаралася ўсю восень. Кожны трэк мы праслухалі з тысячу разоў, ажно млосна станавілася, але цяпер гэты эфэкт мінуў».
З асаблівасьцяў Павал адзначае запіс «Даб Казы», які быў зроблены зь першага тэйку (дублю, значыць) жыўцом ды яшчэ без мантажу. Падчас майстарынгу гэты тэйк прапусьцілі праз магнітную стужку, каб дасягнуць яшчэ больш груву.
Такім чынам, міні-альбом, задума якога паўстала на адны Каляды, рэалізацыя прыпала на другія, запіс адбыўся ўвосень, рэліз на трэція Каляды, возьме ўдзел у новым туры на TuzinFM, які распачнецца ў сярэдзіне вясны.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ