Псыхадэлія ў трэндзе. Новы альбом Сямашкі і пашыранай «Кумпаніі»
«Віктар Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтуе ў альбомным чарце працу «Zero Nero», заснаваную на паэзіі лідэра праекту ды Ўладзя Лянкевіча і на спантаннай калектыўнай імправізацыі.
На гэтым запісе праект «Віктар Сямашка ды Кумпанія» набыў форму псыхадэлічнага супэрквартэту. У фармацыю ў якасьці дэкляматара ўласных вершаў і басіста трапіў Уладзь Лянкевіч (ex-TonqiXod), чалавек-рок-бэнд Дзяніс Кудраўцаў (Sinie Gory) і бубнач Яўген Булдык (Masque Noir). У такім складзе «Кумпанія» выступіла на пачатку 2018 году ў межах канцэртнае сэрыі «Экспэрымэнт» у менскім клюбе «Ілі».
Запісаная падчас выступу праграма атрымала імя «Zero Nero» («Чорны нуль»). Кампазыцыі сыграныя амаль нон-стопам, плаўна перацякаюць адна ў адну. Калі тэкставы складнік сфармавала паэзія Сямашкі ды Лянкевіча, то музыка створаная цалкам спантанна й калектыўна, але зь яўным дамінаваньнем Кудраўцава. Завяршае праграму панк-кавэр на польскі гурт Blue Café, тэкст іх каляднае песьні быў знойдзены ў грымёрцы акурат перад выступам.
«Псыхадэлія, як кажуць, у трэндзе. І гэтак званы экспэрымэнт атрымаўся. Нам вельмі спадабалася граць разам. Гледачы чамусьці пыталіся, ці зь Менску мы прыехалі. Цяпер шукаем наступнае магчымасьці сустрэцца на сцэне», — камэнтуе Віктар. Альбом «Zero Nero» апублікаваны для вольнага спампоўваньня на афіцыйным акаўнце «Віктара Сямашкі ды Кумпаніі» на Bandcamp.com.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ