На Марс!
7366 / 0
25.06.2015

Neuro Dubel. Ім лятаць ахвота

На 15-м нумарным альбоме Кульлінковіча няма ані стомленасьці, ані вымучанасьці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадзтве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з унівэрсаму замураваны. А так хочацца ўзьняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом.

Neuro Dubel вытрымаў гросмайстарскую паўзу ў тры гады, каб запісаць альбом жорсткіх, дзёрзкіх і рашучых песень. Усё прыгатавана па вядомым і ўлюбёным рэцэпце — караценькія трапныя рыфмоўкі між трэкамі ад дамарошчанага паэта дзядзі Сашы, песьня-хук (тут гэта, безумоўна, «Метро»), песьня-роздум («Маленькая песенка»), гіцяра на разьвітаньне («Уходим тихо»), пераніцаваны кавэр (маем панк-вэрсію «Рок-н-рол мёртв») і яшчэ зь дзясятак моцных песень, якія ўстаўляюць па чарзе і паступова, кожны раз па-новаму ў залежнасьці ад абставінаў і стану слухача. І выканаўцы, калі вядзецца пра жывое выкананьне.

Карціну дапаўняе таксама парачка песень-даўгабудаў, даробленых урэшце ўсім цяперашнім складам гурта. Кульлінковіч можа дазволіць сабе перапяваць сябе самога — ён па-свойму выканаў наноў «Битву на мотоциклах», якая 21 год таму пяялася пад Мамонава, і шматпакутную «Папараць-кветку», задуманую для нявыдадзенага праекту «Скрыпка дрыгвы» 13 гадоў таму, выдадзеную ў дэма-вэрсіі на «Танках» (2003), а цяпер запісаную поўным гукам. Увага да гэтага твору тлумачыцца тым, што Караткевіч для Кульлінковіча — постаць знакавая, шмат у чым дзякуючы ягоным вершам лідэр «дзюбялёў» адкрыў для сябе беларускі сусьвет. Асобная размова пра загалоўны трэк «На Марс!», які працягвае адну з цэнтральных тэмаў творчасьці ансамбля (згадайма «Гагарин», «Касманаўты», «Дети Галактики», чаго ўжо там). Канкрэтна ў музычным пляне гэта, мусіць, самы ўдалы і правільны нумар з альбому. Ну і нельга лішні раз не заўважыць, што Кульлінковіч як рок-паэт зусім інакш раскрываецца ў беларускамоўных творах. Дарма, дарэчы, Саша прасіў прабачэньня ў мовазнаўцаў за наватвор «рушымся». Да яго прынамсі адзін чалавек гэтае слова ўжываў — Максім Багдановіч у вершы «Рушымся, брацьця, хутчэй» (1910).

На 15-м нумарным альбоме Кульлінковіча няма ані стомленасьці, ані вымучанасьці, ані самапаўтораў. Гэта нататкі чалавека, які згубіўся ў грамадзтве шырспажыву. Яму, падобна, лёсам наканавана блукаць да скону, бо выхад з унівэрсаму замураваны. А так хочацца ўзьняцца па-над усім гэтым нікчэмным дзярмом… На кожным трэку прысутнічае «дзюбелеўскі» знак якасьці — гучыць усё натуральна, хуліганіста, трансцэдэнтна, абсурдна і (трагі)камічна, хоць месцамі і недасканала тэхнічна. Увесь сэнс гэтай праграмы, па сутнасьці, у фразе «Трезвая жизнь тянет на дно, таких, как я, не пускают в метро». Уласна, пасьля такіх песень (а іх колькі было дагэтуль!) наракаць на Кульлінковіча за забытыя тэксты і праваленыя канцэрты аніяк не выпадае. Толькі вось і франтмэну ND не выбачацца б за тое, што яму лятаць ахвота.

Нягледзячы на некаторую фатальнасьць, праграма «На Марс!» настройвае на пазытыў і абнадзейвае. Ад таго і ня хочацца называць альбом найлепшым, бо найлепшае — яшчэ наперадзе.

Спампаваць альбом «На Марс!» і аддзячыць гурту можна на афіцыйным сайце.

Сяргей Будкін

Спампаваць цалкам альбом На Марс! (mp3) у zip

Спампаваць цалкам альбом На Марс! (FLAC) у zip