Толькі разам
4876 / 0
22.12.2018

Ілюжан. Дацягнуцца да Сьвятла

Гурт «Ілюжан» прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM альбом «Толькі разам», куды ўвайшло дзевяць кампазыцыяў.

«Толькі разам» — другая частка музычнай трылёгіі, якую музыкі задумалі некалькі гадоў таму. Першая частка «Ці чуеш» уяўляла зь сябе міні-альбом з 6 трэкаў, які выйшаў пры канцы 2015 году. Гэты альбом пабачыў сьвет у верасьні 2018 году. У яго ўвайшло 9 трэкаў на беларускай і расейскай мовах. «Мы не зважалі на межы і не імкнуліся вынайсьці штосьці надзвычайнае, маючы сваёй мэтаю гучаць у рытмах дыханьня і хады», — кажа пра адметнасьць альбому вакалістка Кацярына Папова (Аліхвер). У прадмове да выданьня музыкі так раскрываюць сэнс сваёй працы: «Галіны магутнага Дрэва Музыкі пераплятаюцца і цягнуцца да Сьвятла ў самых невыказных спалучэньнях. Так і мы з вамі засмучаныя, апантаныя, лагодныя, зачараваныя кіруемся да Сутворчасьці і Цудаў. Толькі ў гармоніі. Толькі разам».

Акрамя Кацярыны (вакал, бэк-вакал, пэркусія, тэксты), у стварэньні альбому ўзялі ўдзел Сяргей Харашкевіч (гітара, музыка), Яўген Кірдзей (бас), Дзяніс Нікольскі (клярнэт), Аляксандар Коршук  (віялянчэль), Міця Шацёр (бубны), Максiм Блахаў, Алена Пархоменка (скрыпка), Цімур Рэйзіс (клявішныя), Тацяна Суравец (бэк-вакал), Глеб Якушаў (дудук). Запісаны альбом на Aproduction Studio. Зьвядзеньне і майстарынг, апрацоўка і гукавыя эфэкты — Віктар Журомскі.

Як «Ілюжан» гучыць ужывую можна паслухаць у выданьні «Belsat Music Live».

TuzinFM