
«Фантастычныя плыўцы». Натхнёныя Бэтговэнам
Гурт «Фантастычныя плыўцы» прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM сваю новую працу «Over Beet», якую складаюць сольныя імправізацыі на тэму творчасьці Людвіга ван Бэтговэна.
Авант-джазавы ансамбль «Фантастычныя плыўцы» (Fantastic Swimmers) набыў новую грань — часова ператварыўся ў суполку піяністаў. У склад увайшлі вядомыя па розных калектывах майстары клявішаў: Дар’я Багаслова («Раса летуценьнікаў»), Максім Іўкін («Балцкі субстрат»), Максім Субач (Subtonans), Мішэль Даіліда («Голос Кинчева») ды Ільля Сіўцоў.
У такім выглядзе запісаны EP «Over Beet». Трэк-ліст складаецца з шэрагу сольных імправізацыяў на тэму творчасьці Людвіга ван Бэтговэна. Запіс адбыўся напрыканцы 2018 году ў музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску. Рэліз папярэднічае выхаду больш маштабнае працы — «Фартэпіяннага канцэрту #1».
Ансамбль «Фантастычныя плыўцы» існуе з 2005 году, мае менскі й варшаўскі склады. Цягам свайго існаваньня «плыўцы» выдалі шэраг студыйных і канцэртных альбомаў, у тым ліку сэрыю Concerto Grosso. Па замове зрабілі некалькі саўндтрэкаў для нямога кіно ды трыб’ют Pink Floyd. Апошні студыйны LP «Лягерныя песьні» выйшаў у 2017 годзе ў Францыі.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ