Марсаў дзень
17076 / 0
14.05.2018

Унівэрсальны саўндтрэк, створаны сярод савецкіх скульптураў

Праект «Сямашка ды Кумпанія» прэзэнтуе ў альбомным чарце на TuzinFM альбом «Марсаў дзень», які быў запісаны ў менскім музэі Азгура і выдадзены на бэльгійскім нэт-лэйбле Tape Safe.

Бэльгійскі нэт-лэйбл Tape Safe апублікаваў новы альбом праекту «Віктар Сямашка ды Кумпанія». Рэліз атрымаў назву «Марсаў дзень» (Mars Day). Асноўны запіс адбыўся ў мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура ў Менску сярод скульптураў савецкіх правадыроў і беларускіх дзеячаў.

«Мінулы год стаў для нас асабліва крэатыўным, — канстатуе Віктар. — Палітра „Кумпаніі“ значна пашырылася, спалучыўшыся зь нямым кіно 1930-х, з народнымі танцамі, з грыгарыянскімі сьпевамі, зь „сядзібнай“ музыкай XIX стагодзьдзя, з кабарэтнай мэлядэклямацыяй, з псыхадэліяй… І кожны з гэтых кірункаў можна разьвіваць далей».

Віктар Сямашка, фота Алісы Ахрамовіч

У выпадку з «Марсавым днём» спантаннае граньне зьяўляецца саўндтрэкам да плястычнае пастаноўкі ў музэі Азгура, ня менш імправізацыйнае. Адначасова музыка суправаджае вершаваныя тэксты пра аўторак, як пра дзень, што ў старажытных рымлянаў прысьвячаўся богу Марсу, а ў розных народаў лічыцца або «чырвоным днём», альбо «днём агню». Інструмэнтальнае суправаджэньне сугучнае й з мастацкім творам, вынесеным на вокладку.

«Мой бацька-мастак недзе з гадоў 25 таму аздобіў памяшканьне ПТВ №228 у Мазыры манумэнтальнай працай. Прычым выкананая яна ў тэхніцы, у якой пісаліся раньнехрысьціянскія абразы, калі фарба зьмешвалася з воскам. У мяне застаўся слайд з фрагмэнтам росьпісу, які й зьмешчаны на вокладцы», — распавядае Сямашка.

У працы над альбомам «Кумпанію» склалі Максім Іўкін (клявішы), Алесь Сямашка (гітара) і плястычнае трыё ў складзе Юліі Бондар, Ірынікі Басалаевай і Дзяніса Краўчонка (танец, сьпеў, званочкі). Таксама мультыфункцыянальны саўндтрэк уключае аўтэнтычны плач, пазычаны з дакумэнтальнага фільму «Пакуль гарыць Сонца» (1969). Спампаваць «Марсаў дзень» можна тут.

TuzinFM