Šort Šort Night, Pt. 1
2603 / 0
30.09.2019

Мультыжанравая фантастыка. zolki band рве шаблоны

Берасьцейскі гурт zolki band прэзэнтуе на TuzinFM новы альбом «Šort Šort Night, Pt. 1», у якім канчаткова выходзіць за межы рэчаіснасьці і стылю.

Лідэр zolki band Рома f.s.t. называе новы рэліз «зборнікам фантастычных апавяданьняў». «Сюжэты некаторых зь іх зьвязаныя паміж сабою. Некаторыя зьнянацку будуць амаль няўлоўна пераплятацца зь сюжэтамі другой часткі, а некаторыя ўяўляюць зь сябе асобныя манумэнтальныя палотны ці тое аўтарскія адступленьні ад асноўнай — тонкай чырвонай — лініі. Улічваючы гэта, можна ўявіць, што альбом атрымаўся нейкім своеасаблівым саўндтрэкам да неіснуючага трагікамічнага мюзыклу з элемэнтамі фарсу. Тут ёсьць тэатральнасьць і перабольшваньне ў вакальных партыях, розныя пэрсанажы, якія размаўляюць рознымі мовамі нават у межах адной песьні».

У музычным пляне zolki band імкнуліся да мультыжанравасьці. На гэта паўплывала ў тым ліку ацэнка cлухачамі іх папярэдняга дыска «Doŭhi-doŭhi dzień». «Некаторыя выказвалі думку, што наш стыль цяжка вызначыць, таму гэтым разам мы вырашылі пайсьці яшчэ далей — і ў некаторых песьнях можна сустрэць кавалкі, ня толькі розныя па стылістыцы ці тэмпе, але і розныя па настроі і этасе. Само сабой, зьмешваць стылі — ня наша прыдумка, але выкажам сьмелую думку, што для беларускай музыкі гэта досыць рэдкая зьява:)», — заўважае Рома.

Цяпер музыкі сканчаюць працу над другой часткаю альбому, які мяркуецца выдаць на пачатку 2020 году.

«Šort Šort Night, Pt. 1» можна набыць і спампаваць праз плятформы CDbaby, Spotify, Яндэкс.Музыка, iTunes, УКантакце, GooglePlay, Amazon.

TuzinFM