Андрусь Такінданг: «З колькасьцю народзіцца якасьць»
12052 / 0
02.07.2014

Андрусь Такінданг: «З колькасьцю народзіцца якасьць»

Гурт Recha з кліпам на песьню «Горад» адзначыў чацьвертую перамогу ў відэачарце на Tuzin.fm.

У восьмым туры галасаваньня «Горад» на пэўны час саступіў першую пазыцыю гурту Navi з кліпам «Абдымі мяне», але ў апошні дзень галасаваньня ўсё ж дагнаў і апярэдзіў (усяго на адзін голас!) калегаў. Гэта перамога стала для Recha чацьвертай запар у нашым відэачарце.

Лідэр каманды Андрусь Такінданг так камэнтуе двубой Recha і Navi: «Арцём і Ксенія нам больш чым канкурэнты — яны сябры. Даводзілася іх чуць проста пад гітару і яны пакінулі вельмі добрыя ўражаньні. І кліп у іх вельмі прыемны!» Андрусь дзякуе прыхільнікам за падтрымку ягонай працы: «Нават ня важна за каго канкрэтна галасуюць людзі. Важна тое, што такім чынам фармуецца беларускі музычны рух».

Лідэр Recha заклікае ўсіх творчых асобаў брацца за здымкі музычнага відэа і раскрывае сакрэт — бюджэт роліка-пераможцы роўны нулю. «Я тут сам выступіў у якасьці мастака і рэжысэра, а кампутарную анімацыю зрабіў добры сябра гурта Дзяніс Мяжуй. Пайшло на гэта нямала працагадзінаў, але не каштавала нам анічога. Ня будзем жа мы самі сабе плаціць! Цяпер бюджэт не галоўнае, бо можна здымаць на тэлефоны і фотаапараты. Усё залежыць ад густу рэжысэра і стваральнікаў. І мне здаецца добра, каб беларускіх кліпаў было як мага болей, бо з колькасьцю будзе нараджацца якасьць». Шматлікія відэапрацы гурта Recha Андрусь зусім ня лічыць дасканалымі, ён іх называе відэапамяткай для тых, хто ведае гурт па канцэртах. Але ён разам з камандай імкнецца да таго, каб відэа Recha ўяўлялі вартасьць і з пункту гледжаньня мастацкага.

Ужо гэтым летам Recha зьбіраецца прадставіць новае відэа — на расейскамоўную песьню (іх у рэпэртуары каманды дзьве) «Собака».

Tuzin.fm