
Топ-12 песень пачатку восені (аўдыё)
На TuzinFM — агляд беларускамоўных прэм’ераў месяца.
Мама — Там лета
Ян Маўзэр нагадаў пра сябе і свой новы праект праз два гады пасьля паўзы. Апошняе, што было чуваць ад аўтараў галоўнага беларускага гіта-2014 — выхад кліпу на песьню «Сеяць вецер» летам 2016-га. Аказваецца, Ян працягвае працу над новай праграмай і абяцае, што як толькі набярэцца матэрыялу на паўнавартасны сэт, распачне канцэртную дзейнасьць. Ягоны новы трэк выйшаў адразу на дзьвюх мовах — па-беларуску і па-ўкраінску.
Paulinn — #яслухаюмузыку
Гэты трэк — першая ластаўка з будучага ЕР праекту Паліны Цімохінай, які быў дагэтуль вядомы пад назваю Pauline. «„#яслухаюмузыку“ — песьня пра моц музыкі, якая здольная лячыць, ратаваць і рабіць сапраўдныя цуды. Але! Здараюцца гэтыя цуды толькі з тымі, хто ўмее бачыць іх, а таксама атрымліваць асалоду ад кожнага дня, як упершыню!» — кажа сьпявачка. Да новай песьні было зробленае таксама лірык-відэа.
Стась Сілка — Ня будзе
Гэтую песьню аўтар і выканаўца з Полацку вызначае для сябе як прынцыпова новую ў сваёй творчасьці. Яна стваралася цэлай камандаю музыкаў і паўстала ў такім выглядзе шмат у чым дзякуючы саўндпрадусару Канстанціну Шалуткевічу. «Я атрымаў вялікі досьвед сумеснага стварэньня музыкі, калі ня я дыктатар у кампазыцыі, а розныя музыканты, з абсалютна рознымі поглядамі ўкідваюць нешта сваё. І мне падаецца, што я дазволіў усе прапанаваныя мне экспэрымэнты», — зазначыў Cтась у камэнтары для TuzinFM. І дадае, што песьня менш змрочная, чым можа падацца на першы погляд.
Мерада — Твой шанец
Кампазыцыя «Твой шанец», якую напісалі Стыў і Ганна Крамэры пры ўдзеле Юрася Ўскова, адкрывае новы альбом «Мерады» пад назваю «З’яднае нас дарога». «Гэтая кампазыцыя лепей за ўсё адлюстроўвае канцэпцыю кружэлкі, якая прасякнутая ветрам, сонечным цяплом, пылам дарог і хуткасьцю аўтастрады, калі хочацца пакінуць штодзённасьць і адправіцца ў захапляльнае падарожжа… працягласьцю ў жыцьцё!» — прэзэнтуюць свой новы твор слухачам TuzinFM выканаўцы.
Зьміцер Дзядзенка — Гетман
Адмыслова да Дня беларускай вайсковай славы нязьменны ўдзельнік фэсту «Аршанская бітва» ад моманту яго заснаваньня ў 1991 годзе Зьміцер Дзядзенка прэзэнтуе на TuzinFM сваю песьню «Гетман». «Жанр песьні я вызначыў як „беларуская антынародная псэўдагістарычная баляда“. Беларусы любяць іронію, але чамусьці саромеюцца яе ў творчасьці. Напэўна лічыцца, што творчасьць — гэта абавязкова пра штосьці ўзвышанае. Мяне ж нізкія жанры ані разу не бянтэжаць», — заўважыў Зьміцер.
Міла Ражкова — Разьвітаньне з Радзімай
Сьледам за «Беларускім альбомам» расейская сьпявачка выдала «Беларускі сынгл», які адкрывае трэк «Разьвітаньне з Радзімай» на музыку Міхала Клеафаса Агінскага і словы Сержука Сокалава-Воюша. Міла мела ўжо ў рэпэртуары польскамоўны палянэз, а на выкананьне гэтага сьпеву яе натхнілі сябры зь Беларусі. «Тэкст Сержука зусім адрозны ад польскага, больш мужны і пранізьлівы. І мне хацелася яго засьпяваць, знайсьці новыя фарбы для вобразу», — зазначыла яна ў камэнтары для TuzinFM.
Atesta — Жоўты крышталь
Atesta — праект Ульяны Паўловіч, дачкі бас-гітарыста Аляксея Паўловіча, які граў у гуртах «Уліс», «Новае Неба», Naka. Ульяна вучыцца цяпер у восьмай клясе, любіць рок-музыку і марыць пра выступы на вялікай сцэне, таму і вырашыла заснаваць уласны гурт. У запісе першага сынглу «Жоўты крышталь» паўдзельнічалі дасьведчаныя музыкі. Акрамя бацькі, які, вядома ж, сыграў на басу, гэта ўдзельнікі гурта «Торнадо» гітарыст Сяргей Надзежкін, піяніст Іван Сьцепанцоў ды бубнач Раман Лаўрыненка. У падтрымку рэлізу зьнятае таксама лайв-відэа.
Tor band — Памятай
Беларускамоўны трэк з дэбютнага альбому «Революция внутри меня» рагачоўскай каманды, якая паўстала на аскепках гурта Sex. «Мы заўжды ў сваёй творчасьці зьвярталі ўвагу на нашую прыгожую мову, з дапамогай якой можна апісаць шырокі спэктар эмоцыяў. У песьні „Памятай“ мы заклікаем кожнага падумаць, хто ён ёсьць насамрэч, згадаць пра карані ды ўспомніць сваю мову. І гэта не адзіная песьня па-беларуску на нашым альбоме», — сказаў з нагоды прэм’еры на TuzinFM лідэр каманды Дзьмітры Галавач.
Тарас на Парнасе — Гультай
Новая песьня ад аршанскага фольк-рок гурту. Каманда мае двухгадовую гісторыю і складаецца з дасьведчаных музыкаў зь мясцовых рок-камандаў «Титул», Whitestream, «Скифы», Blackrid. Аб’ядналіся музыкі разам з агульнай ідэяй даносіць любоў да беларускай мовы і культуры. Музыкі занялі cёлета першае месца на фэсьце «Дняпроўскія галасы — 2018», трапілі ў шчыльную ратацыю на мясцовым радыё, засьвяціліся ў фільме на СТВ да 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ды выступілі на LidBeer.
Спрат — Тыдзень
Берасьцейскі рок-гурт прэзэнтаваў новы самотнік, у якім разважае над сэнсам існаваньня: «Год у нашых успамінах пралятае як тыдзень. Калі паглядзець у будучыню, то зь цягам часу ад нас застанецца толькі маса і энэргія. Прыняць такі сцэнар страшна і складана. Але асэнсаванае разуменьне сытуацыі дазваляе атрымаць асалоду ад кожнага імгненьня тут і цяпер», — кажуць музыкі ў прадмове да рэлізу. Да песьні зробленае таксама лірык-відэа.
Кашлаты Вох feat. Бульбингем & Alex Burn — Чырвонае вока
Сынгл, які лідэр «Кашлатаха Воха» Вячка Красулін называе смачным піражком, ад якога цякуць сьлінкі. Песьня была запісаная пры ўдзеле новага басіста каманды Віталя Пермякова разам зь сябрамі-паплечнікамі з гурта «Бульбингем» ды баяністам Аляксеем Касьпяровічам (Alex Burn). У песьні вядзецца пра тое, што кожны можа прыдумаць уласны сусьвет і стварыць сабе вечнае лета. «Чырвоным вокам» Вячка лічыць сучаснае баство, якое існуе ў розумах наведнікаў шумных начных тусовак.
kolko — Грай
Гурт kolko, які заявіў пра сябе дэбютным сынглам і кліпам на песьню «Самазьнішчэньне», на пачатку восені прэзэнтаваў дэбютны альбом «Ной», у які ўвайшлі беларуска- і расейскамоўныя песьні каманды. Адзін з цэнтральных нумароў — песьня «Грай». Лідэр каманды Фёдар Габрыйчук кажа, што гэта песьня пра тое, як складана разгледзіць у шэрым-шэрым горадзе сярод шэрых-шэрых людзей сапраўды яскравую асобу. Цалкам альбом можна паслухаць у афіцыйнай суполцы гурта.
Паслухаць прэм’еры песень беларускіх выканаўцаў можна ў аўтарскай праграме кіраўніка TuzinFM Сяргея Будкіна «Музыка тыдня» на «Беларускім Радыё Рацыя» (98,1 FM у Беластоку і Горадні, 99,2 FM у Берасьці, он-лайн — www.racyja.com) штотыдня ў аўторак у 20:05 з паўторам у нядзелю ў 11:05 (па беларускім часе).
Увага музыкам! Калі пра вашую прэм’еру не згадалі ў нашых аглядах, магчыма вы забыліся паведаміць пра яе існаваньне нам на мэйл 12tuzin@gmail.com. Дасылайце свае трэкі, інфармацыю пра трэк/кліп/рэліз ды фота. Перавагу аддаем песьням на беларускай мове. Пра новыя цікавыя беларускія трэкі таксама можна паведамляць у камэнтарах да гэтага матэрыялу.
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ