!OUT: іншы джаз Фрыда Самотнага
3615 / 1
10.07.2014

!OUT: іншы джаз Фрыда Самотнага

Самы радыкальны з айчынных саксафаністаў і адзін зь нямногіх нашых джазмэнаў, хто вольна размаўляе па-беларуску ды піша вершы, Фрыд Самотны распавёў Tuzin.fm што ён укладае ў паняцьце «фры-імпрув», чаму зьбег з Магілёву і як навучаўся граць ціха.

Фрыд Самотны (ён жа Ўс Садам, ён жа Міхаіл Марозаў) — самы радыкальны з айчынных саксафаністаў. Фрыд — адзін зь нямногіх нашых джазмэнаў, хто вольна размаўляе па-беларуску ды піша вершы. Колісь ён трапіў па абвестцы ў першы й апошні ў Беларусі джаз-кор-бэнд Kusudama. А перад тым (таксама па абвестцы) набыў тэнар-саксафон. Прычым асвойваў інструмэнт цалкам самастойна. Цяпер Фрыд грае ў менска-піцерскім трыё Dead Frank і мае свой уласны праект Masque Noir. Пра свае новыя праекты музыка распавёў у інтэрвію Tuzin.fm.

ФРЫД І KUSUDAMA

ТГ: Kusudama сталася першым гуртом, у які ты патрапіў?

Фрыд: Так, гэта было пяць гадоў таму. Я патэлефанаваў, і мяне ўзялі адразу. То бок, я прыйшоў на рэпэтыцыю, нешта там сыграў, канечне. Ня ведаю нават, як я тады змог сыграць. Бо інструмэнт быў яшчэ не наладжаны. Ужо потым я аднёс свой сакс да добрага майстра.

ТГ: А чаму абраў менавіта тэнар-саксафон?

Фрыд: Папросту, ён першы патрапіўся па абвестцы. І мне больш даспадобы нізкія гукі. Увогуле я маю цягу да барытон-саксафона, але ён пакуль да мяне не плыве.

ТГ: А куды адплыла Kusudama? Здаецца, нарабілі шуму на фэстах, выдалі рэзанансны міньён, на падыходзе ўжо быў і поўнафарматны альбом.

Фрыд: Вось, калі запісалі тры гады таму альбом, усё й спынілася. Рэпэтыцыі сталі праходзіць нецікава, перасталі зьяўляцца новыя рэчы. Спрабавалі вырашыць праблему адміністрацыйна, каб кожны прыносіў па кавалку музыкі, але неяк не атрымалася.

ТГ: Дарэчы, твой былы калега па Kusudama кажа, што альбом яшчэ можа выйсьці. Праблема толькі ў вокладцы.

Фрыд: Там яшчэ ў гуку варта было б нешта выправіць. Мне не пашчасьціла прысутнічаць пра зьвядзеньні ды рэдагаваньні.

ФРЫД І DEAD FRANK

ТГ: Ты даволі часта зьмяняў месца жыхарства: Магілеў, Наваполацак, Менск, Санкт-Пецярбург

Фрыд: Мне больш цікава жыць у вялікіх гарадох. Я гэта заўсёды ведаў. Мяне ціснуў Магілеў, таму што там увогуле няма куды вырвацца, нейкае замкнёнае кола. Мне няма, чым дыхаць, у маленькім горадзе. Калі ў 2011 годзе здарыўся крызіс, я спачатку хацеў зь Менску ў Маскву зьехаць. Масква — гэта жывы мурашнік. А Піцер — запаволены, застойны, ды яшчэ патас гэтых будыкаў, і публіка сама патасная. Ну, набудавалі вы будынкаў, а што далей? Музычныя падзеі, якія там абдываюцца, маюць толькі мясцовае значэньне. Але менавіта ў Піцеры знайшлася праца. Паводле адукацыі я — інжынэр.

ТГ: І пост-джазкоравае трыё з тваім удзелам таксама зьявілася там. Гаворка пра Dead Frank.

Фрыд: Гэта была любоў зь першае рэпэтыцыі. Адразу адбыўся музычны кантакт. Склад атрымаўся такі: Даніла — гітарыст, які перакваліфікаваўся на бас, Марыя на бубнах і я. У нас ёсьць адрэпэтаваная структураваная праграма, якую мы граем на канцэртах. А яшчэ мы запісваем імпрув-сэсіі, калі адчуваем, што прыйшло нешта, назапасілася.

ТГ: Характэрны крык на запісах таксама твой?

Фрыд: Так, бо басісту гэта было складана рабіць адначасова. Адзін з нашых запісаў «Latecomer City» («Горад, які спазьніўся») выйшаў летась на бэльгійскім нэт-лэйбле Tape-Safe. Яшчэ адзін запіс «The Trip» хочам выпусьціць на дысках ці касэтах. Але нешта ня можам знайсьці лэйбл. Мабыць, пройдзе крыху часу, і мы зробім усё самі. То бок, DIY. Як гэта было ад пачатку, ад Kusudama, так і працягваецца. Усё трэба рабіць самому: арганізоўваць сабе выступы, запісвацца, гукаінжынэрыць, выдумляць вокладкі…

ТГ: Значыць, нягледзячы на тое, што ты цяпер атабарыўся ў Менску «Мёртвы Фрэнк» жыве.

Фрыд: Я ежджу ў Піцер на канцэрты ды гукасэсіі. Пакінуў там свой другі саксафон. У канцы ліпеня прывязу ў Піцер Masque Noir. Пайграем і асобна, і разам з Dead Frank.

ФРЫД І MASQUE NOIR

ТГ: Masque Nuarтвой першы ўласны гурт? Ты сам сабраў гэты калектыў?

Фрыд: Гурт выйшаў з музычна-маўленчых хэпэнінгаў, што я ладзіў. Гэта чыста фры-імпрув. Няма ніякіх нарыхтовак. У імправізыцыі вельмі важна, каб было шчапленьне паміж музыкамі. То бок, усе павінны адчуваць і вельмі быць уважлівымі адзін да аднаго. Я, напрыклад, намагаюся ўсіх слухаць. І калі я чую толькі нараджэньне чагосьці, падчапляю гэта, далей разам робім разьвіцьцё — вось самае галоўнае задавальненьне ў такой музыцы. Трэба схапіць маленькае зернятка ды зь яго ком накаціць.

ТГ: Ты згодны, што з імправізацыйнай музыкай немагчыма выступаць штодня?

Фрыд: Зь беларускімі рэаліямі наконт гэтага можна ўвогуле не клапаціцца. Канцэрты Masque Noir здараюцца ня часта. І цікаўнасьць публікі невялікая. Піяр-хадоў ніякіх ня робім. Мабыць і варта было б больш актыўна гэтым займацца. Усё самацёкам плыве. Хаця ў арт-цэнтры «Тахелес» у Бэрліне мы пасьпелі пайграць.

ТГ: А як з саксафонам, асваеньне працягваецца?

Фрыд: Працаваць трэба шмат. Увесь час трэба падтрымліваць форму як мінімум. Хаця б празь дзень граць па гадзіне. Авалоданьне інструмэнтам — гэта прыступкі. У Піцеры я ніяк ня мог на наступную прыступку скокнуць, як ні біўся. Праседжваў на кропцы па 3—4 гадзіны штодня. Але па вяртаньні ў Менск, я стаў граць дома, на кухні, каб нікому не замінаць. І тут я навучыўся граць ціха. Цяпер я атрымаў больш свабоды, падняўся на тую прыступку, і пакуль мне на ёй вельмі добра. Пакуль ня ўпруся ў наступную, і не пачну буксаваць зноўку.

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з афіцыйнай суполкі гурта Dead Frank

КАМЕНТАРЫ:

  • Fryd / адказаць
    11.07.2014 / 17:59

    збіраю сладж/дэз/мат-джазкор банду. Патрэбны ўсе.
    Так сама шукаю фры-імпрувераў з любымі інструментамі, альбо без, для вялікага праекту ў Менску. Прыярытэтным з'яўляецца не столькі выканальніцкі ўзровень, сколькі ўменне адчуваць момант, надаваць развіццё.
    Шукайце мяне ў сац. сетках праз названыя гурты. Скаланем гэтую стабільнасць разам!
    Ваш Fryd

  • КАМЕНТАВАЦЬ