The Superbullz: «Гэта мы запісалі найлепшую песьню году ў Беларусі» (відэа)
5838 / 1
23.06.2017

The Superbullz: «Гэта мы запісалі найлепшую песьню году ў Беларусі» (відэа)

Кліп рэжысэра Руслана Старыкоўскага на песьню «Маці» гурту The Superbullz стаў пераможцам 8-га відэачарту.

286 галасоў набрала відэа каманды Алеся-Францішка Мышкевіча. Такім чынам The Superbullz сьвяткуюць сваю першую перамогу ў відэачарце на TuzinFM. Гэтая навіна засьпела Алеся ў Кіеве. Ён раздае інтэрвію ў падтрымку свайго новага альбому «Hardcore zachodniaha Palieśsia», які нядаўна пабачыў сьвет, а таксама ўдзельнічае ў якасьці сябра журы ў музычным конкурсе Rock Battle Docker. «Неяк мы не разьлічвалі што пераможам, таму і не сачылі за рухам у гіт-парадзе, то бок і самі не галасавалі. Але навіна вельмі парадавала, заўсёды прыемна перамагаць! Мяркуем што выйграў сапраўды годны ўвагі кліп і песьня. Мы перакананыя бязь лішняй сьціпласьці, што запісалі найлепшую песьню ў Беларусі ў 2016-м», — заявіў Алесь з нагоды перамогі на TuzinFM.

The Superbullz лішні раз рэспэктуе Руслану Старыкоўскаму, які зьняў такі годны кліп, ды ўсёй камандзе, якая дапамагла ў гэтым. На думку Мышкевіча, менавіта гэты кліп вызначыў стыль і кірунак, у якім гурт цяпер працуе. Алесь акром свайго кліпу, захоплены таксама працаю Мацея Сабурава, які зрабіў кліп «Цёплае мінулае» Лявона Вольскага ды Ганны Бурачковай, якая зьняла відэаўвасабленьне песьні «Середні віки» для гурту Brutto. Што да замежнага кліпмэйкерства, то лідэр The Superbullz найперш тут вылучае ідэю гурту Metallica зрабіць кліпы на ўсе песьні з новага альбому.

30 ліпеня The Superbullz сыграе на фэсьце «ФортПост» пад Адэсаю, 14 ліпеня — на «Басовішчы», а 15 ліпеня на «Вольным паветры». Сачыць за навінамі гурту можна праз афіцыйную суполку.

Cлухаць альбом «Hardcore zachodniaha Palieśsia»

 TuzinFM

КАМЕНТАРЫ: