Пераможцы засьпявалі! (відэа зь фінальнага канцэрту «Засьпявай.BY»)
4181 / 1
29.07.2014

Пераможцы засьпявалі! (відэа зь фінальнага канцэрту «Засьпявай.BY»)

Цёплым летнім вечарам у адным невялічкім, але даволі атмасфэрным месцы ў цэнтры Менску, адбыўся канцэрт з удзелам пераможцаў конкурсу «Засьпявай.BY», які праводзіў Tuzin.fm і дабрачынны фонд «Вяртаньне».

У выніковым канцэрце ўзялі ўдзел тры выканаўцы, якіх абрала журы з 34 удзельнікаў конкурсу: 18-гадовая Лізавета Леўчык, 24-гадовы Юрась Касьцень, ён жа SP Kava, 22-гадовы Віталь Варанко. Распачала канцэрт сьпявачка, аўтар і кампазытар уласных песень Ліза Леўчык. Музыку Ліза стварае сама, а тэксты, акрамя песьні-пераможцы, піша разам з сваім бацькам. Гэтая дзяўчына адразу ўразіла публіку сваімі лырычнымі сьпевамі, кранальным выкананьнем. У некалькіх песьнях на сцэне ей дапамагалі музыкі з гурта Tonqixod. Яны былі гасьцямі канцэрту, далей працягнулі музычны вечар і ўразілі публіку сваімі незвычайнымі музычнымі экспэрымэнтамі.

Iндзі-рэпэр SP Kavа  пры дапамозе дудара з гурта «Кашлаты Вох» Вячкі Красуліна, прадставіў свае песьні. Прагучала і «Эндшпіль» на верш Андрэя Адамовіча, напісаная адмыслова для конкурсу. Адбылася прэм’ера — разам з паплечнікам Angst ён выканаў песьню «Думалі», якая ўвойдзе ў праект «Re:Песьняры». Прысутны на канцэрце паэт Андрэй Хадановіч зазначыў, што гэта быў найлепшы музычны нумар вечару.

Абаяльны Віталь Варанко граў разам з калегамі па Акадэміі музыкі, гуртом «Эйс Вэнтура». Віталь — асоба харызматычная, трымаецца на сцэне ён упэўнена. Музыка запальваў сваімі сьпевамі пад баян, імправізацыямі, кавэрамі на вядомыя творы ды ўласнымі песьнямі. Віталь зазначыў, што надалей плянуе ствараць творы і надалей на беларускай мове.

Ляўрэаты конкурсу атрымалі каштоўныя прызы — камплект прафэсійнага студыйнага абсталяваньня Focusrite Scarlett Studio. Віталь Варанко ў якасьці прызу атрымаў права на запіс песьні з Уладам Яруном («Океан Ельзи», «Ляпіс Трубяцкі», «Тік»), якім ужо скарыстаўся.

Нягледзячы на сьпякоту, канцэрт атрымаўся вельмі прыемны, з музыкай на самы розны густ. Упрыгожыў яго, акрамя музыкаў-удзельнікаў канцэрту, старшыня журы конкурсу, лідэр гурта «Палац» Алег Хаменка, за што яму асабістая падзяка!

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm, відэа Яўген Шапчыц

КАМЕНТАРЫ:

  • 12tuzin@gmail.com / адказаць
    01.08.2014 / 15:06

    Пасьля перамогі ў конкурсе, Віталь Варанко зьняўся ў фотасэсіі для брэнда LSTR у вышыванцы.
    http://lstr.by/vysyvanka-1.html

  • КАМЕНТАВАЦЬ