
Rock Profi: музыкі назвалі найлепшых сярод сябе
У клюбе «Таранціна» прайшла другая прэмія Rock Profi. Адзін з фаварытаў граў песьні пераможцаў, Лесьлі Найф прызнаваўся ў любові да Паліны Рэспублікі, а Ільлю Маліноўскага змусілі весьці прэмію па-расейску.
У гэтым якраз унікальнасьць і разынка прэміі — у журы толькі музыкі. Прычым не абы-якія. У журы трапілі артысты, якія запісалі за апошнія тры гады хоць адзін альбом, што быў ацэнены не ніжэй за пяць балаў зь дзесяці на сайце Experty.by. Такіх набралася пад сотню, а пагадзіліся абіраць найлепшых з калегаў 46 гуртоў і выканаўцаў.
Аркестар «12 датчан» — яшчэ адна адметнасьць цырымоніі. Яны «грэлі» публіку перад пачаткам і суправаджалі ўсю вечарыну. Музыкі развучылі ўсе песні пераможцаў і гралі іх падчас абвяшчэньня. Асабліва гэтаму ўразіліся хлопцы з гурта The Toobes, песьню якіх «Say Hello to My Baby» назвалі найлепшай у 2013 годзе. Яны паціснулі руку кожнаму з «датчанаў». Сярод удзельнікаў аркестру, дарэчы, быў і адзін з фаварытаў сёлетняй прэміі — Павал Кузюковіч, лідэр Pafnutiy’s Dreams, што намінаваўся ў трох катэгорыях. Праўда, ні ў адной не перамог.
На фота: гурт Akute ўручае ўзнагароду гурту The Toobes
Надзіва, вядоўца цырымоніі Ільля Маліноўскі абраў расейскую мову, што беларускай альтэрнатыўнай прэміі зусім не пасавала.
У пачатку публіцы для інтрыгі паказалі сэрыял «Рок-прафілізацыя». Тонкі гумар арганізатараў зразумелі ня ўсе. «Калі вы ўцямілі, што да чаго, значыць, вы прафэсіяналы», — зазначыў Ільля Маліноўскі і паклікаў на сцэну музыкаў з Clover Club — па задумцы пераможцаў гэтай прэміі называлі тыя, хто быў адзначаны на леташнім Rock Profi.
У дэбют запісалі гурт BosaeSonca, які на сцэне ўжо восем гадоў, праўда, дэбютнік выдаў якраз летась, а таксама My Ocean, Pafnutiy’s Dreams і аркестар «Смена». Найлепшым аказаўся гурт BosaeSonca. Лідэр каманды Алесь Кот-Зайцаў у відэазвароце з Масквы адзначыў, што яму асабліва прыемна атрымаць прызнаньне ад калегаў. Калі ў яго і былі думкі згарнуць дзейнасьць гэтай каманды, то цяпер яны зьніклі як дым — BosaeSonca рэальна ўвайшоў у першы эшалён беларускага року. Гэты ж гурт, а дакладней гукарэжысэр Павал Сініла з студыі Everest, атрымаў узнагароду за «Запіс году» (альбом «Адпусьці»). Яшчэ адна разыначка Rock Profi, дзе ўрэшце зьвярнулі ўвагу на тых, ад каго вельмі шмат залежыць. Сярод гукарэжысэраў таксама намінаваліся Віталь Кулеўскі, Алег Даманчук, Зьміцер Каршаневіч.
У намінацыі «Альбом году» — бадай што самая вялікая інтрыга кожнай прэміі. Пераможцу абвяшчала Сьвета Бень зь «Серебряной свадьбы», якая па-заліхвацку танчыла пад аркестар. Намінантаў тут было чацьвёра: BosaeSonca («Адпусьці»), Pafnutiy’s Dreams («The Sandman»), «Петля пристрастия» («Фобос») і Pukstband («Последний альбом»). Найлепшым прызналі «Фобос», захвалены да гэтага расейскімі крытыкамі. Лідэр каманды Ільля Чарапко-Самахвалаў даваў у гэты час канцэрт у клюбе «Графіці» са сваім другім гуртом «Кассиопея», таму запісаў відэазварот, дзе парадаваўся за тое, што ёсьць людзі, якія могуць належным чынам ацаніць зробленае ім з паплечнікамі.
На фота: гурт «Серебряная свадьба» ўручае ўзнагароду гурту «Петля пристрастия»
У намінацыі «Артыст году» адбіраліся ня толькі яскравыя гурты, што запісалі летась дастойны поўнафарматны альбом. Было таксама патрабаваньне, каб яны цягам году далі хоць адзін сольны канцэрт з наведваньнем больш за 500 чалавек. «Ляпісу Трубяцкому» тут роўных не было (намінаваліся таксама Akute, «Серебряная свадьба», The Toobes). Абвяшчаў пераможцу Лесьлі Найф, які па ходзе справы прызнаўся ў любові да творчасьці Паліны Рэспублікі (менавіта яе кампазыцыю «Лета» лідэр Gods Tower назваў найлепшай песьняй году).
На фота: гурт «Крама» атрымлівае ўзнагароду
Ганаровую ўзнагароду «За ўнёсак» атрымаў гурт «Крама» з нагоды 20-годзьдзя альбому «Хворы на рок-н-рол». Выступ «Крамы» тых часоў паказвалі на экране, а потым Ігар Варашкевіч, які практычна не зьмяніўся за гэты час, матэрыялізаваўся на сцэне ды згадаў, што некаторыя дзівяцца таму, што «Крама» яшчэ жыве. Пацьверджаньнем жывасьці і жвавасьці самай заслужанай беларускай рок-каманды быў гадзінны сэт, у якім прагучалі як вечныя гіты, так і песьні, што ўвойдуць у новы альбом. Таму на наступнай прэміі Rock Profi «Крама» мае ўсе шанцы трапіць і ў іншыя намінацыі.
Сяргей Будкін, Tuzin.fm/Budzma.org, фота Аляксандар Ждановіч, tarantino.by
Заснавальнік прэміі Павал Юрцэвіч папрасіў удакладніць, што рашэньне пра мову, на якой вялася цырымонія, было прынята калегіяльна ім і Безкаравайным, і ніхто вядучага цырымоніі Ільлю Маліноўскага не змушаў да вядзеньня па-расейску.
КАМЕНТАВАЦЬ