«М1» — найлепшы альбом сэзону (інтэрнэт-рэліз!)
4387 / 0
11.08.2014

«М1» — найлепшы альбом сэзону (інтэрнэт-рэліз!)

«Аляксандра і Канстанцін» запісалі альбом №1 у гэтым сэзоне па вэрсіі наведнікаў Tuzin.fm. З гэтай нагоды музыкі вырашылі зладзіць інтэрнэт-рэліз свайго дыску-пераможцы «М1».

«Аляксандра і Канстанцін» — частыя госьці на партале Tuzin.fm яшчэ зь першых часоў яго існаваньня. Некалі «Тузін Гітоў» нават зладзіў цэлую кампанію ў падтрымку дуэта напярэдадні адбору на першую для Беларусі «Эўравізію», на якую гэтыя музыкі якраз і паехалі. «АіК» усе свае новыя песьні прадстаўлялі на «Тузіне», а з пачаткам працы альбомнага чарту ў галасаваньне трапіў і іх рэліз «М1», які напалову складаецца зь беларускамоўных песень. Другая частка — інструмэнтальныя творы, ангельскамоўны і расейскамоўны матэрыял.

«Я дык наогул ня ведала да сёмага туру, што наш альбом знаходзіцца ў CD-чарце, — прызнаецца сьпявачка Аляксандра Кірсанава. — А як пабачыла, то падзівілася, што такі працяглы час дыск падтрымлівалі наведнікі сайту». Канстанцін Драпеза дадае пры гэтым, што адмыслова падтрымаць сваю працу яны публічна не прасілі, аднак тых, хто ўпадабаў іх дыск «М1» аказалася дастаткова, каб перамагчы ў выніковым чарце сэзону 2013/2014. Артысты дзякуюць усім, хто спрычыніўся да галасаваньня і спадзяюцца, што будзе яшчэ нямала людзей, якія далучацца да іх творчасьці.

Самі музыкі кажуць, што найлепшымі беларускімі альбомамі апошніх гадоў лічаць працы гуртоў «Крама» і «Палац», а з маладых захапляюцца камандай Irdorath. Што да замежных, то Аляксандра і Канстанцін тут таксама маюць аднолькавыя густы, ім падабаецца выканаўцы кантры музыкі Брэд Пэйсьлі і Кэйт Урбан.

Што да новага альбому, то музыкі маюць чарнавікі і накіды новага матэрыялу. Яны па-ранейшаму асноўную ўвагу скіроўваюць на апрацоўку даўніх беларускіх сьпеваў і шукаюць такія творы, якія раней ніхто не пераасэнсоўваў на новы лад. Праца ідзе павольна, таму пра будучы новы альбом «АіК» кажуць асьцярожна: «Пакуль мы знаходзімся ў актыўным пошуку матэрыялу. Для нас важна, каб песьня ў працэсе апрацоўкі набыла менавіта песенную форму, а не была проста настраёвай замалёўкай з трыма вакальнымі і тэкставымі радкамі». У той жа час ужо запісаныя песьні дуэта працуюць на іх карысьць практычна няспынна: «Коцікі вярбовыя», напрыклад, выконвалася ў вялікім міжнародным канцэрце ў Мальце, месяц таму песьня «Ступени в небеса» атрымала прыз на міжнародным фэсьце ў Баўгарыі. Пастаянна да «АіК» зьвяртаюцца і маладыя выканаўцы, каб узяць да выкананьня на міжнародных конкурсах такія песьні дуэту, як «Сьвяты вечор», «Пчолка», «Юр’я» ды іншыя.

З нагоды перамогі ў альбомным чарце, дуэт «Аляксандра і Канстанцін» вырашыў зрабіць інтэрнэт-прэзэнтацыю свайго альбому «М1» на Tuzin.fm. Зьвяртаем увагу пры гэтым, што найлепшым спосабам падтрымаць музыкаў і тую справу, якую яны робяць — набыць іх дыск, які прадаецца ў кнігарні «Логвінаў», а таксама ў гіпэрмаркетах «Гіпа», Bigzz, ProStore ды празь іншыя сеткі распаўсюду кампаніі «Вігма».

Tuzin.fm