Belsat Music Live № 13. Сэанс музычнага гіпнозу ад «Петли пристрастия» (+новы анонс)
Госьцем аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна стаў улюбёны гурт музычных крытыкаў, уладальнік узнагароды ад Experty.by за найлепшы альбом году — «Петля пристрастия».
Дужа бракуе такой сумленнай музыкі, зробленай у фармаце цалкам свабоднага творчага палёту, бяз звыклых штампаў і дакучлівага патасу. Прычым дэфіцыт на яе ня толькі ў Беларусі, але і ў суседняй Расеі, дзе «Петля пристрастия» здабыла культавы статус. Нездарма папярэдняя праца беларускіх музыкаў «Фобос» узначаліла рэйтынг найлепшых постсавецкіх альбомаў году паводле вэрсіі расейскай «Афішы». Кожны іх новы рэліз прымаюць выдатна — прынамсі музычныя крытыкі зь Беларусі ды суседніх краінаў, і тая частка публікі, якую ўжо загіпнатызаваў сваімі сьпевамі Ільля Чарапко-Самахвалаў з паплечнікамі. І той, хто падпадзе аднойчы пад гіпноз «Пятлі», ужо наўрад ці зможа абыходзіцца без гэтай музыкі. Сыгранай без асаблівых прыхарошваньняў, але дакладна і чыста, з экзыстэнцыйнымі тэкстамі, якія хочацца слухаць шматкроць і шукаць у іх дадатковыя сэнсы.
У размове зь Мірай Шульц фронтмэн адразу дзьвюх вядомых камандаў і актор Ільля распавядзе, як расстаўляе прыярытэты ў жыцьці і як рэагуе, калі ягоную творчасьць называюць здабыткам расейскай культуры. Музыкі таксама апавядуць, чым займаюцца па-за гуртом.
У праграме прагучаць песьні:
«Груз»
«Дышать и смотреть»
«Автоматизм»
(музыка і тэксты Ільлі Чарапко-Самахвалава)
14-е выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 8 красавіка. Гасьцямі праграмы старэйшыны беларускае панк-рок сцэны Neuro Dubel. Праграма выйдзе ў 20:30 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».
TuzinFM
КАМЕНТАВАЦЬ