
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 1
Галоўрэд Tuzin.fm і прадусар праекту «Re:Песняры» Сяргей Будкін напярэдадні прэм’еры распавядае пра пэрыпэтыі, зьвязаныя з рэалізацыяй гэтай задумы.
Праект «Re:Песьняры» мысьліўся намі, як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт.
Прыгода, бо мы выправіліся ў сьвет нязьведанага. У сьвет, дзе пануюць іншыя густы і погляды на жыцьцё, дзе добра памятаюць старыя крыўды, дзе ініцыятыва можа і не вітацца, а ўспрымацца ў штыкі. У сьвет, дзе асоба ўласна Мулявіна чамусьці ня лучыць, а разьядноўвае людзей, у тым ліку на розныя склады аднаго і таго ж ансамблю. У сьвет, дзе размаўляюць не на тваёй мове і не заўжды разумеюць (ці ня хочуць зразумець), што ты хочаш сказаць… Першапачаткова была пастаўлена задача зрабіць працу над праектам максымальна празрыстай і давесьці да ведама ўсіх зацікаўленых асобаў нашы мэты і задачы па актуалізацыі творчасьці «Песьняроў» у сучасным музычным кантэксьце. Дзейнічаць выключна з павагаю да творчай спадчыны і аўтарскіх правоў — самай балючай тэмы, калі вядзецца пра спадчыну «Песьняроў». У сувязі з гэтым давялося пагутарыць з мноствам людзей, якія часткова абверглі першапачатковыя домыслы пра гэты паралельны сусьвет. А часткова пацьвердзілі.
Удзельнікі праекту «Re:Песняры» — вядучыя незалежныя выканаўцы краіны і сапраўдныя асобы — разабралі творы «Песьняроў» і пайшлі на студыю, каб іх увасобіць у жыцьцё. Такім чынам мы выправіліся ў край невядомага. Некаторыя кажуць, а чаму гэта вы перад выпраўленьнем-запісам не зьвярнуліся па дазвол асноўных праваўладальнікаў песень. Не, не таму што «гусьлям, княжа, ня пішуць законаў». Проста мы разумелі, што каб мы не сказалі «А», каб потым сказаць «Б», то нам бы проста ня далі сказаць нават «А». А так, з дэма-вынікам на руках, быў разьлік на згоду на «А», «Б» і далей па альфабэце ці прынамсі на канструктыўную размову і пошук кампрамісаў. Пагатоў, ад пачатку заручыліся падтрымкай беларускага дзяржаўнага ансамблю «Песьняры», які лічыцца пераемнікам калектыву пад кіраўніцтвам Мулявіна, а таксама юрыста Андрэя Лучанка, сына кампазытара Ігара Лучанка, які працуе ў Цэнтры абароны інтэлектуальнай уласнасьці — установы, якая афіцыйна кіруе правамі ў тым ліку на песьні, што выконвалі «Песьняры».
Першая перашкода, якая нас чакала на гэтым пакручастым шляху — кампазытар Алег Моўчан, які паважаць сябе змусіў ня толькі цудоўнымі творамі, якія ўжо сталіся клясыкай, але і разборкамі ў галіне аўтарскага права перадусім у справе пэўна галоўнага твора свайго жыцьця — «Малітвы» на верш Янкі Купалы. Чаго вартая асабістая забарона сьпяваць гэтую песьню Пятру Ялфімаву ды разьбіральніцтва ў судзе з ОНТ з нагоды нелегітымнага яе выкарыстаньня. Тым цікавей было паразмаўляць з спадаром Алегам ды абмеркаваць вэрсію, якую для праекту зрабіла Наста Шпакоўская разам з гуртом Naka. Ці спадабалася? «Вам — нельга», — сьцісла адказаў кампазытар прыватным паведамленьнем і даў спасылку на рэцэнзію 5-гадовай даўніны на сайце Experty.by на альбом сваёй жонкі Ірыны Відавай. Рэцэнзія была бязьлітасная, факт, бо на гэта натхніў сам матэрыял. Хоць, сапраўды, з творчымі асобамі такім тонам размаўляць ня варта, што і было прызнана ў наступнай размове.
«Алег, хачу быць абсалютна шчырым ва ўсім, што раблю. І гэты праект раблю выключна на шчырасьці і сумленьні. Так і не пасьпеў сустрэцца і пазнаёміцца з Мулявіным, пра што шкадую. Праект „Re:Песьняры“ — гэта даніна памяці і павагі найперш яму — чалавеку, які паўплываў у тым ліку на маё пакаленьне. І песьні гэтыя будуць выконваць людзі, якія шмат у чым дзякуючы „Песьнярам“ трапілі ў беларускую прастору. Ёсьць спадзяваньне, што іх будуць выконваць і надалей — іншыя пакаленьні творцаў. „Малітва“ — песьня, безь якой па сумленьні не абысьціся. Яе выканае Наста Шпакоўская, акторка Нацыяльнага драматычнага тэатру і вакалістка гурта Naka.
Мая роля тут сьціплая і больш тэхнічная, камэрцыйнасьці тут ніякай, таму хачу заклікаць Вас ня зводзіць са мной прыватныя рахункі хоць бы ў межах гэтага праекту. Цалкам гатовы да кампрамісаў і дыялёгу, бо паважаю тое, што Вы зрабілі. Калі Вы не жадаеце кантактаваць непасрэдна са мной, ці магу я ўзгадніць выкананьне гэтай песьні ў межах дадзенага праекту з Цэнтрам інтэлектуальнай уласнасьці?»
Адказ шаноўнага Алега Ўладзімеравіча быў такі (у перакладзе з расейскай): «Адносна маёй творчасьці Вы ўжо выказаліся. Пасьля Вашых заяваў у мой адрас я не хачу мець з Вамі ніякіх перамоваў, а тым больш праектаў. Да таго часу, пакуль Вы не выправіце ўсё, што Вы напісалі ў прэсе, можаце да мяне не зьвяртацца. Скажыце дзякуй, што пасьля таго, як Вы назвалі маю музыку халтурай, я не выклікаў Вас у суд і не пакараў фінансава. Пра павагу да маёй творчасьці трэба пісаць публічна, а ня мне асабіста. Каб рабіць праекты з такімі імёнамі, трэба мець ліцэнзіі і аўтарскія дамовы, дазволы. Я, як сябра аўтарскай рады Цэнтру абароны інтэлектуальнай уласнасьці, асабіста пракантралюю, каб усё было адпаведна заканадаўству».
Трэба прызнаць, што наша вера, надзея, любоў і настойлівасьць дала свой плён. Празь некаторы час з Алегам Уладзімеравічам атрымалася паразумецца.
«Адносна напісанай Вамі „Малітвы“, а таксама іншых твораў („Стася“, „Христос воскрес“, „Маргарыта“) неаднаразова выказваўся публічна і заўсёды ў станоўчым рэчышчы ў сваіх радыёпраграмах і матэрыялах, бо відавочна гэта значныя творы, вартыя толькі ўхвалы. Пры нагодзе гатовы гэта ўсё паўтараць і вам у лічку, і публічна і яшчэ як заўгодна. Але, даруйце, ня ўсё, што Вы робіце, прымае сэрца. І выказваю сваё меркаваньне як слухача (якое зусім не лічу нейкім важкім ды аўтарытэтным), таму што мне неабыякава, таму што мне баліць за беларускую музыку, таму што не хачу, каб яна была бляклым падабенствам таннай расейскай папсы. Пагаджуся, што некаторыя мае выказваньні могуць быць рэзкімі, але наўмысна крыўды нанесьці не хацеў. Вельмі спадзяюся, што вы ня будзеце чыніць перашкоды ў рэалізацыі гэтага праекту. І наогул хацеў бы з Вамі прымірыцца, і зрабіць усё, што рэальна, каб Вы не трымалі крыўды, калі гэта магчыма».
Сп. Моўчан зазначыў на гэта, што пакуль яшчэ яго не пераканалі і патрэбныя канкрэтныя прапановы і дзеяньні. У выніку быў прапанаваны шэраг захадаў у выглядзе інтэрвію з кампазытарам і абавязковай выплаты грашовага ўзнагароджаньня за «Малітву». І мы дабраліся да прыпынку, які «Песьняю» завецца. Перамога дыпляматыі!
…Але радасьць заўчасная — душа кампазытара не прыняла вэрсію гурта Naka. Пасьля яшчэ некалькі спробаў з нашага боку залагодзіць сытуацыю, ён даў канчатковую адмову. «Маліцца за родны народ беларускі» Шпакоўскай забаранілі. Ня так жагнаецца, як было задумана аўтарам, ок. Едзем далей.
«RE:ПЕСЬНЯРЫ» ЯК ПРЫГОДА, ВЫПРАБАВАНЬНЕ І ЭКСПЭРЫМЭНТ. ЧАСТКА 2
Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу Tuzin.fm, фота з сайту Песьняры.COM
КАМЕНТАВАЦЬ