Андрусь Горват: «Чалавек радзіва ўключыў, батон еў і пра казу думаў, а музыка грала»
Песьні з чартаў Tuzin.fm трапілі ў ратацыю на «Радзіва Прудок»! Пісьменьнік Андрусь Горват месяц сачыў за гіт-парадамі, а цяпер дзеліцца сваімі назіраньнямі ад пачутага і ўбачанага.
— Андрусік Іванавіч, паслухайце песенькі і скажыце, як яно вам.
І я пагадзіўся. Папраўдзе, я шкадую, што пагадзіўся быць назіральнікам месяца. Ну, ведаеце, каб ацэньваць творчасць іншага чалавека, трэба быць падрыхтаваным да гэтага. Трэба больш ведаць і лепей разумець. А я такі выгуляў казу, прыйшоў з вуліцы, зьняў брудныя боты і сказаў:
— Ну давайце, уключайце вашыя песенькі. А я батон з варэньнем буду есьці.
А людзі ж стараліся. Доўгі шлях прайшлі, каб трапіць на прудкаўское радзіва.
Таму гэта будзе проста «Чалавек радзіва ўключыў, батон еў і пра казу думаў, а музыка грала».
Музыка грала, я батон еў, а захацелася яшчэ і напіцца. Гэта я ўжо пра аўдыёчарт на Tuzin.fm расказваю, калі вы не здагадаліся. Мала радасьці і спакою, дзядзі і цёці, у тым, што вы пеяце. Боль, боль, боль, боль. І ведаеце, што яшчэ? Яшчэ боль.
От вы, дарагія хлопцы з «Сразу май», ня трэба, каб люты доўжыўся бясконца. Вы з гэтым завязвайце. Напрыканцы лютага пачуць такое ў вёсцы страшна. Ваш «Небасхіл» утрымалі ад небапада толькі словы: «Бяжым хутчэй бліжэй да сонца». Усё адно, «Сразу май», вам сразу дзякуй. Сьцягну сабе на плэер. Мне падабаецца. Ня ведаю, што пад «Небасхіл» я буду рабіць. Магчыма, як і вы — адчуваць патрэбу ў існаваньні побач зь іншым.
Sakramant сваёй «Бонай» яшчэ большых жахаў нагнаў. Тут такая бязвыхаднасьць выглянула з глыбіні зямлі, што проста капец. І бегчы бліжэй да сонца ўжо ніяк. Волаты забітыя, сэрца рвецца. Адно толькі застаецца — крычаць Боне: «Прэч!». Але адсюль, з Палесься, на якім вядзьмак на ведзьмаку сядзіць, а памерлыя маткі кормяць малаком сваіх жывых дзяцей, песьня адчуваецца нашай. Калі яна і выйшла з глыбіні зямлі, то з глыбіні беларускай зямлі. Мне падабаецца. Дзякуй.
От і «Калі б я застаўся з табой» у выкананьні гурта Akute — такі ж самы агульнанацыянальны дэпрэсьняк са сьвятлом у канцы тунэлю. Бадзёра пра бязвыхаднасьць. Усё пагана — усё як мае быць. Пад гэтую музыку трэба нараджаць і гадаваць беларусаў. Мне падабаецца. Я ж беларус. Дзякуй.
Асаблівы дзякуй гурту «.К» за «Робін Гуда». Неверагодны хаос, у якім усё на сваім месцы. Болей нічога не хачу дадаць. Я лепей яшчэ раз паслухаю.
Калі Бона сышла, а вакол усё яшчэ ляжаць забітыя волаты і парваныя сэрцы, прыходзяць хлопцы з гурту :B:N: і пяюць «Шукай сваё». Я б гэтую песьню слухаў, калі шукаў у Зялёным Лузе лягер абаронцаў Курапат. Яшчэ адна песьня, якую зразумеюць толькі беларусы. Зразумеюць, але што зразумелі — халера яго ведае. Гэта тое, што можна перадаць толькі словамі: мне падабаецца, дзякуй.
Гурт «Палац» парадаваў. Ня толькі тым, што выдаў «Добру песьню», але і парадаваў літаральна. Калі няма безнадзёгі і ворагаў, яно ўжо радасьць. Колісь у маім Прудку была карчма. Але я ніяк ня мог уявіць гук карчмы. Цяпер уяўляю там Алега Хаменку. Гэта была б ідэальная беларуская карчма. Безумоўна, падабаецца. Дзякуй.
«Зіму» (гурт NGe) трэба слухаць менавіта так — пасьля Хаменкі. Сядзіш, трохі супакоены і нават вясёлы, і ўжо ня чуеш тую «Добру песню», ужо свой боль люляеш. «Зіма» гучыць як мэлянхолія, мэлянхолія, абрыдлая мэлянхолія. І гэтая абрыдлая мэлянхолія становіцца злосьцю. І раптам навокал усё разбураецца! Ух! Малайцы. Падабаецца. Дзякуй.
А «Каханьне» гурта Zatoczka — гэта проста харошая песьня. Я люблю простае. Я чакаю, калі ўсё няпростае скончыцца і застанецца толькі простае. І мы пра яго будзем пець і слухаць. Проста дзякуй.
Цяпер канчаткова аб’яўляю канец дэпрэсіі. «Усё наперадзе, гэта быў добры дзень» — гучыць з прудкаўскога радзіва. Тое, што люты доўжыцца бясконца, адмяняецца. Боны болей няма, сваё знайшлі. Войны ззаду. А наперадзе — «J:морс» зь песьняй «Блізка». «Лёгкi, як прамень, хай надыходзiць дзень зь ветрам паўднёвым». Хай. Я ня супраць. Вельмі добрая песьня. Вельмі дзякуй.
Не, не расслабляйцеся. Прыйшоў гурт Pauline з пытаньнем: «Людзі, дзе вы?». І ўсё. Я ем батон за батонам і варэньнем запіваю сваю адзіноту. Вельмі шчымлівая песьня пра самоту. «J:морс» абяцаў дзень зь ветрам паўднёвым, а тут «дзень незямной пустаты». Я маю адчуваньне, што, калі мы выпаўзем са свайго нацыянальнага няшчасьця, то абавязкова ўлезем у простае няшчасьце чалавечае. Прыгожыя словы, прыгожая музыка, прыгожае выкананьне. Дзякуй.
Але ня ўсё так пагана — «У зачыненыя дзьверы б’емся разам». Гэта IQ48 зь песьняй «Арлы». Яшчэ адна беларуская барацьба, але, ну такая… без традыцыйнай заўчаснай паразы. І мне дзіўна «Арлоў» бачыць амаль у самым нізе па выніках галасаваньня. Пэўна, да барацьбы зь перамогай мы яшчэ не дарасьлі. Так, падабаецца. Дзякуй.
Яшчэ я ніяк не гатовы ўбачыць унізе гурт ili-ili зь песьняй «Апошні зонг». Які шыкоўны тэкст! Яго хочацца парэзаць на цытаты. «Я бачыў, як тата сядаў на каня, а зараз — на камні таты імя». Гэта ніколькі не аптымістычная песенька, але яна пра галоўнае сёньня. Пра самае галоўнае. Дзякуй вам, любімыя купалаўцы! І, можа, нават добра, што вашая песьня стаіць апошняй, бо апошнія словы такімі і мусяць быць:
Маці, мы ня хочам быць зь імі.
Мы ня пойдзем за імі.
Мы ня будзем ляжаць у зямлі маладымі,
Ты ня ўбачыш крыжоў над дзецьмі тваімі.
Маці, мы застаемся жывымі.
Столькі ж «дзякуй» для відэачарту на Tuzin.fm у мяне ня будзе. З кліпамі ўсё пагана. З кліпамі ў нашай краіне канкрэтная напражонка.
Па-першае, ведаеце, вельмі надакучылі вясковыя матывы. Сам ня веру, што кажу гэта, жывучы ў вёсцы. Але ўсё гэта: нацыянальныя строі, партызаны, буслы ў небе, маляўнічы бераг ракі і бяскрайняе поле — абрыдла ў такім выкананьні. Нават калі яно зроблена нармальна, я бачыў такое 100500 разоў і не хачу болей. Вясковым і нацыянальным матывам патрэбна пераасэнсаваньне.
Па-другое, часта вельмі аматарскі ўзровень. Адчуваньне, што хтосьці кагосьці папрасіў патрымаць камэру, «а я тут прыгожа пастаю і папяю». Але няхай. Калі людзі робяць гэта ад душы, зь любоўю, я ім замінаць не хачу. Абы ім самім падабалася.
А мне дык спадабаўся кліп, які зрабіў Арцём Лобач для гурта Hurma на песьню «Упасьці». Гэта крута. Хочацца пераглядаць. Трохі нагадвае «Стыляг», калі героі ідуць па дарозе. Але ўсё адно гэта наша новае і свежае. Я хачу, каб яго стала болей. Хачу, каб Лобача стала болей.
Выдатная задума на «Цёплае мінулае» Лявона Вольскага. Адно толькі — трохі стамляе, зашмат аднолькавага. Але мне падабаецца, я хачу, каб такое было.
«Гісторыя майго жыцьця» (Naviband) — клясны кліп. Арцём і Ксенія — вельмі абаяльныя, прыцягальныя людзі. На іх хочацца глядзець бясконца. Хочацца сачыць за іх дыялёгам у кадры. Кліп бездакорны. Няхай будзе.
Юлка Каціч — малайчына. Ну ці маладзец Максім Багдановіч — рэжысэр кліпу на яе песьню «Муза». Іх работу я не назаву дасканалай. Але гэта выхад за межы традыцыйнага беларускага. Я б хацеў бачыць іх працяг і рост.
Я хачу бачыць твой працяг і твой рост, беларуская музыка!
Андрусь Горват, для Tuzin.fm
Даведка ТГ: Андрусь Горват — пісьменьнік, публіцыст, блогер. Нарадзіўся ў 1983 годзе ў Менску. Працаваў журналістам-фрылансэрам і дворнікам у тэатры імя Янкі Купалы. Пасьля зьехаў на сталае месцажыхарства ў вёску Прудок на Палесьсі. Аўтар кнігі «Радзіва Прудок», якая сёлета намінуецца на прэмію «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.
КАМЕНТАВАЦЬ