Топ-12 беларускіх песень гэтага лета
Найбольш запатрабаваныя творы на ўласным канале парталу Tuzin.fm у сетцы Soundcloud.
Cёлета канал Tuzin.fm у сетцы Soundcloud толькі пачаў паўнавартасную працу. Тут прэзэнтуюцца новыя песьні і праекты нашых выканаўцаў, а таксама рарытэтныя рэчы. Канал абнаўляецца пастаянна, а з новага сэзону тут будуць дублявацца ўсе песьні, якія будуць браць удзел у нашым аўдыёчарце. Прапануем увазе тузін самых запатрабаваных песень гэтага лета (з 1 чэрвеня па 30 жніўня 2014) па колькасьці праслухоўваньняў. Усяго за гэты час на канале было зафіксавана каля 20 000 праслухоўваньняў.
12. Nizkiz — Цяпер і далей (378)
Пры канцы траўня магілёўская каманда прадставіла новы беларускамоўны трэк «Цяпер і далей». Першы беларускамоўны сынгл Nizkiz «Гуантанама», запісаны летась, музыкі прызнаюць пасьпяховым. Песьня іх публіцы вельмі спадабалася і стала адным з галоўных гітоў магілёўскай рок-каманды. Ня дзіва, што музыкі задумаліся над працягам. Тэкст «Цяпер і далей» быў створаны пры дапамозе паэта Віталя Рыжкова. Вакаліст гурта Аляксандар Ільін у час прэзэнтацыі песьні на «Эўрарадыё» зазначыў, што цяпер гэта яго самая ўлюбёная песьня з усяго рэпэртуару ды назваў яе «гімнам людзям, якія здольныя на сьмелыя ўчынкі».
11. Amaroka — Masty (415)
Першы трэк з новага сынглу гурта «Pa vienah», прэзэнтаваны на Tuzin.fm пры прома-падтрымцы Менгарвыканкаму, рэальна адна з найлепшых песень у рэпэртуары беларускіх панк-рокераў.
10. Guda — Ой, у каго-то на печы (431)
Адзін з самых паказальных і яркіх сьпеваў з праграмы «Вясельле» — «Ой, у каго-то на печы». Удзельніцы гурта Guda называюць яго самым складаным у сваім жыцьці. Гэта песьня са Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Яе сьпявалі, як пяклі каравай.
9. Грязь — Сьпі (472)
Аўтарскі рэмікс на кампазыцыю гурта Akute «Сьпі», які зрабілі ўдзельнікі рэп-праекту «Грязь». Тэксты піша Дзяніс Астапаў, а музыку Раман Сашчэка, той самы Рома UFO з гурта Mauzer, адзін з прадусараў апошняга альбому Макса Каржа. «Калі пісаў трэк, думаў пра Жыжака, сучаснага філёзафа. Заўсёды пра яго думаю. Усе мае трэкі арыентаваныя ў вечнасьць, таму і актуальныя заўжды», — сказаў Дзяніс з нагоды прэм’еры.
8. Ганна Хітрык — Мая раніца (464)
Песьня, якую напісала Ганна Хітрык у суаўтарстве зь Віталём Рыжковым для праекту «Апошні золак», які рэалізавала творчая каманда Tuzin.fm разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна». Запісаная разам з гуртом Chiefs Band і струнным квартэтам Anima на жывой прэм’еры ў Беластоцкай філярмоніі і дапрацаваная на студыі «Осмос» у Менску.
7. TonqiXod — Песьня пра вясельле (577)
«Вясельле» — другая запісаная песьня Tonqixod. Першы сынгл «Насыпаць горы» быў прэзэнтаваны пры канцы мінулага году і атрымаў станоўчыя водгукі ад слухачоў, перамог у чарце на Tuzin.fm, вакол песьні нават скандал адбыўся. Рэліз новай кампазыцыі музыкі невыпадкова прызначылі на чэрвень. «Напярэдадні лета, калі многія пары ў Беларусі бяруць шлюб, мы вырашылі падарыць слухачам адпаведную сьвяточную кампазыцыю. Мяне асабіста неаднойчы запрашалі на вясельлі і гэта заўсёды вялікае пытаньне, як жа правільна павіншаваць маладых, колькі падарыць. Гэтая песьня — спроба адказу», — кажа вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч.
6. Dzieciuki — Сумнае рэгі (668)
Песьня з альбому «Гарадзенскі гармідар», які быў прэзэнтаваны ў лютым, працягвае трымацца ў сьпісе самых запатрабаваных песень. Магчыма, гэта нейкім чынам зьвязана з тым, што музыкі здымаюць на яе кліп і неўзабаве прэзэнтуюць яго на Tuzin.fm.
5. Віталь Варанко — Вяртайся (782)
Песьня пераможцы конкурсу «Засьпявай.BY», запісаная з украінскім саўнпрадусарам Уладам Яруном, стала лідэрам месяца па запатрабаванасьці на самім партале Tuzin.fm, увайшла яна і ў топ-12 на Soundcloud. Цікава, што і тут аўтарам словаў стаў Віталь Рыжкоў. Сам выканаўца абраў яго верш сярод дзясятку іншых, калі знаёміўся з здабыткамі маладой беларускай паэзіі.
4. Dzieciuki — Мужыцкая праўда (975)
Яшчэ адна песьня з «Гарадзенскага гармідару», безумоўна аднаго з самых важных альбомаў гэтага году. Гэты твор — праграмны для гарадзенцаў. Якраз ён і перадае ўвесь іх творчы канцэпт. Тэкст пададзены, як чарговы нумар «Мужыцкая праўды», што выходзіла за часамі паўстаньня 1863 году.
3. Вожык — Бандэра (991)
Песьня беларускага рэпэра, напісаная пад уражаньнем ад таго, што адбываецца ва Ўкраіне яшчэ ўвесну, працягвае знаходзіцца ў ліку самых запатрабаваных. «Я не хачу ведаць колькі імпэрскіх штампаў убіта ў галаву маім сябрам ды знаёмым. У якасьці адказу я прапаную ім паслухаць сябе збоку. Я прапаную ўвазе зьбіральны вобраз „ватніка“ і даю яму мікрафон, часам троху ўстаўляючы і свае пяць капеек, як бязь іх», — зазначыў выканаўца з нагоды прэм’еры. Агулам жа з часу прэзэнтацыі песьню праслухалі пад 10 000 разоў.
2. SP Kava — Эндшпіль (1073)
Адна з самых прыгожых песень гэтага лета напісаная адмыслова да конкурсу «Засьпявай.BY» і адзначаная большасьцю сябраў журы, уключна з украінскім саўнпрадусарам Уладам Яруном, які зазначыў, што гэты трэк ня мае патрэбы ў дапрацоўцы. SP Kava напісаў яе на верш Андрэя Адамовіча «Яна ведае пахі сноў». «Мне падабаецца ламаць стэрэатыпы. У рэпе не прынята чытаць чужыя тэксты, таму я проста ня мог не пайсьці насуперак гэтаму! Я спадзяюся, што ў мяне ня проста атрымалася добра пакласьці на музыку словы, якія напісаў Андрэй, яны цяпер загучалі крыху па-іншаму і нават з новым сэнсам», — кажа выканаўца.
1. Сяргей Бабкін — Грай (1133)
Беларуская прэм’ера песьні ўкранскага сьпевака, запісанай для трыб’юту гурту «Ляпіс Трубяцкі». Бабкін лічыць, што ў Беларусі мусяць ганарыцца такой камандай, а ніяк не чыніць перашкоды ў яе дзейнасьці.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ