Belsat Music Live. Пэрфэкцыяністы зь Nizkiz (поўнае відэа)
4783 / 0
06.05.2017

Belsat Music Live. Пэрфэкцыяністы зь Nizkiz (поўнае відэа)

У 18-м выданьні аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна гурт Nizkiz пакажа, што такое стадыённы гук.

Nizkiz уяўляе зь сябе новы тып беларускага гурта. Яны падкрэсьлена і аднолькава ўдала пяюць на абедзьвюх мовах. Няспынна шчыруюць над гукам — гэта для іх ёсьць першаснае. Ставяць перад сабою невыканальныя, здавалася б, задачы і дасягаюць іх. І ня будзе нічога дзіўнага, калі ім скарыцца цэлы сусьвет. І яны сапраўды будуць граць на стадыёнах ды арэнах.

Што на беларускай сцэне зьявіўся гурт-зьява, стала ясна, калі хлопцы пераадолелі ў сабе комплекс мовы ды запісалі трэк «Гуантанама», які стаў адным з самых прыемных музычных успамінаў 2013 году. Nizkiz вылучаецца ўнікальным голасам Аляксандра Ільіна, які сам па сабе зьяўляецца інструмэнтам, што перадае моц, драйв ды эмоцыю. Але музыкі роляю звычайных акампаніятараў пры гэтым не задавольваюцца. Тут кожнаму сваё, безь перацягваньня коўдры на сябе. Ад таго каманда гучыць так зладжана і гарманічна, вытанчана і выверана, амаль што з матэматычным разьлікам.

У размове зь Мірай Шульц музыкі распавядуць ці не надакучыла ім быць пэрфэкцыяністамі і ці пакідаюць яны месца для нечаканасьці ды імправізацыі, а таксама прыгадаюць дзяцінства ды раскажуць пра свае ўлюбёныя заняткі па-за музыкаю. У жывой частцы прагучаць галоўныя беларускамоўныя гіты гурта. Чакаецца таксама прэм’ера песьні з новага альбому!

Песьні, якія гучаць у праграме:

«Guantanama»

«Абсолют»

«Цяпер і далей»

«Цемра»

(музыка і словы Аляксандра Ільіна)

19-е выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 13 траўня. Госьцем праграмы будзе гурт Uzari. Праграма выйдзе ў 20:30 (па беларускім часе) на тэлеканале «Белсат».

TuzinFM