«Ляпіс Трубяцкі» падзяліўся на Trubetskoy і Brutto (відэа, апытанка)
4514 / 0
01.09.2014

«Ляпіс Трубяцкі» падзяліўся на Trubetskoy і Brutto (відэа, апытанка)

Удзельнікі гурта «Ляпіс Трубяцкі» прадставілі два новыя праекты.

Trubetskoy — супэргурт, у склад якога ўвайшлі тры былыя ўдзельнікі калектыву «Ляпіс Трубяцкі»: вакаліст Павал Булатнікаў, гітарыст Руслан Уладыка, бубнач Аляксандар Старажук. Першы выступ адбудзецца ўжо 5 верасьня ў Камянцы-Падольскім (Украіна) — Trubetskoy будзе хэдлайнэрам фэстывалю Respublica. У новым праекце таксама бяруць удзел гітарыст Павал Трацяк (J:морс, Крамбамбуля) і басіст Аляксандар Мышкевіч (J:морс, Крамбамбуля, Chiefsband). Як нашчадак «Ляпісаў», гурт Trubetskoy плянуе выконваць і старыя песьні гурта (пасьля даволі сур’ёзнай творчай перапрацоўкі), і новы матэрыял, праца над якім ужо ідзе.

Першым сынглам, які выдае гурт Trubetskoy, стала песьня «Ласточка». Яна вядомая фанам, паколькі час ад часу гучала на канцэртах калектыву, але пры гэтым, нягледзячы на замовы тых жа фанаў, не запісвалася ў студыі і не выдавалася.

Паралельна свой новы праект прадставіў і Сяргей Міхалок. Ён завецца Brutto, такую ж назву мае дэбютны кліп. Расшыфроўваць прапануецца па-расейску, як «Бригада Революционного Угара и Творческого Отпора имени Орнеллы Мутти». Стыль прадстаўляецца як «панкаўскі паэўр-ліфтынг для дзяцей і вар’ятаў». Пра дакладны музычны склад новай каманды пакуль не паведамляецца, але ў кліпе сярод музыкаў можна ўбачыць таго ж гітарыста Паўла Трацяка, заяўленага ў складзе Trubetskoy. Таксама ў кліпе зьняўся шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, які апошнім часам вельмі пасябрабаваў зь Міхалком і нават езьдзіць з камандай на гастролі. Brutto рыхтуе вялікі сольны канцэрт у Вільні на лістапад.

 

Tuzin.fm