Intelligency ў восьмым выданьні Belsat Music Live: «Нам захацелася пабыць Мулявінымі» (відэа)
2619 / 0
25.02.2017

Intelligency ў восьмым выданьні Belsat Music Live: «Нам захацелася пабыць Мулявінымі» (відэа)

Госьці аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна Belsat Music Live — Intelligency — прызнаныя адкрыцьцём 2016 году ў беларускай музыцы паводле вэрсіі парталу Tuzin.fm.

Гэтая каманда вылучаецца на беларускай сцэне, дзякуючы таму, што спалучае электронную музыку з жывой гітарай, адметным вакалам, а часам нават дадае струнныя. Самі музыкі называюць свой стыль «тэхна-блюз». Пры канцы 2015-га яны выдалі першы студыйны альбом «DoLoven» на ангельскай мове з масай гітоў. Посьпех падмацавалі ў 2016-м яшчэ адным рэлізам — беларускамоўным міні-альбомам «Мова». І, канечне, жывымі выступамі, якіх у гурта было багата. Асабліва шыкоўна іх сэты глядзяцца на вулічных канцэртах. Па выніках 2016-га Intelligency былі адзначаныя на прэміі «Героі году» ў намінацыі «Адкрыцьцё».

За мінулы год музыкі істотна пашырылі геаграфію сваіх выступаў: яны прайшлі адбор на «Басовішча», трапілі ў лайн-ап Halfway Festival у Польшчы і зьезьдзілі на «Джаз Коктебель» ды «Файне місто» ва Ўкраіне. Усевалад Доўбня і Юры Тарасевіч распавядуць Міры Шульц, як на іх паўплываў удзел у замежных фэстах, паразважаюць над тым, чым беларуская музыка можа зацікавіць замежных слухачоў, а таксама абароняць арыгінальнасьць сваёй творчай прапановы і распавядуць пра свой шлях да беларускай мовы.

У праграме гучаць песьні:

«Не 1»

«It’s All About Love» 

«Mova»

(музыка Юрыя Тарасевіча, словы Усевалада Доўбні)

Дзявятае выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 4 сакавіка ў 20:15 на тэлеканале «Белсат». Гэта будзе адмысловая праграма, прысьвечаная таямніцам супольнага музычнага праекту «Народны альбом».

TuzinFM