«Бабэобі». Cьпевы вуснамі (аўдыёпрэм’ера+відэа)
Сьпявачка Дар’я Кадамская прадстаўляе на Tuzin.fm свой новы праект «Бабэобі».
Назва гэтага гурта ёсьць кодам для асобаў дасьведчаных. Пачуўшы «Бабэобі» абазнаны слухач возьмецца працягнуць: «…пелись губы» ці згадае песьню «АукцЫона» паводле гэтага верша Веліміра Хлебнікава. А хто ня ведае, той пабачыць у назьве гульню словаў ды пасьміхнецца. Менавіта на такую рэакцыю разьлічвае сьпявачка Дар’я Кадамская. Яна атрымала прызнаньне як аўтар-выканаўца, калі ўзяла Гран-Пры фэстывалю «Бардаўская восень» (2007). Пэўны час сьпявала ў складзе гурта «Ох.Ра», а цяпер прадстаўляе новы праект. «Я не лічу, што час бардаў мінуў, кожны выбірае для сябе найбольш арганічны сродак для выяўленьня. Для мяне гэта як голас і гітара, так і калектыў музыкаў. Проста калі песьню аздабляюць шмат інструмэнтаў яна набывае новыя колеры, бачыцца ў новым сьвеце», — кажа Даша.
Яна прызнаецца, што яе як творчую адзінку сфармавалі Лявон Вольскі, Кася Камоцкая, Вераніка Круглова. Сама сьпявачка захапляецца музыкай таго жа «АукцЫона» разам з «Аквариумом» ды Б’ёрк зь Нінай Сімон і Portishead у дадатак. Хоча дамагчыся на сваіх канцэртаў поўнай прафэсійнай аддачы — «каб канцэрты, якія мы гралі, не былі выбухам у паветра, а траплялі проста ў сэрцы слухачоў».
Гурт «Бабэобі» паўстаў сёлета ўзімку, падчас джэма Дар’і з скрыпачкай Ксеніяй Шашко. «Тады я адчула незвычайную еднасць і натхеньне, таму прапанавала паспрабаваць граць разам. Ксюша згадзілася, мы падцягнулі іншых музыкаў і пачалі працу на студыі. З бубначом Юрам Дансковым я граю яшчэ з часоў Ох.Ры, можна сказаць што мы і не спынялі супрацу. З другой вакалісткай Дашай Навуменка мы зь ёй ужо даўно сябруем і яна заўседы падтрымлівала маю творчасьць. Разам зь ёй мы і назву гурту прыдумалі. У запісе таксама бралі ўдзел кантрабас і віялянчэль», — распавядае сьпявачка. Свой стыль яна называе «этнічным» — гэта якраз тая музыка, якая яе вабіць. Сыход з гурта «Ох.Ра» (які потым стане называцца «Ілюжан») Даша тлумачыць тым, што каманда стала рухацца ў напрамку, у якім ёй працаваць не хацелася. Але з тым часам у яе зьвязаныя прыемныя ўспаміны, бо музыкі, зь якімі працавала падштурхнулі да разьвіцьця і творчых пошукаў.
«У новым гурце, галоўны матэрыял для працы — гэта мае песьні, падыход да рэпэтыцыяў можа і ня надта сур’ёзны, затое няма адчуваньня „абязалаўкі“. Пакуль што асноўны наш вопыт — гэта праца на студыі, і вопыт здаецца даволі пасьпяховы», — заўважае Кадамская. Толькі што яны скончылі ў студыі Vibrance studio запіс першых трох песень, якія прадстаўляюць да ўвагі наведнікам Tuzin.fm.
Аўтарскае прадстаўленьне песень:
«Калі ты прыйдзеш». Песьня пра сьмерць, дакладней пра тое, як яна адбіваецца на тых, хто застаецца тут.
«Што здарылася з намі». Калі да цябе прыходзіць каханьне, часам яно падаецца такім крохкім і хочыцца затрымаць імгненьне і застацца.
«Сон-трава». У гэтай песьні ўвесь жыцьцёвы шлях чалавека, у ёй паказана наша сувязь зь зямлей, неаддзельнасьць ад прыроды.
У найбліжэйшы час гурт «Бабэобі» зьбіраецца выдаць паўнавартасны альбом. Колькі часу гэта зойме невядома, але першыя крокі ўжо зробленыя.
Tuzin.fm
Малайчына!
КАМЕНТАВАЦЬ