Belsat Music Live №10. Гукаем вясну разам з «Воплі Відоплясова»! (відэа)
Упершыню гасьцямі аўтарскай праграмы Сяргея Будкіна сталі замежныя музыкі — пачынальнікі ўкраінскага рок-руху, гурт «Воплі Відоплясова». Зрэшты, яны ўтульна пачуваюцца на беларускай зямлі. Амаль як дома.
Менавіта з «ВВ» пачаўся прарыў украінскага року. Музыкі скарылі зь першага свайго выступу ў 1987 годзе слухачоў у сваёй краіне, а неўзабаве іх песьні загучалі па ўсім саюзе. Потым у гурта быў «францускі пэрыяд». Алег Скрыпка пражыў у Парыжы шэсьць гадоў. А па вяртаньні музыкі стварылі пэўна самы маштабны свой гіт — «Весна». «Воплі Відоплясова» па-ранейшаму актыўна гастралююць, пішуць новыя песьні і здымаюць кліпы. А сам Алег Скрыпка мае безьліч сольных праектаў, кіруе музычнай кампаніяй, кансультуе мэра Кіева Клічко і займаецца арганізацыяй свайго фэсту «Краіна мрой».
У размове зь Міраю Шульц лідэр «ВВ» распавядзе, як яму ўдалося вылічыць, што ён на 25 % беларус, каго найбольш шануе зь беларускіх выканаўцаў, і паразважае пра карысьць дзяржаўнага рэгуляваньня ў музыцы. У жывым сэце «ВВ» адбудзецца тэлепрэм’ера: славуты гіт «Танці», зь якога ўласна і ўсё пачалося ў 87-м, загучаў па-беларуску!
У праграме прагучаць песьні:
«Краіна Мрой» (словы і музыка Алега Скрыпкі, пераклад Андрэя Хадановіча)
«Чіо Чіо Сан» (словы і музыка Алега Скрыпкі)
«Танцы» (словы і музыка Алега Скрыпкі, пераклад Алеся Плоткі)
«Весна» (словы і музыка Алега Скрыпкі)
Адзінаццатае выданьне Belsat Music Live выйдзе ў этэр у наступную суботу, 18 сакавіка ў 20:30 на тэлеканале «Белсат». Госьцем праграмы будзе гурт «Крама»!
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ