
!OUT: «Альгарытмы» на Белрадыё (рарытэт 1969 году)
Tuzin.fm прадстаўляе запісы аднаго зь першых рок-гуртоў краіны. Гукавая сэсія адбылася 45 гадоў таму і доўгі час лічылася страчанай. Пра тыя часы ў матэрыяле Віктара Сямашкі згадваюць былыя ўдзельнікі «Альгарытмаў».
22 верасьня Яўгену Канавалаву магло б споўніцца 67 гадоў. Імя аднаго зь піянэраў айчыннага рок-н-ролу, выбітнага гітарыста неад’емна зьвязанае з ансамблем «Альгарытмы». Нагадаем, што менавіта «Альгарытмы» ў 1968 годзе былі афіцыйна прызнаныя найлепшым біт-ансамблем Менску, а Канавалаў адпаведна найлепшым сола-гітарыстам. Гэтая перамога дала магчымасьць «Альгарытмам» у першы й апошні раз прабіцца ў прафэсійную студыю. Невялікая гукасэсія адбылася ў 1969 годзе на базе Беларускага радыё на вуліцы Чырвонай.
У архівах Белрадыё запісы «самадзейных» гуртоў не прынята было захоўваць. Акром таго, сховішча са стужкамі за мінулыя гады пасьпела перанесьці і пажар, і патоп, і абвал столі. Аднак недзе гадоў праз 30 пасьля тае гукасэсіі абедзьве песьні нечакана для самога сябе знайшоў Яўген Канавалаў — дома, сярод іншых стужак. Высьветлілася, што «Альгарытмы» пасьпелі зрабіць сабе копію. Яўген ўзгадваў: «Гэтыя стужкі ляжалі. Я іх ня чуў невядома колькі гадоў. Калі стаў у чарговы раз чысьціць камору, знайшоў, паслухаў… Да таго ж кампутар для адлічбоўкі зьявіўся».
На фота: Уладзімер Бяляеў і Яўген Адстаўноў
Склад «Альгарытмаў» узору 1969 году:
Яўген Канавалаў — лідэр-гітара, вакал;
Генадзь Старыкаў — другая сола-гітара, вакал;
Уладзімер Бяляеў — рытм-гітара, вакал;
Яўген Адстаўноў — бас-гітара, вакал;
Ігар Крупенія й Аляксандар Кукоўскі — бубны.
На фота: «Альгарытмы» падчас рэпэтыцыі ў МРТІ. А. Кукоўскі, Я. Адстаўноў, Ул. Бяляеў, Я. Канавалаў
Акалічнасьці гукасэсіі на Белрадыё памятае ўдзельнік тагачасных «Альгарытмаў», гітарыст Генадзь Старыкаў. Падчас працы над гукам адбылася сур’ёзная спрэчка між радыйным гукарэжысэрам і штатным тэхнікам гурту Ўладзімерам Янголем. Генадзь распавядае пра той выпадак, давячыся ад сьмеху: «Валодзя прымусіў гукарэжысэра падняць гучнасьць бас-гітары вышэй за ўсе нормы. Той сказаў, што яго з працы звольняць. Тым ня менш, Валодзя настаяў, бо лічыў, што басовы сыгнал губляеца пры радыёперадачы. Потым, калі мы слухалі гэтую музыку, нашыя прымачы папросту пляваліся дынамікамі й дыфузорамі з-за такога вар’яцкага басу, які ўсё перакрываў!»
Адметна, што «Альгарытмы» зафіксавалі ў студыі Белрадыё цалкам уласны аўтарскі матэрыял. Атрымаўся, можна сказаць, канцэптуальны, у меру псыхадэлічны трыптых пра аблокі, зямлю ды вецер між імі.
«Облака». Бас-гітарыст «Альгарытмаў» Яўген Адстаўноў паведамляе: «Гэтую песьню мы напісалі разам зь Ігарам Крупенія. Ён напісаў тэкст, я — музыку. А ўся апрацоўка, аранжыроўка — агульная справа ўсяго гурту». Сьпяваюць у гэтым трэку Адстаўноў і Канавалаў.
«Земля». Гэта цалкам песьня Ігара Крупенія - і музыка, і словы ягоныя. А за лідэр-вакал у ёй адказваў Генадзь Старыкаў.
«Если б я был ветром». Музыка й вакал належаць Яўгену Адстаўнову. Песьня зьявілася праз знаёмства Яўгена з маладым паэтам Валерам Мягковым. Той даў яму пачытаць самавыдадзены зборнік уласных вершаў. На адзін з тэкстаў Адстаноў і напісаў сваю першую песьню. Трохі пазьней, у 1970 Мягкоў удзельнічаў у вядомых хваляваньнях моладзі ў цэнтры Менску. Іх прычынай сталася забойства аднаго зь мясцовых хіпі. Паэта тады затрымалі й прысудзілі тэрмін. Яўген Адстаўноў узгадвае: «На той момант у Злучаных Штатах была узьнятая кампанія ў абарону вязьняў сумленьня. Не магу сьцьвярджаць, што гэта 100-адсоткавая інфармацыя, але нам тады сказалі менавіта такім чынам: Валеру неяк вызваліла з турмы дзяўчына-амэрыканка. Неўзабаве яны пабраліся шлюбам, займелі дзяцей і жылі ў Менску».
На фота: Яўген Адстаўноў і Аляксандар Кукоўскі
З удзельнікаў гукасэіі «Альгарытмаў» на Белрадыё большасьць ужо пакінула гэты сьвет: Уладзімер Бяляеў загінуў маладым у 1974 годзе пры нявысьветленых абставінах, Аляксандар Кукоўскі памер ў 2006-м, Ігар Крупенія — у 2007-м, Яўгена Канавалава ня стала ў 2011 годзе. А што тычыцца «альгарытмаўскіх» запісаў, то ў 1969—1971 музыкі самастойна зафіксавалі на стужку яшчэ шэраг песень, інструмэнтальных кампазыцыяў ды імправізацыяў. Але гэты матэрыял варта прэзэнтаваць асобна.
На загалоўным фота: «Альгарытмы» падчас гукавой сэсіі на Белрадыё
Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота й аўдыё з архіву Яўгена Канавалава
Стариков, как всегда, и здесь соврал…
Давится от собственного смеха и врёт, не останавливаясь - это он.
На самом деле это был не Володя Беляев, а Володя Янголь, наш инженер-оператор, если можно так сказать.
При прослушивании очередного дубля Володя попросил оператора добавить "низов" - тот не хотел.
После короткого спора и аргумента "Или пишем так, или не пишем совсем" оператор сдался, сказав: "Делайте, что хотите."
Запись завершилась "под управлением" Вовки Янголя - вот и всё.
Можа быць, гэта я не зразумеў пра якога з Валодзяў размова была :)
В статье ошибка!
Александр Куковский умер в 2006-ом...
Дату паведаміў Яўген Канавалаў. А Вы - Кукоўскі-малодшы?
Да.
Папраўлена, дзякуй за ўдакладненьні!
Артыкул дапоўнены інфармацыяй пра песьні, знайшлі таксама яшчэ адну кампазіцыю з той гукавой сэсіі, якую дадалі ў аўдыёсэт.
КАМЕНТАВАЦЬ