Кінаклясыка ажыла! Інтэрнэт-прэзэнтацыя праекту «Тузін.Немаўля» (відэа)
14355 / 0
10.10.2014

Кінаклясыка ажыла! Інтэрнэт-прэзэнтацыя праекту «Тузін.Немаўля» (відэа)

На Tuzin.fm відэапрэм’ера трох фільмаў з клясыкі айчыннага нямога кіно «У агні народжаная», «Прастытутка» і «Кастусь Каліноўскі» з музыкай гуртоў Re1ikt, Ilo&friends і Сяргея Пукста.

«Тузін.Немаўля» — унікальны праект інтэрнэт-парталу Tuzin.fm і Падляскай опэры і філярмоніі — Эўрапейскага цэнтру мастацтва ў Беластоку. У яго межах тры беларускія выканаўцы — Ilo&Friends, Сяргей Пукст і Re1ikt напісалі арыгінальную музыку да першых беларускіх нямых кінафільмаў — «Прастытутка» (1926), «Кастусь Каліноўскі» (1927), «У агні народжаная» (1929). А мастакі Васіліса Паляніна-Календа, Лявон Вольскі і Анджэй Ветэшка стварылі сучасныя плякаты да гэтых фільмаў.

Жывая прэм’ера праекту прайшла ў Падляскай опэры і філярмоніі (Беласток) 19 і 20 кастрычніка 2012 году і ў клюбах Loft і «Графіці» (Менск) 22 і 25 лістапада 2012 году. Дадатковы паказ стужкі «Кастусь Каліноўскі» з жывой музыкай адбыўся 18 ліпеня 2013 году ў межах фэстывалю «Басовішча» ў Мастаўлянах, а таксама ў Варшаве ў межах фэстывалю Bulbamovie і на Mirum Festival-2014 у Міры. На ўручэньні музычнай прэміі Ultra-Music Awards-2012 «Тузін.Немаўля» быў прызнаны «Праектам году». Афіцыйная прэм'ера ў Беларусі адбылася ў межах 20-га МКФ «Лістапад». Адмыслова да гэтай падзеі ўсе тры фільмы былі прадастаўлены на кінастужцы Дзяржфільмафондам Расеі. У 2013 годзе ўдзельнікі праекту запісалі сваю музыку да фільмаў на студыях у Менску і Беластоку адмыслова для DVD-выданьня. У 2014 годзе праект стаў ляўрэатам пятага фэстывалю беларускамоўнай рэклямы і камунікацыі AD.NAK! у намінацыі «Грамадзказначныя праекты». Пра працу над праектам быў зьняты фільм «B-Side» (рэжысэр Яўген Шапчыц).

Прадмова. Клясыка ажывае: тры фільмы, якія нельга забыць.

Ці складаюцца нямыя фільмы канца 1920-х гадоў — «Прастытутка», «Кастусь Каліноўскі» і «У агні народжаная» — у кінэматаграфічны трыпціх? Не, бо занадта разнабойныя яны па жанры, сюжэце ды рэжысэрскай стылістыцы. Нават іх пракатныя і ідэалягічныя лёсы не супадаюць. Першая стужка, разьлічаная на камэрцыйны посьпех, дасягнула мэты, прынесла трэсту Белдзяржкіно салідныя грошы і дэманстравалася за мяжой. Другі фільм таксама з прыхільнасьцю сустрэлі гледачы тых часоў, хаця яго аўдыторыя абмежавалася савецкай тэрыторыяй. Што тычыцца трэцяй карціны, то зафіксаваны нават калектыўны пратэст на сходзе Ленінградзкага гарнізону з патрабаваньнем забараніць яе выхад на экран «як палітычна невытрыманую». Але менавіта «У агні народжаная» мела больш станоўчых водгукаў кінакрытыкаў у параўнаньні з двума першымі.

А вось фінальныя кропкі іх існаваньня.

У цыркуляры, датаваным 1937 годам, Белдзяржкіно рапартавала ў Маскву начальніку галоўнага кіраўніцтва кінапрамысловасьці СССР Шумяцкаму аб абяшкоджваньні «варожых» фільмаў. Забарона «Прастытуткі» матывавалася  тым, што яна «палітычна няслушная», а «У агні народжаная» — як стужка «фармалістычная, якая няправільна адлюстроўвае ўтварэньне БССР па сцэнары ворага народу — Вольнага» (няправільна, зразумела, паводле пралетарскай трактоўкі гісторыі). «Кастусь Каліноўскі» пазьбег рэпрэсіўнай меры — трэба думаць, таму, што партыйныя экспэрты дрэнна ведалі польска-беларускую мінуўшчыну. Але афіцыйныя ўстановы імкнуліся ня згадваць пра мяцежнага героя, бо тагачасная ідэалёгія вельмі хутка супрацьпаставіла беларусізацыі татальную саветызацыю.

Цяпер пытаньне: навошта вяртацца да фільмаў-муміяў, злучаючы іх з мадэрновай музыкай?

А навошта «Песьняры», а за імі дзясяткі і сотні іншых беларускіх рок-гуртоў  апрацоўвалі і выконвалі ў новай якасьці, напрыклад, «Ой, рана на Йвана» або «Рэчаньку»? Культурная рэанімацыя заўсёды карысна хаця б таму, што кожны яе матэрыяльны і духоўны носьбіт мае адбітак сваёй эпохі. Ці ж не цікава — хаця б абмежаванаму колу сучасьнікаў — вокам і слыхам адчуць асаблівасьці атмасфэры таго часу, так і «ўзросту» самога кінэматографу?

Стужкі, пра якія ідзе гаворка, належаць «дзяцінству» беларускага кіно зь яго імкненьнем дацягнуцца да больш вопытных савецкіх узораў, што ўжо ўзьбіраліся на кінэматаграфічны Алімп: працаў Сяргей Эйзэнштэйна, Дзігі Вертава, Аляксандра Даўжэнкі. Фурору першапраходцы Белдзяржкіно ў кінасьвеце можа і не зрабілі, але ў кожнай стужкі ёсьць свой статус у гісторыі нашага кіно.

Усе тры фільмы выйшлі пад маркай Белдзяржкіно, арганізацыі, якой кіраўніцтва краіны даручыла арганізаваць кінавытворчасьць і кіраваць ёю. Яна стужкі здымала і закупала замежную прадукцыю і мела манапольнае права на пракат па ўсёй Беларусі. Начальства Белдзяржкіно базавалася ў Менску, а вытворчая база рыхтавалася ў Ленінградзе, бо там лягчэй было знайсьці тэхнічнае абсталяваньне і прафэсійныя кадры для гульнявога кіно. Крыху пазьней студыя ў Ленінградзе атрымала назву «Савецкая Беларусь», а потым ужо стала звацца «Беларусьфільм», а ў беларускую сталіцу яна перабазавалася ў 1939 годзе.

Ала Бабкова

Беларускі кінакрытык. Скончыла Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Ламаносава. Больш за 20 гадоў працавала рэдактарам і загадчыцай сцэнарнага аддзелу аб’яднаньня «Тэлефільм» на Беларускім тэлебачаньні. У 1972—1980 гадах выкладала курс «Гісторыя кіно і тэлебачаньня» ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1990—1997 гадах працавала сакратаром па прэсе і інфармацыі ў Беларускім саюзе кінэматаграфістаў. З 1998 году — незалежны крытык. Пісала для часопісаў «Искусство кино», «Кинофорум» (Расея), «Историк и художник» (Расея-Польшча), «Мастацтва», «На экранах» (Беларусь) ды іншых.

Фільмы праекту «Тузін. Немаўля»

«Прастытутка» — нацыянальны пяршак для масаў

Вытворчасьць Белдзяржкіно, чорна-белы, нямы, выхад на экран 15.II.1927 году ў Менску, 15.III.1927 году ў Маскве,  працягласьць 66 хв. Рэжысэр Восіп (Алег) Фрэліх, сурэжысэр-кансультант Ной Галкін, сцэнар Ной Галкін, Лізавета Дземідовіч, апэратар Альфонс Уінклер, мастакі Аляксей Смірноў, Дані, мантаж Эсьфір Шуб, аўтар надпісаў Віктар Шклоўскі, мультыплікацыя А. Найдзіч. Ролі выконваюць: Вера Арлова (Надзея), Уладзімер Яраслаўцаў (Пётар), Вольга Бонус (Варвара), Аляксандар Лядашчаў (Шура), Іван Лагуцін (сусед), Марк Данской (мінак) ды іншыя. Сацыяльна-пабытовая мэлядрама.

За фільмам  «Прастытутка» цягнуўся шлейф прадукту «для абывацеля». Да таго ж ён не з сваёй волі апынуўся супернікам  «Лясной былі» Юрыя Тарыча, якая адначасова здымалася пад эгідай Белдзяржкіно і мусіла выбухнуць у якасьці ня проста нацыянальнага пяршака, але і беларускай «рэвалюцыйнай фільмы» (тады так і называлі — фільма).

Раней пра фільм «Прастытутка» даносіліся глухія сведчаньні, кіназнаўцы саромеліся самой назвы, таму і зьвесткі пра яго зьявіліся толькі ў постсавецкі час. Яшчэ ня скончыліся спрэчкі пра тое, які фільм быў першым. Каб паставіць кропкі над «і», адзначым: «Лясная быль» першай выйшла на экран у Беларусі, потым у Маскве, а  «Прастытутка» — першай ў Маскве, дзе яна і здымалася.

Фільм апавядае пра сапраўды насутную ў 1920-я гады праблему. У часы так званай новай эканамічнай палітыкі (НЭПу) у СССР прастытуцыя квітнее. Тагачасныя апытаньні сьведчаць, што да паслугаў прастытутак зьвярталася да 60% савецкіх мужчын. У сувязі з гэтым пры Народным камісарыяце створана камісія па барацьбе з прастытуцыяй. На той час разам з рэпрэсіўнымі мэтадамі барацьбы ўжываюцца ідэі сацыяльнай прафіляктыкі. Напрыклад, пры вэнэралягічных лякарнях ствараліся майстэрні для жанчын, дзе адбывалася сацыялізацыя «жрыц каханьня».

Дзея стужкі разгортваецца якраз у гэтыя часы. У цэнтры яе — гісторыі трох жанчын — Любы, Надзеі і Мані, якім па розных жыцьцёвых абставінах даводзіцца гандляваць целам. Стваральнікі фільму зрабілі жанравы «гібрыд», каб ахапіць большы кантынгент гледачоў і адначасова зарабіць больш грошай. Яны паспрабавалі спалучыць сацыяльную зьяву ў жанры душашчыпальнай мэлядрамы з агітацыйна-асьветніцкім чыньнікам. У нейкі момант стужка робіцца лекцыяй са статыстыкай вэнэралягічных захворваньняў. Гэта ўнёсак сцэнарыста і сурэжысэра-кансультанта фільму Ноя Галкіна, які быў мэдыкам з адукацыі, мантажным рэдактарам прапагандысцкіх фільмаў і адначасова лектарам па мэдыцынскіх пытаньнях.

У фільме зафіксаваны кантраст у побыце «гаспадароў жыцьця» і прадстаўнікоў пралетарскай масы, таксама трапляюцца ўнікальныя здымкі некаторых месцаў Масквы канца 1920-х гадоў.

У рэжысэра Восіпа (Алега) Фрэліха (1887—1953) «Прастытутка» была дэбютнай пастаноўкай. Да гэтага ён шмат здымаўся як актор у дарэвалюцыйных мэлядрамах, а пасьля 1917 году граў і ў шэрагу савецкіх стужак. Ён лічыцца стваральнікам першага чуваскага фільму «Сар-Пігэ» паводле твору Гарына-Міхайлоўскага (1927). У савецкім фільме сталінскай эпохі «Падзеньне Бэрліна» Восіп Фрэліх сыграў ролю Рузвэльта.

Каб экраннае дзеяньне мела нейкую цэласнасьць, запрасілі здольнага мантажора Эсьфір Шуб, якая цяпер лічыцца савецкім клясыкам мантажнага дакумэнтальнага кіно (стужкі «Падзеньне дынастыі Раманавых», «Гішпанія» ды іншыя).

Сцэнарысты ў той час толькі песьціліся. Таму ў часы нямога кіно зьвярталіся да спэцыялістаў па надпісах. Адным зь віртуозаў быў расейскі пісьменьнік з кола Маякоўскага Віктар Шклоўскі, якога і запрасілі «падлячыць» стужку «Прастытутка».

З актораў гэтага фільму найбольш вядомая Вера Арлова (Надзя, жонка Пятра). І яна, і іншыя акторы, як гэта і было прынята ў эстэтыцы нямога кіно, граюць з падкрэсьленай мімікай і жэстыкуляцыяй, каб глядач адразу схопліваў стан пэрсанажу. Для той жа мэты тушшу падведзены вочы выканаўцаў.

У гэтай стужцы (як і ў наступных) вельмі адчуваецца недасканаласьць кінэматаграфічнай тэхнікі. Кінаапарат «у ступары», ня можа нікуды рухацца, усе кінакадры зьняты франтальна з аднаго месца, быццам фотаапаратам. Але бачна, што рэжысэры і апэратар добра знаёмы з кінэматаграфічным «альфабэтам», а мантажор пісьменна падае экраннае дзеяньне, хоць і можа падацца, што эпізоды кіналекцыі занядта зацягнутыя.

Фільм агучвае гурт Ilo&Friends

Гурт на чале з Ілонай Карпюк утварыўся ў 2005 годзе зь Беластоку. Выконвае песьні па-беларуску. Неаднаразова браў удзел у фэстывалях «Бардаўская восень» і «Басовішча». Мае два запісаныя альбомы «Па дарозе» і «Сланечнікі», песьні зь якіх траплялі ў лік найлепшых беларускіх гітоў году паводле вэрсіі парталу Tuzin.fm у 2008 і 2011 годзе. Старонка ў сеціве http://www.myspace.com/ilofriends.

Сучасны плякат да фільму намалявала Васіліса Паляніна-Календа  мастак, ілюстратар. Навучалася ў БДУ. Стажыравалася ў майстэрні графікі ў Ваймары (Нямеччына). Удзельніца мастацкіх выстаў у Беларусі, ва Ўкраіне. У 2012 годзе адбылася першая пэрсанальная выстава ў галерэі «Ў». Галоўны мастак і стваральнік часопіса «Макулатура». Яе старонка ў сеціве.

«Кастусь Каліноўскі» — першы беларускі баявік

Вытворчасьць Белдзяржкіно сумесна з «Саўкіно», чорна-белы, нямы, выхад на экран 14.VIII.1928 г., працягласьць 39 хв. Рэжысэр і сцэнар Уладзімер Гардзін (па матэрыялах М. Віткоўскага і А. Гольдмана), апэратар Навум Аптэкман, мастак Анатоль Арапаў, мантаж Марон, кансультант Язэп Дыла. Ролі выконваюць: Мікалай Сіманаў (Каліноўскі), Валеры Плотнікаў (Велькапольскі-Скірмунт), Аляксей Феона (япіскап Скублінскі), Тацяна Булак (Марыля), Рыгон Ге (архіепіскап Красінскі), Сафія Магарыл (Ядвіга), Барыс Ліванаў (Станіслаў), Мікалай Камісараў (Ясь), Кандрат Якаўлеў (Мураўёў) ды іншыя. Гісторыка-прыгодніцкі фільм.

На хвалі абвешчанай палітыкі беларусізацыі ў 20-х гадах XX cт. быў зроблены першы сур’ёзны аналіз паўстаньня 1863 году, у выніку чаго беларусы афіцыйна займелі свайго нацыянальнага героя — Кастуся Каліноўскага. У гістарычнай літаратуры таго часу ён падаецца як першы беларускі рэвалюцыянэр, які ўзьняў сялян на барацьбу з памешчыкамі. Адпаведна і пісалі пра яго ў тагачасных газэтах і часопісах з захапленьнем. Каліноўскаму прысьвячалі вершы, п’есы, яго імём у Менску назвалі вуліцу. А ў 1927 годзе пра беларускага героя вырашана было зьняць маштабны мастацкі фільм, які ў прэсе назвалі «беларускім баевіком».

Дзея фільму разгортваецца ў заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі, дзе ўспыхвае сялянскае паўстаньне. Магнаты і шляхта падтрымліваюць сялян, бо імкнуцца да кіраўніцтва ды ўзьяднаньня з Польшчай. Аднак кіраўнік паўстаньня Кастусь Каліноўскага і граф Велькапольскі (Скірмунт), які ачольвае шляхту, маюць розныя інтарэсы. На загад ваеннага генэрал-губэрнатара Мураўёва на змаганьне з паўстанцамі кінутыя казакі. Польскія канфэдэраты і сялянскія атрады вымушаныя аб’яднацца, але толькі на пэўны час…

Частка дзейных асобаў выведзена пад сваімі прозвішчамі: Каліноўскі, яго каханая Марыя, Віленскі генэрал-губэрнатар Мураўёў (артыст вельмі падобны да яго), палкоўнік Лосеў, іншыя — прыдуманыя. Гістарычныя факты, што тычацца лёсу Каліноўскага, сапраўдныя: ён кіраваў паўстаньнем і меў славу народнага заступніка, у фільме цытуецца «Мужыцкая праўда», яго напраўду пакаралі сьмерцю праз павешаньне. Трэба толькі сказаць, што эпізод з пакараньнем зьняты ня ў Вільні, як гэта было, а ў Менску на кірмашовай плошчы ля катэдральнага сабора, бо Вільня ў той час была тэрыторыяй Польшчы.

На фільме ляжыць адбітак таго часу, калі праклямаваўся дэвіз «Даеш савецкага Дугласа Фэрбэнкса!» (зорка амэрыканскага нямога кіно). Гэта бачна ў шырокай усьмешцы галоўнага героя і ў занадта працяглым эпізодзе змаганьня Каліноўскага і Станіслава на шаблях.

Рэжысэр-сцэнарыст фільму Ўладзімер Гардзін (Благанраваў) (1877—1965) меў вялікі акторскі вопыт і вопыт кінапастановак у дарэвалюцыйным і савецкім кіно. Нашай нацыянальнай гісторыі ён ня ведаў, у чым прызнаваўся сам, калі асэнсоўваў творчую біяграфію. Гісторыкі кіно лічаць, што вельмі дапамагаў аднаўляць гістарычную праўду вучоны-этнограф, пісьменнік, драматург Язэп Дыла.

Уладзімер Гардзін зрабіў на кінастудыі «Савецкая Беларусь» яшчэ два фільмы як рэжысэр, але яны былі яшчэ больш слабыя за «Кастуся Каліноўскага». У стужцы задзейнічаныя ў асноўным акторы ленінградзкіх тэатраў. Ролю сына польскага графа Станіслава сыграў Барыс Ліванаў, які стане знакамітым савецкім артыстам. Ролю Каліноўскага выканаў 25-гадовы Мікалай Сіманаў, якому пасьля будзе наканавана граць высокіх асобаў, ён нават атрымае сталінскую прэмію за галоўную ролю ў фільме «Пётар Першы». А вось кансультанта фільму Язэпа Дылу чакалі рэпрэсіі. У 1930 годзе яго арыштавалі па надуманай справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» ды прысудзілі да пяцігадовай высылкі. У 1939 г. — зноў арышт. Реабілітаваны ў 1957 годзе.

У 30-х зьмянілася стаўленьне і да самой асобы Каліноўскага. Цяпер яго ацэньвалі як рэакцыйнага дзеяча, называлі «мітычным героем» ды «польскім шавіністам». У час Другой сусьветнай вайны і пасьля яго імя вернуць у афіцыйны пантэон герояў, але ўжо ў сучаснай Беларусі ў афіцыйнай гістарыяграфіі ізноў будзе аспрэчвацца яго аўтарытэт.

Першыя сігналы наконт згортваньня палітыкі беларусізацыі ў тагачаснай прэсе можна ўлавіць якраз у рэакцыі на фільм «Кастусь Каліноўскі» (прэм’ера адбылася 14 жніўня 1927 году). «Карціна наскрозь прасякнутая народніцкім, і, часткова, нацыяналістычным душком і не дае правільнага паказа асноўных прычынаў паразы сялянскага жонду», — пішуць у часопіс «Кіно» чальцы Таварыства сябраў савецкай кінэматаграфіі пасьля грамадзка-дыскусійнага прагляду фільму. Аднак, часопіс «Жыцьцё мастацтва» заўважае: «Беларускі баевік мае ўсе падставы для камэрцыйнага посьпеху: гістарычныя строі, эфэктныя батальныя сцэны, у меру прыгожыя натурныя здымкі ды багацьце дзейных асобаў. А сюжэт, што разгортваецца на матэрыяле рэвалюцыйнага паўстанцкага руху, забясьпечвае фільм ад ідэалягічных непрыемнасьцяў». Цікавая рэцэнзія на фільм зьявілася ў 1994 годзе ў газэце «Вячерні Мінск»: «Ствараецца ўражаньне, што ў фільме шмат… музыкі. А дасягаецца гэта… уяўленьнем. Фільм пабудаваны на кантрастах, на спалучэньні дынамікі і статыкі, рытм у ім займае істотнае месца. Таму і паўстае асацыяцыя з музычным жанрам — апэрэтай».

Фільм агучвае Сяргей Пукст

Сяргей Пукст — кампазытар, аранжыроўшчык, піяніст, гітарыст, музычны журналіст. Унук славутага беларускага кампазытара Рыгора Пукста. Нарадзіўся ў 1972 годзе ў Менску, скончыў музычную школу пры дзяржаўнай кансэрваторыі па клясе клярнэта (1986), менскую мастацкую вучэльню па спэцыяльнасьці апрацоўка дрэва, косьці і камня (1991), Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт (1996). На пачатку 90-х быў удзельнікам панк-гурта «Король пчёл». У 1997 годзе запісаў першы сольны альбом «Сны» ў стылі, які акрэсьліваўся як «нігілістычны джаз». Альбом «Strange Glamour» створанай ім каманды Pukstband быў названы найлепшым беларускім дыскам у 2004 годзе па вэрсіі «Белорусской газеты». Запісаў альбом году ў беларускай музыцы па вэрсіі праекту Experty.by ў 2013 («Последний альбом»). Быў удзельнікам праекту «Тузін.Перазагрузка», для якога запісаў сваю першую песьню па-беларуску «Трыюмф волі». Рэалізаваў мастацка-навуковы праект, у якім хор з 50 мастакоў выканаў вершаваныя тэксты паводле фундамэнтальных фізычных тэорыяў.

Сучасны плякат да фільму «Кастусь Каліноўскі» намаляваў Лявон Вольскі. Слынны беларускі музыка — мастак з адукацыі. Ён скончыў Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава (1984). У 1993 годзе меў пэрсанальную выставу ў музэі Багдановіча. Маляваў коміксы ды ілюстрацыі для часопіса «Бярозка», газэт «Ніва» (Беласток) і «Наша Ніва». Аздобіў уласную кнігу прозы, некалькі музычных альбомаў. Працуе ў розных стылях і тэхніках.

«У агні народжаная» — узор беларускага кінаавангарду і «фільм жахаў»

Вытворчасьць Белдзяржкіно, чорна-белы, нямы, выхад на экран 3.III.1930 г., працягласьць 44 хв. Рэжысэр Уладзімер Корш, сцэнар Анатоль Вольны, апэратар Давід Шлюглейт, мастак Макс Літвак. У галоўных ролях: Ганна Заржыцкая (жанчына зь мястэчка), Барыс Азараў (яе сын-бядняк), Мікалай Вітаўтаў (палкоўнік), Барыс Феадосьеў (Булак-Балаховіч), Ільля Пахітонаў (князь Сапега). Гісторыка-рэвалюцыйная эпапея.

Гэта стужка — унікальная магчымасьць паглядзець вачамі савецкіх прапагандыстаў на падзеі 1919—1920 гадоў у беларускай гісторыі, калі вялося змаганьне за незалежнасьць краіны. Сярод дзеючых асобаў — генэрал Булак-Балаховіч, «апошні нашчадак беларускіх князей» Сапега, а таксама чальцы ўраду БНР, сярод якіх можна пазнаць, напрыклад, Вацлава Ластоўскага. Гэта быў першы (і апошні) выпадак, калі ў савецкім кіно згадалі пра Беларускую Незалежную Рэспубліку. Натуральна, што вобразы «ворагаў пралетарскага ладу» пададзены ў сатырычнай форме. Напрыклад, прафэсары, інтэлігенты БНР увесь час красамоўнічаюць, а Булак-Балахович прамаўляе перад сялянамі нібы з-паднябесься — на высокай трыбуне з прыступкамі.

Рэжысэрам выступіў пачатковец у кіно — 29-гадовы Ўладзімер Корш (гэта прозьвішча дзеда, пад якім ён выступаў як артыст; пасьля ён будзе значыцца ў цітрах як Корш-Саблін). Потым ён здыме яшчэ дзясяткі фільмаў, і доўгі час будзе ачольваць кінастудыю «Беларусьфільм». Сцэнар для фільму напісаў адзін з самых папулярных беларускіх пісьменнікаў тых часоў — Анатоль Вольны, які вельмі моцна «падцягнуў» стужку мэтафарычным пралогам і паэтычна-абагульняючымі надпісамі. Неўзабаве таленавіты Анатоль Вольны (Ажгірэй) будзе арыштаваны і ў 1937 годзе расстраляны апяванай ім уладай.

Стужка была неадназначна прынята прэсай пасьля выхаду на экран. Камсамольцы фільм хвалілі, ім падавалася, што гэта кіно новага пакаленьня: «Ніякага „сюжэту“, ніякіх „герояў“ — тых абавязковых атрыбутаў, да якіх прывучала нас старое мастацтва… Ёсьць учора, сёньня і заўтра Беларусі, расказанае мовай ажыўшых рэчаў і дынамікай чалавечых мас. Гэта — мова новага мастацтва», — піша з захапленьнем «Чырвоная зьмена». А газэта «Рабочий» дык наогул назвала гэты фільм «першай вялікай сапраўднай перамогай Белдзяржкіно».

Фільм «У агні народжаная» зроблены да 10-годзьдзя ўтварэньня БССР, і канечне прасякнуты агітацыйнай ідэалогіяй часу. Для кіназнаўцаў ён цікавы тым, што акумулюе мастацкія пошукі авангарднага кіно тых часоў. У ім дынамічны мантажны рытм, вострыя ракурсы, прыхільнасьць да буйных плянаў, выразныя дэталі, калярытныя масоўкі. Вельмі адчуваецца ўплыў Даўжэнкі ды і іншых культавых савецкіх рэжысэраў, аднак прафэсійнае ўменьне стваральнікаў не аспрэчыш.

Больш ні сам Корш, ні іншыя беларускія рэжысэры даваеннага кіно не вярталіся да стылістыкі авангарду. Не заахвочвалася. Наступныя фільмы мэтафарычнага напрамку зьявяцца ў беларускім кіно толькі ў 1960-я гады.

Фільм агучвае гурт Re1ikt

Гурт, які пачаў сваё існаваньне ў 1999 годзе ў Сьветлагорску, што ў беларускім Палесьсі. Грае ў стылях арт-рок, альтэрнатыўны рок, пост-рок, лічыцца піянэрам беларускамоўнага пост-мэталу. Мае чатыры студыйныя альбомы, а таксама два DVD. З акустычнай праграмай перамаглі на фэстывалі «Бардаўская восень — 2009» у Бельску-Падляскім. Удзельнікі «Басовішча» і Halfway Festival у Беластоку. Цяперашні склад: Аляксандар Дземідзенка (бубны), Уладзімер Казлоў (вакал), Зьміцер Наркевіч (бас), Ільля Рабцаў (гітара), Віталь Макшун (гітара). Уладальнікі прэміі «Героі году — 2013» па вэрсіі Tuzin.fm.

Сучасны плякат да фільму намаляваў мастак Анджэй Ветэшка. Ён спэцыялізуецца ў прэсавым дызайне, ілюстрацыях, графіцы для анімацыйных фільмаў. Супрацоўнічаў са шматлікімі часопісамі ў Польшчы як графік ды арт-дырэктар (Cosmopolitan, Film, А4, Zwierciadło, GAGA, Media&Marketing, Newsweek ды іншыя). Кіраваў апошняй глябальнай кампаніяй Oriflame: VisionV. Быў мастацкім кіраўніком і дырэктарам польскага тэлебачаньня Fashion TV. Цяпер працуе незалежна, пастаянна камэнтуе рэчаіснасць у сваіх працах з цыкля Markerology. Супрацоўнічае з Нацыянальным аўдыявізуальным інстытутам ствараючы дзіцячыя цыклі пра выдатных артыстаў. Для Падляскай опэры і філярмоніі зрабіў лягатып і дызайн Halfway Festival.

Аўтар ідэі і каардынатар праекту «Тузін.Немаўля»: Сяргей Будкін

Каардынатар з польскага боку: Ілона Карпюк

Рэалізацыя: Падляская опэра і філaрмонія — Эўрапейскі цэнтар мастацтва ў Беластоку (http://oifp.eu/), інтэрнэт-партал Tuzin.fm (http://tuzin.fm/)

Аўтары музыкі: Ilo&Friends, Re1ikt, Сяргей Пукст

Аўтары сучасных плякатаў: Васіліса Паляніна-Календа, Лявон Вольскі, Анджэй Ветэшка

Тэхнічны рэдактар: Яўген Шапчыц

Мастацкае аздабленьне: студыя «Адліга»

Тэкст: Сяргей Будкін, Ала Бабкова

Асаблівыя падзякі: Кірылу Мацкевічу, Сяргею Філімонаву, Максіму Жбанкову, Андрэю Расінскаму, Але Бабковай, Радаславу Дамброўскаму, Янушу Гаўрылюку, Аляксандру Бінецкаму, Ганьне Кавалёвай, Яніне Будкінай, Анатолю Лазару, Андрэю Скуратовічу, Ігару Аўдзееву, Мікалаю Маторыну, Зьмітру Назараву, Гарыку Аганджаняну, Аляксею Стрэльнікаву, Ігару Сукманаву, кампаніі «Будзьма беларусамі», калектыву OiFP ды іншым асобам, якія паспрыялі ў рэалізацыі і прамоцыі праекту.