
Алег Моўчан падаў у суд на гурт Naka
Вярхоўны суд Беларусі распачаў справу паводле пазову кампазытара Алега Моўчана ў дачыненьні да сьпявачкі Насты Шпакоўскай.
Сьпявачка атрымала судовую позву ў Вярхоўны суд, якая датуецца 9 лютым разам з копіяй заявы кампазытара, у якой ён заяўляе пра парушэньне ягонага выключнага права на аб’ект аўтарскага права. Гаворка ідзе пра кампазыцыю «Малітва» на словы Янкі Купалы і музыку Алега Моўчана, уласную вэрсію якой гурт Naka падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры», які ладзіў партал Tuzin.fm да 45-годзьдзя ансамблю «Песьняры».
Сутнасьць канфлікту ў тым, што сп. Моўчан не прыняў варыянт гурта Naka і забараніў выкарыстоўваць трэк. Песьня не ўвайшла ў фінальную складанку, але была выкананая на канцэрце-прэзэнтацыі ў клюбе «Re:Public» 12 верасьня 2014 году. Сьпявачка перад яе выкананьнем патлумачыла сытуацыю і сказала, што сьпяе яе ўсяго адзін раз — на знак павагі да творчасьці «Песьняроў» і Янкі Купалы. Арганізатар таго канцэрту і прадусар праекту «Re:Песьняры» Сяргей Будкін сплаціў праз Цэнтар абароны інтэлектуальнай уласнасьці вызначанае законам аўтарскае ўзнагароджаньне за публічнае выкананьне гэтага ды іншых твораў, якія прагучалі ў той вечар. Але сп. Моўчан усё адно абвесьціў пра свой намер падаваць у суд. Першапачаткова прэтэнзіі прад’яўляліся да арганізатара канцэрту. Моўчан адмовіўся ад прапанаванай яму сумы ў 2,5 мільёну беларускіх рублёў (гэтулькі склаў чысты прыбытак з канцэрту) і вызначыў памер шкоды, нанесенай яму ў выніку выкананьня «Малітвы», у 57 мільёнаў беларускіх рублёў. Пасьля абмену прапановамі аб добраахвотным урэгуляваньні спрэчкі, бакі не сышліся ні на чым і сытуацыя на некаторы час папросту завісла ў паветры.
Як цяпер апынулася, Моўчан рыхтаваў новую заяву — цяпер ужо на адрас непасрэдна Насты Шпакоўскай. Ад падачы ў суд на арганізатараў праекту «Re:Песьняры» ён адмовіўся. Кампазытар сьцьвярджае, што музыканты сказілі яго мастацкую задуму, парушылі ягоныя аўтарскія правы і патрабуе кампэнсацыі ў памеры 18 млн рублёў. Судовая калегія па справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага суду запрашае кампазытара і сьпявачку на размову, якая прызначаная на 19 лютага. Cправу вядзе судзьдзя Іна Цысік.
Ад рэдакцыі. Ясна, што ў гэтай справе Наста ня будзе адна. Мы з свайго боку далучаем усе свае магчымасьці, рэсурсы і сродкі для таго, каб вырашыць праблему.
Яшчэ: Моўчан vs. Naka. «Малітвы» ня будзе
Сяргей Будкін. Мая «Малітва»
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 4
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 3
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 2
«Re:Песьняры» як прыгода, выпрабаваньне і экспэрымэнт. Частка 1
Tuzin.fm
Скинемся Моучану по рублю - видать совсем у него хреновое материальное положение. Можа замоукне....
КАМЕНТАВАЦЬ