
«Сьцяг брыгады» ад Siver. Прэм’ера праз 10 гадоў (аўдыёпрэзэнтацыя!)
Рок-опэра паводле Куляшова з удзелам Кульлінковіча, фільм-містыфікацыя на «Беларусьфільме» і падораная Кустурыцы гітара, як вянец музычнай кар’еры… З нагоды 15-годзьдзя гурта Siver яго ўдзельнікі вырашылі афіцыйна выкласьці рарытэтны альбом і даць сваё першае вялікае інтэрвію.
15 гадоў таму таварышы па школе ствараюць гурт «Аналіз», каб рэалізаваць свае творчыя амбіцыі. Пішуць музыку, ладзяць выступы ў школах і тэхнікумах, здаецца ўсё як трэба. Але раптам зьмяняецца вакаліст, а разам зь ім музычная канцэпцыя. Назвалі новы праект Siver, што па-беларуску азначае «халодны вецер», і пачалі ствараць новыя песьні, якія аб’ядналіся ў цэлую рок-опэру, якая 10 гадоў ляжала ў небыцьці. Пра гісторыю таямнічага гурту распавядаюць яго ўдзельнікі — вакаліст Антон Казураў (АК), бас-гітарыст Яўген Шапчыц (ЯШ), піар-мэнэджар Аляксей Мінчонак (АМ).
ТГ: Што ўяўляў сабой гурт «Аналіз» і як узьнік Siver?
АК: Siver паўстаў з гурту «Аналіз», у склад якога ўваходзілі: Павал Карпаў (гітара, вакал), Антон Казураў (гітара, вакал), Яўген Шапчыц (бас-гітара), Тамара Серыкава (клявішы, вакал) і Антон Каленчук (бубны).
Нам было цікава і весела граць разам. У асноўным мы гралі рэчы напісаныя Паўлам, але мне заўсёды хацелася крыху большага ў музычныя пляне: магчыма з-за таго, што слухаў вельмі шмат самай рознай музыкі, а яшчэ марыў зрабіць хоць невялічкі, але свой праект. Гэта падштурхнула да таго, што я пакрысе пачаў пісаць музыку.
АМ: «Аналіз» зьявіўся яшчэ ў школьныя часы — славутыя 90-я, а потым у нейкі момант у нас зьмяніўся вакаліст. Замест Паўла Карпава сьпяваць пачаў Антон Казураў. Таму вырашылі зьмяніць назву. Наш добры сябра Вецер Мэханічны, ён жа Анатоль Лазар — адзін з заснавальнікаў Tuzin.fm, прапанаваў назву Siver, якая была ў яго загашніку дзеля нейкага праекту, але ён вырашыў аддаць яе нам, яшчэ і сайт для гурту зрабіў.
Выступ гурта «Аналіз» падчас акцыі «Пабудуем дом нам — Беларусь» (плошча Бангалор, 2001). На сцэне зьлева направа Павал Карпаў, Аляксей Мінчонак, Яўген Шапчыц. Унізе ля комбіка Слава Корань.
ТГ: Чаму для стварэньня рок-опэры абралі менавіта «Сьцяг брыгады»? Каму наогул прыйшла гэтая ідэя?
АК: Не магу сказаць што я адмыслова цікавіўся творчасьцю Куляшова. «Сьцяг брыгады» трапіўся пад руку і быў перачытаны на парах ў інстытуце. Гэты твор мне падаўся ідэальным, бо ў ім усё магло быць падзелена на часткі і зроблена, як асобныя музычныя творы са сваім адметным характарам і драматызмам, і ў той жа час усё было адзіным цэлым.
Узьнікненне самой ідэі зрабiць рок-опэру «Сьцяг брыгады» і ўсё, што зь ёй звязана — гэта, вядома, ня толькі заслуга музыкаў, або мая асабістая. Над гэтым усім з намі працавала велізарная каманда: Аляксей Мінчонак, Сяргей Будкін, Кірыла Мацкевіч, Мікалай Бянько, Сяргей Цітавец і шмат-шмат яшчэ ўсякіх цікавых, таленавітых людзей.
Штуршком да стварэньня «Сьцягу», была напэўна і розьніца ў маіх музычных густах з густамі Паўла Карпава. Ня тое, каб мы сварыліся з гэтай нагоды, але глядзелі на рэчы, што тычыліся музыкі, па-рознаму: мне даволі часта не падабалася, тое што рабіў ён, а яму — тое, што прапаноўваў я.
ЯШ: Нам было цікава паспрабаваць пагуляцца з савецкай школьнай клясыкай на партызанскую тэматыку і пераасэнсаваць яе. Калі мы паглыбіліся ў паэму, то зразумелі, што твор мае выразнае псыхадэлічнае адценьне. Тое што герой у паэме размаўляе зь неадухатворанымі рэчамі — гадзіньнікам, лялькай, драўляным конем, вуліцай, ручаём і самае галоўнае, што лялька яму адказвае, наводзіць на думку, што нават у тыя часы некаторыя рэчывы такі былі дасяжныя савецкім паэтам, або Куляшоў меў багаты ўнутраны сьвет.
Гурт Siver. Зьлева направа: Мікола Бянько, Аляксей Мінчонак, Кірыл Мацкевіч, Антон Казураў (вышэй), Яўген Шапчыц, фота 2002 году
ТГ: А з чаго пачыналася праца над рок-опэрай і што атрымалася ў выніку?
АК: У асноўным я пісаў і пішу музыку, а тэкставую частку мне заўсёды ня вельмі падабалася рабіць, можа таму, што ня надта атрымлівалася. На той час ужо была запісаная гара напрацовак і матэрыялу, зь якім трэба было нешта рабіць. Менавіта музычная частка да рок-опэры пачала зьяўляцца першай. У канчатковым выніку ўсё схіляліся да таго, што калі рабіць нешта, то гэта павінна быць на роднай мове.
ЯШ: Адразу пачалася студыйная праца, дакладней хатняя. На той час (2003 год) Антон ужо засвоіў навыкі працы ў мультытрэкавым рэкордэры Cakewalk і з дапамогай хатняга кампа і аматарскай аўдыёкарты Soundblaster Live проста ўзяў прыдумаў музыку і сам запісаў партыі бубнаў, гітараў і вакал. А пасьля я дапісаў бас, а Тома Серыкава клявішныя ў некаторых кампазыцыях і засьпявала ў «Ляльцы». Пасьля я прыдумаў гукавое аздабленьне да песень і мы аддалі ўвесь матэрыял Сяргею «Шлёму» Лабандзіеўскаму, які за сымбалічныя грошы ўсё зьвёў і ўвасобіў мае ідэі па шумавым напаўненьні.
АМ: Мы актыўна рэпэтавалі яе на «кропцы», але ніводнага выступу так і не пасьпелі зладзіць, бо Антон зьехаў у Штаты. Нам тады падавалася што толькі на год, але апынулася, што назаўсёды.
АК: Мы запісалі дыск. Зьвялі, зрабілі нават майстарынг нейкі. Запісалі невялікія intro да песень, якія прачытаў Саша Кульлінковіч. Сапраўды, так атрымалася, што я зьехаў і цяпер не жыву ў краіне. Ня так часта, але на нейкі тэрмін прыяжджаю, каб наведаць родных і сяброў.
Мікола Бянько, Антон Казураў, Яўген Шапчыц, 2003 год
ТГ: На сайце гурту Siver згадвалася, што вы здымалі фільм паводле рок-опэры. Адкуль прыйшла ідэя і якую ён меў канцэпцыю?
АМ: Гэта быў суцэльны фэйк. Аднойчы мы адпачывалі на лецішчы ў Антона. А паколькі ягоны дзед быў вайскоўцам, то ў хаце захавалася некалькі камплектаў вайсковай формы. На раніцу пасьля даволі актыўнай ночы, мы апранулі гэтую форму ды пайшлі ладзіць фатасэсію на найбліжэйшы ручай. Фоткаў, здаецца, я, на нейкую стужкавую мыльніцу. Потым гэтыя здымкі трапілі да Ветра Мэханічнага і ён прыдумаў зрабіць містыфікацыю пра фільм дзеля сайту. Нібы мы здымаем стужку паводле «Сьцягу брыгады». Так мы спрабавалі выклікаць цікаўнасьць да будучага альбому. У той час піараўскія мэтады працы Ветра былі досыць дзейнымі.
ЯШ: Вельмі прыгожая была легенда: гурт Siver разам зь «Беларусьфільмам» здымаюць кіно паводле рок-опэры «Сьцяг брыгады», напісанай на паэму клясыка Куляшова. Вельмі даставерная, бо, вядома ж, «Беларусьфільм» спэцыялізаваўся на партызанскай тэматыцы. Сьмешна яшчэ тое, што дзякуючы гэтаму фэйкаваму фільму, рэшткі нашага гурту ў асобах мяне і нашага фіндырэктара Кірыла Мацкевіча, былі запрошаныя на першае «Амбасовішча», якое праходзіла ў рэзыдэнцыі амбасадара ЗША.
Кадры зь фільму-фэйку «Сьцяг Брыгады», 2003 год
ТГ: Чым скончылася праца над фільмам? Ці выйшлі вы на публіку з матэрыялам?
ЯШ: Было зь дзесятак рэпэтыцыяў, але да прэзэнтацыі справа не дайшла. Праз ад’езд Антося ў ЗША. Гурта фактычна ня стала. Апошні ўсплёск нашай актыўнасьці быў у 2006 годзе, калі мы напярэдадні выбараў прэзыдэнта запісалі гімн для плянаванай беларускай каляровай рэвалюцы на верш Сяргея Балахонава «Колер маёй рэвалюцыі».
Гэтым разам ўжо я адзін запісаў ўсе інструмэнты, а засьпявалі там Мікола Бянько і Павал Карпаў, экс-лідэр гурту «Аналіз». Ну а тлустае шматкроп’е ў сваёй асабістай музычнай кар’еры я паставіў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, калі падараваў сваю апошнюю бас-гітару Эміру Кустурыцу ў Акадэміі мастацтваў, дзе я ў той час вучыўся на рэжысэра.
Яўген Шапчыц дарыць сваю бас-гітару Эміру Кустурыцу, фота Яўген Ярчак, euraradio.by
ТГ: Ці ліцыце цяпер актуальным зрабіць перавыданьне рок-опэры?
АМ: Я лічу, што калі б мы гэта зрабілі, было б нядрэнна…
АК: Вяліся размовы пра тое, каб выдаць рок-опэру, але ня ведаю наколькі гэта ажыцьцяўляльна.
ЯШ: Актуальнасьць цяперашняга выданьня нулявая. Гэта трэба проста для ачысткі кармы. Прайшло 10 гадоў з моманту напісаньня і я падумаў, што было б някепска вываліць тое, што проста ляжала і пылілася ў шуфлядзе. Можа каму і будзе цікава.
Натальля Стрыжак, Tuzin.fm
Ад рэдактара Тuzin.fm:
Цяжка аб’ектыўна меркаваць пра гурт, калі ты сам у ім калісьці граў на гітары і браў актыўны ўдзел на кожным этапе яго існаваньня, але тое, што зрабіў Siver тады, у 2003—2004, было на галаву вышэй за большасьць з таго, што пазначана цэтлікам «беларускі рок». Гэта быў актуальны ў музычным пляне матэрыял, на які паўплывала музыка Smashing Pumpkins, Tequilajazzz, Limp Bizkit, Ніла Янга, але сам па сабе ён быў арыгінальны і самадастатковы. Siver з такім падыходам магло чакаць што заўгодна ў сэнсе пазытыўным і ён меў усе шанцы ўвайсьці ў першы эшалён беларускай незалежнай музыкі, каб працаваў далей. Таму трымаць сьведчаньне тых часоў — рок-опэру «Сьцяг брыгады» — надалей у загашніках на злачынства падобна. Можаце згаджацца, а можаце спрачацца, але гэта адна з самых яскравых працаў у нашай незалежнай музыцы ў 00-х.
Прыемнага праслухоўваньня!
Сяргей Будкін
Напраўду яскравая праца для тых часоў. Словамі не перадаць, на колькі шкада, што не пачутая тады і там...
На мой погляд хоць праца i не завершана, вiдавочна, нi канцэптуальна, нi iнтанацыйна, але ўражанне пакiдае i сапраўды вельмi i вельмi добрае. Зроблена з густам. Цi варта сябрам-гуртоўцам шкадаваць аб няздзейсненных вынiках ? Мабыць так.
Аднак, ведаю, з iмi застанецца назаусёды адчуванне шчырасцi, захопленнасцi, акрыленнасцi ад сумеснай працы i маладосцi - калi бязмежны свет каля ног i доугае-доугае жыццё наперадзе...
І гэта, паверце, ужо нямала.
Вы слушна адчулі, гэта толькі першая частка рок-опэры, меркаваўся працяг.
Супэр, проста супэр, заслухоўваюся!
КАМЕНТАВАЦЬ