Стыў і Ганна Крамэры: «Удзячныя за падтрымку і крытыку»
3511 / 1
21.10.2015

Стыў і Ганна Крамэры: «Удзячныя за падтрымку і крытыку»

Кліпам месяца на Tuzin.fm стала дэбютная праца гурта «Мерада», якая апярэдзіла новыя відэа Brutto, Race of Dreamers і Лявона Вольскага.

Кліп на песьню «Начны праспэкт» набраў у першым туры відэачарту на Tuzin.fm у сэзоне 2014—2015 295 галасоў. За рэжысэрскі дэбют гітарыста гурту Стыва Крамэра ня толькі актыўна галасавалі, але і актыўна камэнтавалі. Сам музыка не хавае сваёй радасьці з нагоды перамогі: «Нам вельмі прыемна, што кліп  знайшоў водгук у жыхароў нашага гораду. Мы самі вельмі любім наш Менск, і таму пастараліся ўкласьці ўсе нашы эмоцыі і частку нашай душы ў гэта відэа. Я і Ганна не прафэсіяналы ў галіне здымак кліпаў, і мы рабілі гэту працу ўпершыню, таму нам удвая прыемна, што наш кліп заняў ганаровае першае месца, абагнаўшы сапраўды прафэсійныя кліпы калегаў». Стыў і вакалістка гурта Ганна Крамэр зь цікавасьцю сачылі за галасаваньнем у відэачарце і адказвалі на камэнтары, адносна сваёй працы: «Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто аддаў свае галасы за нас. А таксама ўдзячныя за водгукі, якія можа і не заўсёды прыемныя, але даюць магчымасьць зваротнай сувязі з гледачамі і слухачамі. Кліп выклікае жаданьне абмяркоўваць — гэта радуе».

Пераможцы 1-га туру свае галасы аддаюць гурту Race of Dreamers ды іх працы «Успамін аб глыбіні» за «вельмі гарманічнае спалучэньне добрай музыкі і тонкіх, неардынарных малюнкаў Дар’і Багасловай», а таксама Алесю Камоцкаму з кліпам «Горад мой» — «мілае, добрае відэа зь цікавымі анімацыйнымі вобразамі на душэўную песьню». Вылучаюць яшчэ працу навічка другога туру «Грэй мяне» ад гурту Rahis: «Цікавы сюжэт, цудоўныя, якасныя здымкі, чароўная прыгажосьць роднай зямлі і зорнага неба. Вельмі дастойнае відэа», — кажа вакалістка Ганна.

Толькі выдаўшы дэбютны альбом гурт «Мерада» пачаў працу над другім дыскам. У плянах музыкаў зьняць яшчэ некалькі кліпаў, сродкі на якія яны зьбіраюцца сабраць праз краўдфандынгавыя плятформы. Цяпер Стыў і Ганна рыхтуюць акустычную праграму, якую прэзэнтуюць 3 сьнежня ў менскім «Bristle Bar».

Tuzin.fm

КАМЕНТАРЫ:

  • Леон Зильберман
    Леон Зильберман / адказаць
    31.10.2015 / 06:47

    Весьма символично, без комментариев :-) А что тут сказать, когда сказать нечего...

  • КАМЕНТАВАЦЬ