!OUT: Незабыўны Леон Гурвіч (аўдыё, відэа)
3388 / 0
10.11.2014

!OUT: Незабыўны Леон Гурвіч (аўдыё, відэа)

Піяніст з Гамбургу Леон Гурвіч з нагоды выхаду свайго альбому «Remember Me» распавёў Tuzin.fm пра любоў да шурпатасьцяў, імкненьне залезьці ўнутр інструмэнта і папрасіў лічыць ягоныя працы здабыткам беларускай культуры.

Рэзыдэнт Беларусі ў Гамбургу Леон Гурвіч нагадаў пра сябе новым альбомам. Завецца плытка сымбалічна «Remember Me» («Памятай мяне»). Кампазыцыі ствараліся цягам 13 гадоў, прыкладна столькі ж Леон і жыве ў Нямеччыне. За гэты час былы менчук пасьпеў адслужыць дырыгентам у розных хорах і аркестрах Гамбургу, выкладаў у мясцовай школе мастацтваў і паралельна вёў свой уласны Leon Gurvitch Project, зь якім актыўна канцэртаваў ды запісваўся. Аднак, новы альбом адрозьніваецца ад ранейшых — і характарам, і, перадусім, складам. З нагоды рэлізу Леон Гурвіч адказаў на пытаньні Tuzin.fm.

ТГ: Выглядае на тое, што гэта першы альбом, які Вы зрабілі цалкам самастойна? Цікава, чаму Вы вырашылі адмовіцца ад паслугаў ансамблю?

ЛГ: Я й раней граў сольныя канцэрты ў Эўропе. Працяглы пэрыяд складвалася праграма, якую я б хацеў зафіксаваць. І як раз здарылася так, што мне прапанавалі запісацца з калектывам на легендарнай студыі ў Бэрліне — Rundfunks Berlin-Brandenburg. Але з-за кароткіх тэрмінаў я папросту ня змог сабраць сваіх музыкаў, бо яны ўсе былі ў турнэ. Акром таго, я падумаў, што ёсьць ужо абыграная сольная праграма. Так і атрымаўся гэты запіс. А потым пайшоў доўгі этап зьвядзеньня… Нягледзячы на тое, што тут адзін раяль, я доўга працаваў над гэтым альбомам.

ТГ: Колькі часу Вам далі на саму гукасэсію? Працавалі ў тэмпе?

ЛГ: У студыі мне спачатку прапанавалі на выбар чатыры раялі. Таму ў першы дзень я выбіраў інструмэнт. Спачатку плянавалася ўкласьціся ў два дні, але гукарэжысэры дазволілі працягнуць працу яшчэ на дзень. Запісваўся з раніцы да вечару. Насамрэч, запісанага матэрыялу хапіла б на некалькі дыскаў. У тым ліку выйшла каля 15—20 імправізацыяў, зь якіх для альбома я мусіў абраць дзьве.

ТГ: То бок, дзьве рэчы, пазначаныя на кружэлцы як «Improvisation #1» і «Improvisation #2», нарадзіліся цалкам спантанна?

ЛГ: Так-так, ніякае падрыхтоўкі не было. Канечне, такія рэчы лепш запісваць жыўцом у залі з публікай. У студыі ня так проста дасягнуць патрэбнага градусу, каб цалкам растварыцца ў музыцы й у імправізацыях. Бо я імправізаваў ня толькі ў гэтых дзьвюх кампазыцыях, у іншых таксама. Тым ня менш, я запрашаў у студыю мясцовых супрацоўнікаў, знаёмых, каб стварыць атмасфэру жывога канцэрту. Таксама я прасіў іх пісаць мне якія-небудзь вершы ці апісаньні карцінаў, каб мець, ад чаго адштурхоўвацца.

ТГ: Хто ж на Вас так моцна паўплываў, што Вы вырашылі запісаць палову альбома ў олдскульным авангардовым духу? Можа, Сэсіл Тэйлар?

ЛГ: Аўтарытэтны сайт Allaboutjazz напісаў рэцэнзію на мой альбом, і Сэсіла Тэйлара там таксама ўзгадалі. Для мяне папросту вельмі важная свабода, ніякіх межаў. Я не люблю, калі мяне засоўваюць ў нейкі адзін блёк — толькі з клезьмерам альбо толькі з джазам. Я намагаюся быць гатовым да рызыкі ва ўсім і паўсюль. Таму й дыск ня мусіць гучаць, як нешта адпаліраванае ды стэрыльнае. Гэта павінна быць нешта жывое й энэргічнае з усімі шурпатасьцямі, каб было адчуваньне, што гэта ў цябе пакоі сядзіць піяніст ды грае.

ТГ: А сам ты нібыта ўнутры раяля, пад векам…

ЛГ: Фізычна я таксама быў там унутры. І ў струны раяля залазіў, і ўсё, што заўгодна рабіў. Увогуле, музыка становіцца цікавым толькі тады, калі ён можа адкрыць свой твар, знайсьці свой стыль. І гэта сусьветная тэндэнцыя. Таму што музыкаў, піяністаў і кампазытараў у сьвеце вельмі-вельмі шмат.

ТГ: Ці маглі б Вы запісаць такі альбом, калі б засталіся жыць у Менску?

ЛГ: Ня ведаю. Добрае пытаньне. Пэўна, я мог бы запісаць сольны альбом, але ён бы атрымаўся іншым. Ні горш і ні лепш за гэты. Я не шкадую, што зьехаў. Але я не забываюся, канечне, на Менск, на сваю Радзіму. Я нарадзіўся і пражыў там да 22 гадоў, скончыў кансэрваторыю… Тое, што я рабіў у Менску дало мне вялікую базу й наклала свой адбітак. Я памятаю пра свае карані.

ТГ: У Вашым альбоме ёсьць габрэйскія й расейскія матывы, звароты да Шапэна, Саці й Камітаса. А ці можам мы лічыць Ваш сольны альбом часткай беларускай культуры? 

ЛГ: Мяркую, што так. У Эўропе, у нямецкай прэсе часта бывае, што мяне называюць менавіта «беларускім музыкам». Хаця ў мяне ўжо нямецкі пашпарт, а ў Менску я ня быў амаль 8 гадоў. Дарэчы, вельмі добры праект быў «Перазагрузка» зь Сяргеем Будкіным. Мы тады запісалі адну песьню па-беларуску — «Акіян у цішы». Спадзяюся, што атрымаецца прыехаць і нават сыграць канцэрт, прэзэнтаваць у Менску «Remember Me».

Трэйлер да альбома «Remember Me»

Паслухаць і набыць альбом можна на афіцыйным сайце Леона Гурвіча. 

Віктар Сямашка, Tuzin.fm, фота з leon-gurvitch.com