Сучасны тузін Аляксандра Найдзёнава (аўдыё)
Блогер і праграмны дырэктар Радыё Unistar Аляксандар Найдзёнаў назваў 12-ку найлепшых песень сэзону 2018/2019 на TuzinFM. Усе трэкі аўтаматычна трапляюць у мэгатур, у якім будзе вызначаны галоўны гіт сэзону.
1. Mikita — Да цябе. Адзін зь нешматлікіх прыкладаў якаснай, сучаснай па гуку, беларускамоўнай поп-музыкі. Артыст зь вялікім патэнцыялам. Добры вакал, які пасуе музычным гармоніям менавіта такога кшталту. Дзяўчынкі павінны ўжо цяпер клеіць на сьцены яго постэры.
2. Akute — Весела. Адзін з найлепшых беларускіх гуртоў, як на мой густ. І ў запісе яны падабаюцца мне значна больш, чым жыўцом. Бо ўжывую — гэта рок-гурт, якіх шмат. Зьнікае гучаньне, якое вылучае каманду сярод астатніх.
3. Akute — Усе песьні сьпетыя. Хіба гэта не шыкоўная песьня?
4. Uzari — Падзяка сэрца. Гэта вельмі гітова і ярка. Зь вялікай сымпатыяй стаўлюся да гэтага артыста. Бо ён неверагодна якасна працуе. У гэтай песьні — супадзеньне зьместу з формай рэалізацыі.
5. Аня Жданава — Зьнічка. Здаецца мне, у Ані сьветлая музычная будучыня. Мне б хацелася, каб яна выходзіла на больш шырокую публіку. Пытаньне: ці патрэбна тое самой Ані.
6. Roman Voloznev — Салёныя сны. Нешта ж павінна рваць душу — а тут пра зарумзанага хлопца. Вярнуць мае 17 — і развучыць, як гэта сыграць на гітары. Буду каралём пад’езда.
7. Сяргей Пукст — Трыюмф волі. Пукст — проста ўнікальная мастацкая зьява.
8. Camerata — Паміж небам і зямлёй. Люблю — і 2 разы быў на канцэртах. Перазагружаюся. Калі-некалі пераслухоўваю дома, пад келіх бярозавага соку.
9. Naviband & Apple Tea — Гісторыя майго жыцьця. Naviband — гэта канцэнтраваная пяшчота. Не разумею тых, хто папракае Naviband у залішняй мяккасьці. Яны такія, якія ёсьць — ці лепш было іграць нейкія ролі (падказка: не).
10. Алег Хаменка («Палац») & Apple Tea — Кола грукатала. Упэўнены, гэта адна з найлепшых песень, што прэтэндавалі на паездку на «Эўравізію» ад Беларусі (другая такая была ў Русі).
11. Уладзімер Пугач (J:Морс) & Apple Tea — Маё сонца. Гэта можа камусьці падавацца банальнасьцю, але «J:Морс» — гурт з сапраўднай, а не надуманай папулярнасьцю (рэдкая для Беларусі зьява). З павагай і нізкім паклонам.
12. Nuteki — Так кахаць. Чуў жывы выступ — гэта было добра. Абсалютна цэльныя хлопцы — дай ім бог здароўя.
Аляксандар Найдзёнаў, для TuzinFM
Аляксандар Найдзёнаў — блогер, сцэнарыст, радыёвядоўца. Нарадзіўся ў 1985 годзе ў Асіповічах. Скончыў журфак БДУ. Суаўтар некалькіх дакумэнтальных фільмаў (разам з рэжысэрам Андрэем Куцілам). Удзельнік і ляўрэат фэстываляў «Лістапад» (Беларусь), IDFA (Нідэрлянды), Golden Beggar (Славаччына) і іншых. Вядоўца і праграмны дырэктар радыё Unistar.
КАМЕНТАВАЦЬ