
«Нельга забыць»: «Багдановіч застаецца для нас таямніцай» (+live-прэзэнтацыя)
Альбом «Mertvets» на вершы Максіма Багдановіча ад гурта «Нельга забыць» другі раз перамог у альбомным чарце на Tuzin.fm.
Гурт «Нельга забыць» агулам на першай прыступцы альбомнага чарту пратрымаўся 8 тыдняў! Гэта выдатны вынік з уліку таго, што канкурэнцыя ў галасаваньні вельмі высокая. На першыя месцы прэтэндуюць таксама Vuraj, Лявон Вольскі, Akute. «У такой кампаніі перамагаць адно задавальненьне, вялікі дзякуй прыхільнікам за падтрымку, — кажа лідэр каманды Міхал Бараноўскі. — Альбом для нас быў экспэрымэнтам, таму асабліва прыемна, што ён знайшоў водгук і зацікаўленасьць. Творчы пошук даволі непрадказальная рэч, ніколі ня ведаеш куды прыйдзеш, і ці прыйдзеш увогуле, але хочацца верыць, што ад праграмы да праграмы мы разьвіваемся і дадаем новыя фарбы да сваёй музыкі».
Альбом-пераможца цалкам запісаны на вершы Максіма Багдановіча. Але для музыкаў на гэтым яго паэзія не вычарпалася. «Асоба Максіма для нас застаецца такой жа прыцягальнай і загадкавай. Магчыма гэты інтарэс ўвасобіцца нейкім іншым чынам, не ў музычных творах», — інтрыгуе Міхал.
Пры канцы кастрычніка «Нельга забыць» удзельнічалі ў якасьці гасьцей у фэсьце «Бардаўская восень», дзе ўзялі Гран-Пры ў 2012-м. Між іншым, гурт прадставіў песьню «Героі не паміраюць», яе лайв-запісам музыкі дзеляцца з наведнікамі Tuzin.fm.
У найбліжэйшы час «Нельга забыць» можна пачуць у Менску на акцыі «Жоўты дом», 29 лістапада музыкі завітаюць у Віцебск з праграмаю «Леаніды ня вернуцца да Зямлі». Гэтую ж праграму яны зьбіраюцца зайграць на дзень народзінаў Караткевіча ў Менску 26 лістапада.
Сачыць за навінамі каманды можна праз афіцыйныя паблікі FB/VK.
Tuzin.fm, фота Agencja Gazeta.pl
КАМЕНТАВАЦЬ