Павал Козіч і Ціхан Букраба — пераможцы пятага сэзону конкурсу «Засьпявай» (фота/аўдыё)
23-гадовы выканаўца Павал Козіч атрымаў галоўны прыз за кампазыцыю «Трамвай», якую напісаў сумесна зь Ціханам Букрабам на словы Антона Рудака.
Павал Козiч (23 гады) і Цiхан Букраба (26 гадоў) вучацца ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтва. Павал — менчук, Ціхан — з Гомелю. З музычных кірункаў аддаюць перавагу джазу і соўлу. Яны некалькі гадоў працуюць разам у кавэр-бэндах, але маюць і ўласныя напрацоўкі. Як кажуць самі музыкі, конкурс «Засьпявай» падштурхнуў іх да стварэньня аўтарскага праекту. Дэбютам акурат і стала песьня «Трамвай» паэта Антона Рудака, музыку да якой яны стварылі разам. Болей пра трэк.
Павал Козіч
Менавіта праца Паўла Козіча і Ціхана Букрабы была адзначаная журы конкурсу галоўным прызам (журы конкурсу). Дзякуючы конкурсу, музыкі запісалі фінальную вэрсію сваёй песьні. У якасьці прызу яны атрымалі яшчэ 1500 BYN на рэалізацыю сваіх далейшых творчых задумаў.
Электронны дуэт Maximalism
Акром таго, на ўзнагароджаньні «Засьпявай-5», якое прайшло ў менскім клюбе «Berlin», былі адзначаныя два фіналісты конкурсу — электронны праект Maximalism зь песьняю «Фрагмэнты» на словы Ганны Комар і Раман Волазнеў зь песьняю на словы Мікіты Найдзёнава «Салёныя сны».
Раман Волазьнеў
Конкурс «Засьпявай» праводзяць інтэрнэт-партал TuzinFM і фонд «Вяртаньне» з 2014 году. Ягоная мэта адкрыць для маладых музыкаў сьвет беларускай сучаснай паэзіі і паспрыяць таму, каб добрыя вершы сталі песьнямі. Пераможцамі ў намінацыі «Сьпяваная паэзія» станавіліся Віталь Варанко, Naviband, Paulinn, Helious. Усе песьні ляўрэатаў і пераможцаў можна паслухаць у плэй-лісьце.
Болей фота з імпрэзы — у афіцыйнай суполцы конкурсу.
TuzinFM, фота Аляксандра Кісялёва
КАМЕНТАВАЦЬ