Экспэрт Tuzin.fm Адам Глёбус: «Мне не хапіла паэзіі»
Адам Глёбус паслухаў песьні ўдзельнікаў чартаў ды выказаўся пра фольк і хайку, Міхалка і Коласа, тэракт і Сукачова.
Адразу зазначу, што ў мяне засталося сумнае ўражаньне ад знаёмства з гіт-парадамі. Ці я выпаў з гэтай сыстэмы каштоўнасьцей сучаснай музыкі. Ці ў музыкаў адсутнічае жаданьне станавіцца зоркамі, рабіцца выключнымі і самакаштоўнымі. Лідэры аўдыёчарту — гурт Vuraj выконвае фольк, які застаецца фолькам. Ён не перарабляецца ў сучасны гіт. Быў такі момант, калі сабраліся японскія паэты і думалі як зрабіць новую форму хайку. Пытаньне стаяла: ці трэба пісаць хайку пра зубную пасту і мабільны тэлефон. І ўсе клясыкі хайку пагадзіліся — трэба пісаць, бо трэба быць актуальнымі. І каб старая форма загучала, недастаткова проста зьмяніць інструмэнты, трэба зьменяць тэксты і падыходы. «Вэлытай пэрэпылко» засталася заплаўленай у мінулае, ня вылезла яна ў сучаснасьць.
Наогул жа большасьць ансамблей застаецца лёгкаважнай, лёгкадумнай і лёгказабываемай. Праслухаў — і забыўся. Яны ўсе акуратненькія, чысьцюткія, прыгожанькія, але ў памяці не застаюцца. Вылучаецца сярод гэтага Naka зь песьняй «Муза», але вылучаеца яна ў кепскі для рок-н-ролу бок, які існуе калі рок-н-рольную песьню выконвае прафэсійная артыстка. Я вельмі добра стаўлюся да Шадзько, да Хітрык, да Шпакоўскай і я іх люблю разглядаць на сцэне. Я іх разглядаю, але ня слухаю. Яны граюць у артыста, які выконвае гітовую песьню. І застаюцца больш артыстамі. Як бы Насьце не хацелася, яна таленавітая жанчына, але ня робіцца яна сьпявачкаю.
Хто мяне ўразіў, дык гэта Варанко зь песьняй «Вяртайся». Ён — новая зорка, але на сёньня гэта чалавек без рэпэртуару. Таму сапраўднай зоркаю ён стане, калі будзе здатны зрабіць свой рэпэртуар. А сёньня ён выконвае песьню Гарыка Сукачова, гэтай сукі, якая танчыла і сьпявала, калі мы выносілі параненых з мэтро пасьля тэракту і не спыніў канцэрт, хаця ведаў, што ляжаць ужо ўнізе трупы (прадусары, аказваецца, сказалі яму працягваць канцэрт, каб не было панікі і было ўсё нармальна). Таму Варанку зь безумоўным выканальніцкім талентам, трэба зрабіць свой рэпэртуар. Тут неабавязкова спадзявацца на свае сілы, можна зьвяртацца да прафэсійных кампазытараў і паэтаў.
Чаго мне не хапае ва ўдзельнікаў чарту, дык гэта словаў. Ударных словаў, кшталту «Я ня здамся бяз бою». Сказу, які б запамінаўся. Гэтага няма нідзе, акром адной песьні. Ясна, што ва ўсёй гэтай панараме найлепшая — «Наша возьме» ад Brutto. І калі я слухаў гэтую песьню, я папаўся, бо падумаў, што ўрэшце Міхалок можа пісаць як Купала. Я быў проста ў гэтым упэўнены, пакуль не прачытаў хто напісаў гэтую песьню. Яна трымаецца менавіта на словах і мяне гэта парадавала.
З удзельнікаў відэачарту мне спадабалася «Шэрая кроў» Лявона Вольскага і «Дзяўчынка» гурта «Крама». І вельмі не спадабалася «Дачакайся, матуля» ад Зьмітра Вайцюшкевіча. Проста міма касы. Шкада, што такі таленавіты чалавек не трапляе ў тэксты і не трапляе ў тэмы. Гэта зусім ня з «Тузіна Гітоў», а зь беларускага радыё 70-х гадоў, калі ўсе было залітае прадзяржаўнай іржой. Кабзон такую песьню мог сьпяваць. Вайцюшкевічу наогул часам не хапае густу.
Пры канцы зазначу, як паэт. Калі паэт працуе, адразу заўважная якасьць. І мне не хапае паэзіі. Таму што калі ёсьць паэт і ёсьць радок як «Я ня здамся бяз бою», то ўсё працуе. Удзельнікам чартаў пажадаю працаваць над тэкстам удвая больш, чым яны цяпер працуюць — вычышчаць, шліфаваць тэксты, зьвяртацца да рэдактараў, бо пакуль тэксты вельмі неахайныя і бачнае прыблізнае веданьне беларускай мовы.
Адам Глёбус, для Tuzin.fm
Экспэрт ТГ Адам Глёбус (Уладзімер Адамчык). Нарадзіўся 29 верасьня 1959 году ў Койданаве. Скончыў пэдагагічнае аддзяленьне Менскага мастацкага вучылішча (1977), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі ўнівэрсытэт (1983). Працаваў чарцёжнікам, мастаком-рэстаўратарам, мастаком-афарміцелем, рэдактарам у часопісе «Крыніца». Цяпер займаецца выдавецкай дзейнасьцю. Удзельнік таварыства «Тутэйшыя». Быў сябрам Саюзу пісьменьнікаў СССР. У друку пачаў выступаць зь вершамі ў 1981 годзе. Аўтар каля 20 кніг прозы і паэзіі. Яго вершы і апавяданьні перакладзеныя на асноўныя мовы сьвету, а таксама на асэтынскую і каталёнскую, друкаваліся ў Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Славеніі, Чэхіі, Польшчы і Расеі. Песьні на вершы Адама Глёбуса выконвалі Кася Камоцкая і гурт «Новае Неба», «Бонда», «Сябры», «Песьняры» ды іншыя.
Паважаны спадар, Адам Глёбус! Маё імя Стыў Крамер. У мяне, кампазітара і аранжыроўшчыка гурта " Мерада" ёсць шмат музыкі. Але вельмі не хапае прафесійных песенных тэкстаў. Вось я звяртаюся да вас, як да прафесійнага паэта: давайце разам напішам сучасную добрую песню - мая музыка, ваш тэкст. І пакажам усім, што мы можам не толькі крытыкаваць і даваць парады! Толькі гаворка ідзе не аб гатовым вершы . Гаворка ідзе менавіта аб песенным тэксце. Тэксце, які будзе не толькі файна спалучацца з ужо гатовай музыкай і мець глыбокі сэнс, але і будзе добра сьпявацца і лёгка запамінацца. Прымаеце прапанову?! У С. Будкина ёсць мае кардынаты.
Прабачце за "Ганна"! Е-мэіл зарэгістраваны на імя маёй жонкі.
КАМЕНТАВАЦЬ