«Хапун, пратакол, начоўка ў міліцыі — гэта беларуская наша традыцыя»
Каб перадаць усю абсурднасьць сытуацыі зь Сяргеем Жаданам, Лявон Вольскі зрабіў трэш-пародыю на песьню гурту «Жадан і Собакі», якая ў сваю чаргу зьяўляецца кавэрам на «Мрою».
Украінскага паэта і музыку затрымалі міліцыянты ў Менску ў ягоным нумары ў гатэлю «Юбілейны» а другой ночы ў суботу, 11 лютага. Пратрымалі ноч у пастарунку, узялі тлумачэньні, паставілі ў пашпарт штамп аб забароне на ўезд у Беларусь на няпэўны тэрмін ды запатрабавалі зьехаць у краіны цягам 72 гадзінаў. Сяргей прыехаў на запрашэньне Саюзу беларускіх пісьменьнікаў на паэтычны фэст. Аднак, апынулася, што яму забаронены ўезд у Расею за «тэрарыстычную дзейнасьць». А значыць у Беларусь таксама. Паэт з іроніяй зьвярнуўся да ўкраінскіх дыпляматаў з просьбай разабрацца ў сытуацыі: «Дарагія сябры з МЗС і амбасады Ўкраіны ў Беларусі гэта ж няправільна, калі ўкраінскіх паэтаў арыштоўваюць без тлумачэньняў і трымаюць у камэры без прычыны? Правільна ж? Можа неяк адрэагуеце? Давайце, скажам, разарвем зь імі дыпляматычныя адносіны. Ці абвесьцім ім Крыжовых паход. Калі ласка».
І сапраўды чыноўнікі адрэагавалі. Міністар замежных справаў Украіны Павал Клімкін неадкладна зьвязаўся з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем, каб абмеркаваць гэтую прыкрасьць. Літаральна праз пару гадзінаў у Жадана, які рыхтаваўся ўжо да ад’езду зь Менску, зноў папрасілі пашпарт — цяпер каб ануляваць забарону на ўезд у Беларусь. «Крыжовы паход адмяняецца! Здаровы сэнс і пачуцьцё годнасьці перамагаюць усё, што было напісана ў пуцінскіх дырэктывах», — зазначыў паэт.
Сяргей Жадан хоча прыехаць у Менск у траўні, каб даць канцэрт з гуртом «Собаки в космосі». У 2015 годзе музыкі ўдзельнічалі ў праекце «Global Reload» парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі!», для якога зрабілі ўкраінскую вэрсію гіта гурту «Мроя» — «Я рок-музыкант». Песьня ў выканананьні Жадана ўзначаліла рэйтынг самых запатрабаваных песень 2016 году на «тузіноўскім» канале на Soundcloud. Забаўна, што менавіта на яе вырашыў зрабіць пародыю ўласна яе аўтар Лявон Вольскі для свайго блогу на «Радыё Свабода», каб перадаць усю абсурднасьць сытуацыі.
Яшчэ: Лідэру ўкраінскага гурту «Фіолет» забаранілі ўезд у Беларусь
Tuzin.fm, фота svaboda.org, budzma.by
КАМЕНТАВАЦЬ