
Vuraj. Узьлёт перапёлкі (+містычная фотасэсія)
Гурт Vuraj другі раз узьняўся на вяршыню аўдыёчарту на Tuzin.fm зь песьняй «Вэлытай пэрэпылко».
Ужо месяц у аўдыёчарце адбываецца двубой. Песьні «Як мае быць» ад гурта «Ілюжан» і «Вэлытай пэрэпылко» ад гурта Vuraj замяняюць адна адну на пазыцыі лідэра. У 4-м туры найлепшым апынуўся гурт Сяргея Доўгушава. Цяпер у абодвух гуртоў па дзьве перамогі.
«Намагаюся сачыць за становішчам у чарце, наколькі дазваляе час, — кажа лідэр «Вураю». — Тое, што заўважаецца адразу — якасьць прадстаўленай музыкі. Радуе, што ўсё больш калектываў працуе зь беларускімі тэкстамі, гэта выклікае павагу. Кожны зь іх варты перамогі!» Сяржук Доўгушаў дзякуе ўсім, хто падтрымлівае «Пэрэпылку» штодня. Для ўсіх сваіх прыхільнікаў гурт рыхтуе некалькі падарункаў. Музыкі пачалі ўжо запісваць музыку да беларускага мультфільму «Затрыманая вясна, альбо якія сны сьніць мядзьведзь». Падрыхтавалі новую праграму «Harmonic style», якую ўпершыню пакажуць 11 сьнежня ў «Графіці». Сумесна з польскім рэжысэрам ствараюць музыку да спэктаклю «Вясельле», які пройдзе ў Купалаўскім тэатры 2 сьнежня. Акром таго, працягваецца праца над кліпам на песьню з альбома «Rajok» — «Cасна пахілілася». Сяржук кажа, што вельмі запамінальнымі, нават магічнымі, атрымаліся трохдзённыя здымкі на хутары Шэршні, каля ракі Нёман. Агулам у іх узялі ўдзел каля 20 чалавек. Неўзабаве адбудзецца прэм’ера роліку, пакуль жа прапануем паглядзець фотасэсію гурта.
Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ