Беларуска-швайцарскі Kazalpin згуляў у «Сьнежкі» (прэзэнтацыя альбома)
4794 / 0
08.01.2016

Беларуска-швайцарскі Kazalpin згуляў у «Сьнежкі» (прэзэнтацыя альбома)

Песьні з палескіх балотаў і раўнінаў ізноў узьнятыя на горныя вяршыні. У калядны час на Tuzin.fm прэзэнтуецца адна з найлепшых кружэлак, выдадзеных у 2015-м.

У Эўропе дыск «Śniežki» Kazalpin выйшаў увосень 2015 году, а запісаны быў пры канцы 2014-га. Гэта другі лонгплэй беларуска-швайцарскага праекту. Папярэдняя праца «East Side Story» выйшла пяць гадоў таму і атрымала надзвычай станоўчыя водгукі. Аўтар рубрыкі !OUT Віктар Сямашка разам з удзельніцай калектыву Ірэнай Катвіцкай расклалі новы альбом «Śniežki» па палічках.

Kazalpin = беларускае трыё Akana (Ірэна, Руся й Надзя) + швайцарскі Alpin Brun Ensemble (Альбін, Патрыцыя, Кляўдыё, Марка)

«Тое, што мы цяпер робім вельмі блізка да world-music, а раней быў большы ухіл на джаз. Зьявілася шмат адценьняў з Афрыкі, Скандынавіі, Армэніі… А вось галоўнае засталося тое ж, што і было: усё гучыць на беларускай мове. Гэта нашы песьні, якія мы прывозім адсюль і разам аранжыруем. Загалоўная песьня „Сьнежкі“ не аранжыраваная прынцыпова. Я адшукала яе ў запісах музыколяга Зінаіды Эвальд, якія яна зрабіла падчас экспэдыцыі на Палесьсе ў 1930-х гадах», — распавядае сьпявачка, кампазытарка, этнограф і пэдагог Ірэна Катвіцкая.

Kazalpin — Ho-Ho Kaza

«Śniežki» і «East Side Story». Падобнае:

абедзьве праграмы Kazalpin былі запісаныя за 3 дні;

— у адной і той жа студыі ў Цюрыху — Hardstudios Winterthur;

— на абедзьвюх кружэлках па тузіне трэкаў;

— у абодвух выпадках у трэку №9 гучыць дудук;

— акром фольк-апрацовак, маюцца аўтарскія інструмэнталы;

— акапэльныя нумары;

— абодва дыскі сканчаюцца калядкамі;

— музыканцкая кампанія абсалютна не зьмянілася — тыя ж сем чалавек.

«Śniežki» і «East Side Story». Адрознае:

«Śniežki» атрымалісяся зімовымі й сьвяточнымі наскрозь. Хаця сьпевы тутака таксама з розных каляндарных пэрыядаў — калядныя, масьленічныя, русальныя, жніўныя, вясельныя й г. д.

— суаўтарам у дзьвюх кампазыцыях пазначаны бубнач Марка Капэльлі, які пашырыў свой звычайны барабанны інструмэнтар за кошт ватэрфона й аса-хана (разнавіднасьці ганг-драма).

— музыкі зь дзьвюх краінаў лепш зразумелі адзін аднаго. Першаснае знаёмства й спробы судакрананьняў цяпер здабылі цэльнасьць і яшчэ большую арганіку, амаль маналітнасьць. Дыстанцыі між нашым фолькам ды іхнім джазам практычна ліквідаваліся.

Akana слушна разьмеркавала ролі ў межах свайго трыё, спэктральна расклалася па тэмбрах, па фарбах… Хаця пэрсанаж быццам бы адзін — гэта архетыпічная беларуская жанчына ў розныя фазы свайго жыцьця.

KazalpinSvatki-Bratki

Шляхавод па «Сьнежках»:

Калі кампазыцыя «Schnee» — экватар альбома, то «Iskarka-Pryhauka» — самая яго глыбіня, а «Magic Circle» і «Kolado» адпаведна — два халодныя палюсы.

Kazalpin — Magis Circle

Ірэна Катвіцкая падсумоўвае: «Мы сёмы год працуем разам. Швайцарская публіка кажа, што з кожным годам мы гучым цікавей і цікавей. Канцэртовыя залі там невялікія, але яны заўсёды бітком. Гэта ня можа ня радаваць. Думаю, што альбом добра ляжа й на слых беларускае публікі. Гэтыя творы вельмі абаяльныя і зразумелыя для ўсіх. Яны складана зробленыя, але на слых ты чуеш толькі прыгажосьць».

Беларуска-швэйцарскі праект Kazalpin, верагодна, дасьць канцэрты ў Беларусі ў траўні. У студзені ж, а таксама ў лістападзе ды й у будучым годзе заплянаваныя гастролі па Швайцарыі ды іншых краінах Эўразьвязу. Набыць кружэлку «Śniežki» можна ў нямецкіх ды швайцарскіх інтэрнэтовых крамах альбо на канцэртах праекту.

Паслухаць увесь альбом «Śniežki» можна ў афіцыйнай суполцы Tuzin.fm «УКантакце».

Віктар Сямашка, фота з афіцыйнага сайту праекту