!OUT: Залатое руно Ўладзімера Сьпірыдовіча (фота + 12 абраных трэкаў)
Tuzin.fm згадвае пра аднаго зь першых беларускіх рок-н-рольшчыкаў Уладзімера Сьпірыдовіча — лідэра гуртоў Funny Foxes і «Арганаўты», удзельніка абодвух менскіх біт-фэстываляў, аўтара гіпоўскіх гімнаў і беларускага першапраходца ў галіне арт-року.
ПЕРШАЯ ГІТАРА
Уладзімер Сьпірыдовіч нарадзіўся яшчэ пры Сталіне — 22 сакавіка 1952 году. Хлапчук жыў на вуліцы Чырвонаармейскай акурат ля ЦК КПБ (цяперашняй рэзыдэнцыяй прэзыдэнта). Напачатку сур’ёзна займаўся футболам і пра музыку спачатку зусім ня думаў. Нават гітару, якую 6-гадоваму Валодзю падарылі суседзі, ён аддаў сябру — Яўгену Канавалаву, будучаму лідэр-гітарысту ВІА «Альгарытмы».
Трошкі пазьней, дзякуючы «Бітлам» і «Альгарытмам», Валодзя таксама далучыўся да электрагітарнага руху. Канавалава называў сваім настаўнікам: «Ён мне паказаў асноўныя акорды, а далей да крыві на пальцах — наперад!» Па словах Сьпірыдовіча, у цэнтры Менску ў сярэдзіне 60-х рэгулярна абрываліся слухаўкі ў тэлефонных аўтаматах. Зь іх юныя рок-н-рольшчыкі выраблялі гуказдымальнікі для саматужных гітараў.
На фота: малы Вова Сьпірыдовіч
ВЯСЁЛЫЯ ЛІСЫ
Першы ансамбаль на чале са «Сьпірыкам», як Уладзімера называлі сябры, утварыўся ў 1967-м. У склад патрапілі хлопцы з аднаго двара: Андрэй Сьвятаславаў (бас), Уладзімер Пад’ельскі (гітара), Сяргей Дзевяткоў (бубны) ды ўласна Ўладзімер Сьпірыдовіч (гітара). Усе чацьвёра сьпявалі, а апошні яшчэ й спрабаваў пісаць песьні.
Гурт зь імем Funny Foxes базаваўся ў ДК Камвольнага камбінату, граў там жа й у школе на танцах. Рэпэртуар «Вясёлых лісаў» усё ж з большага складаўся з кавэраў на творы замежных гуртоў. Аднак выключна на Ленане з Макартні яны не зацыкліваліся. Сьпірыдовіч пералічае ў адным з апошніх прыжыцьцёвых інтэрвію: «Гралі The Hollies, The Monkeys, The Animals, The Rollins Stones, канешне. Гэта міт, што ў нас тут нічога не было. Напрыклад, „Сэржанта“ The Beatles я пачуў празь месяц пасьля выхаду плыткі ў сьвет!»
На фота: гурт Funny Foxes. Уладзімер Сьпірыдовіч у цэнтры.
НА ПЕРШЫМ БІТ-ФЭСЬЦЕ
На Першым фэстывалі біт-ансамбляў Менску ў 1968 годзе. Funny Foxes зьдзівілі журы сваім юным узростам і зьнешнім выглядам. Газэта «ЛіМ» у выніковым артыкуле апісала іх уніформу: «Уявіце сабе чырвоныя камзолы з жоўтымі манжэтамі, гузікамі армейскага ўзору і мэталічнымі ланцужкамі праз грудзі. Нешта сярэдняе паміж уніформай уланаў Другога Праабражэнскага палку й членаў палаты лордаў ангельскага парлямэнту».
У сваім конкурсным сэце «Лісы» прадставілі аўтарскую песьню Сьпірыдовіча, апрацоўку беларускага фальклёру й штосьці з «Чырвоных гітараў». Кароткая фраза ў забароненым для дэманстрацыі дакфільме «13-ы маршрут»: «Калі мы зможам сябе ўбачыць на экранах?» — гэта ўсё, што пакінулі па-за сабой школьнікі з Funny Foxes.
На фота (зьлева направа): Яўген Адстаўноў, Яўген Канавалаў, Уладзімер Сьпірыдовіч
РЭПЭТЫЦЫІ НА ДРЭВАХ
Свой наступны калектыў Уладзімер Сьпірыдовіч стварыў на фізфаку БДУ. Выбар занову тлумачыўся такім чынам: «Мы ўвесь час у пошуках. Мы шукаем цікавыя й прыгожыя песьні». «Арганаўты» побач з аўтарскімі песьнямі Сьпірыдовіча ды кавэрамі выконвалі й беларускія народныя сьпевы ў сваёй адаптацыі. Касьцяк ансамблю склалі: Лявон Кладухін (бас), Вячаслаў Ярэй (бубны), Эдуард Петрашкевіч (скрыпка) і сам Уладзімер Сьпірыдовіч (гітара, лідэр-вакал), адзіны з квартэту без аніякае музычнае адукацыі. Да асобных выступаў запрашаліся сола-гітарысты — Яўген Канавалаў, Сяргей Молеў, Уладзімер Вугольнік.
Спэцыялісты з кансэрваторыі адзначалі надзвычай моцныя, «пастаўленыя» галасы «Арганаўтаў». Аднак Сьпірыдовіч тлумачыў гэтую ўласьцівасьць тым, што яны пілі «чарнілы» ды сьпявалі па пяць гадзінаў штодзень, а рэпэтыцыі праводзілі, седзячы на дрэвах у цяперашнім Купалаўскім сквэры, зьбіраючы вакол сябе масу народу: «Калі палічыць колькі я быў на сцэне і колькі людзей мяне пачула проста на вуліцы, то ў другім выпадку я абслужыў народу на парадак больш».
На фота: гурт «Арганаўты» падчас рэпэтыцыі на дрэвах
НА ДРУГІМ БІТ-ФЭСЬЦЕ
На Другім біт-фэстывалі 1971 году «Арганаўты» заслужана атрымалі першае месца, узмоцненае тым, што другога ня далі нікому. Заля пляскала пераможцам стоячы. Сваю ролю ў перамозе адыгралі аўтарскі матэрыял, шлягер «Каб любіць Беларусь…», кавэр на Bee Gees, рок-вэрсія шубэртаўскае «Авэ Марыі» і, безумоўна, струнная сэкцыя — запрошаныя дзяўчаты з музвучэльні. Ніхто нават у межах СССР на той момант не праводзіў такіх арт-рокавых экспэрымэнтаў.
Арганізатар фэсту й на той час франтмэн групы «Пане-Браце» Ўладзімер Кандрусевіч сьцьвярджае: «Фэстываль атрымаўся даволі нудным для моладзі. Толькі Ўладзімер Сьпірыдовіч з „Арганаўтамі“ паказалі найцікавейшую праграму, упершыню злучыўшы рок-гурт са струнным ансамблем». «Пясьняр» Валеры Дайнэка дадае, што «Арганаўты» выглядалі «прыгожа й урачыста».
На фота: «Арганаўты» выступаюць на другім біт-фэсьце
Артыкул пра гурт «Арганаўты» ў газэце «Беларускі ўнівэрсытэт», 1971 год
БДУ СУПРАЦЬ РОКУ
Як вядома, біт-фэст №2 завяршыўся скандалам: публіка ў рок-н-рольным экстазе пачала ламаць крэслы. Тое ў прыватнай размове нядаўна пацьвердзіў і кампазытар Сяргей Картэс, што быў сьведкам. У выніку студэнта Сьпірыдовіча сталі пастаянна запрашаць у парткам Белдзяржунівэрсытэту на прафіляктычныя размовы. На ансамбль пасыпаліся абвінавачваньні ў дэпрэсіўных настроях. Уладам не падабаліся іх тэксты, даўгія валасы і тое, што вакол «Арганаўтаў» гуртуюцца гіпі.
Жыхары Менску часам маглі назіраць незвычайныя працэсіі «Арганаўтаў» па мясцовым Брадвэі (праспэкт Леніна). Музыкі разам зь сябрамі былі змушаныя самі цягаць апаратуру ў Палац прафсаюзаў, калі БДУ праводзіў там свае мерапрыемствы. Аўтобус маладзёнам адміністрацыя прынцыпова не давала. Няма аўтобуса — можа быць, і не паедуць, — верагодна такім чынам, на думку Сьпірыдовіча, меркавалі ў БДУ. Дарэчы, узначальваў адзіны тады ў Беларусі ўнівэрсытэт «мацёры сталініст» Антон Сеўчанка. Год таму ў фае галоўнага корпусу зьявілася шыльда ў гонар экс-рэктара.
Выключэньнем у адносінах да рок-групы зь фізфаку стала толькі сьвяткаваньне 50-годзьдзя БДУ ў Маскве, дзе «Арганаўтам» дазволілі выступіць.
На фота: Уладзімер Кандрусевіч і Ўладзімер Сьпірыдовіч
ПЕСЬНІ «АРГАНАЎТАЎ»
У тым жа 1971 годзе «Арганаўты» спынілі дзейнасьць. Перад тым гурт пасьпеў запісацца ў студыі Белрадыё, але ад гукасэсіі нічога не захавалася. Запісвацца самастойна музыкі нават не спрабавалі. Пачуўшы тую радыёперадачу, Уладзімер Мулявін запрашаў Сьпірыдовіча на праслухоўваньне ў «Песьняры». Таксама была прапанова паўдзельнічаць ва Ўсесаюзным конкурсе «Алё, мы шукаем таленты!». Але Ўладзімеру не дазволілі бацькі, бо вучоба — перш за ўсё. Ды і сам ён прызнаваўся, што любіў фізыку ня менш за музыку.
У першай палове 70-х былы «арганаўт» пераключыўся на танцы, што ладзіліся ў пэрыфэрыйных клюбах. Браў удзел у розных рок-н-рольных зборных. Напрыклад, разам з Уладзімерам Кандрусевічам адпрацаваў сэзон у корчмах Сочы. Альбо быў выпадак, калі Сьпірыдовіч, Кандрусевіч і Канавалаў выступалі ў жывым тэлеэтэры зь песьняй на верш Янкі Купалы «Лірнік». Аднак ад тае трансьляцыі застаўся толькі фотаздымак тэлевізійнага манітора з чорнай паласой. Акром таго, Сьпірыдовіч удзельнічаў у нелегальных гіпоўскіх летніках на Нарачы, дзе магло зьбірацца да 500 чалавек.
На фота: Уладзімер Кандрусевіч і Ўладзімер Сьпірыдовіч на гіпоўскім летніку
Створаны Сьпірыдовічам у 1976 годзе гурт «Время» такога рэзанансу, як папярэднія, ня меў. Ансамбль існаваў акурат да Алімпіяды-1980 пры Міжнародным моладзевым цэнтры «Юнацтва» на Менскім моры. Уладзімер казаў: «Тады я ажаніўся, нарадзіўся сын, і болей я не выступаў». Аднак песьні «Арганатаўтаў» не адышлі ў нябыт.
ХАТНІ ГУКАЗАПІС
У 1990-х і «нулявых» у паўзах між выкладаньнем фізыкі, Уладзімер Сьпірыдовіч займаўся хатнім гуказапісам — пісаў новыя ды рэканструяваў старыя песьні. У тым ліку з рэпэртуару «Арганаўтаў». Уладзімер засвоіў навейшыя праграмы для гуказапісу й музпраграмаваньня. Да супрацы далучаў экс-«арганаўта» Эдуарда Петрашкевіча ды экс-«песьняроў» Віктара Маўчанава й Барыса Бэрнштэйна. У сукупнасьці музыка напісаў амаль дзьве сотні песень і ў выглядзе самвыдату выпусьціў каля дзясятку альбомаў. Уладзімер прызнаваўся: «Я займаўся музыкай папросту для душы, без усялякага спадзеву на выступы».
На фота: Уладзімер Сьпірыдовіч у кампаніі зь Ігарам Варашкевічам
Апошні альбом Сьпірыдовчіа датуецца 2009 годам. Займацца музыкай далей не дала хвароба. «Арганаўт» памёр 30 студзеня 2013 году. Сёлета чалавек, які пажадаў застацца incognito, выдаў абмежаваным накладам падвойную кружэлку, дзе сабраў усю дыскаграфію Ўладзімера Сьпірыдовіча й дадаў нешта накшталт фотафільму з архіўнымі здымкамі.
ВЫБРАНЫ ТУЗІН УЛАДЗІМЕРА СЬПІРЫДОВІЧА
1. Strange Kind of Woman (Deep Purple cover)
Адзіны запіс з удзелам Уладзімера Сьпірыдовіча 1970-х гадоў, які дайшоў да нашага часу. Былы «арганаўт» разам зь яшчэ дзьвюма зоркамі менскага андэрграўнду Кандрусевічам і Канавалавым выконвае гіт Deep Purple. Прычым больш агрэсіўна, чым у арыгінале. Да таго ж гэты запіс быў зроблены на адкрытай танцпляцоўцы з народным назовам «Карчы».
2. Птица (Сьпірыдовіч — Гумілёў)
Песьня з сольнага акустычнага альбома Ўладзімера Сьпірыдовіча 1980-х гадоў. Голас музыкі, канешне, моцна зьмяніўся з часоў «Арганаўтаў». І з кожным чарговым запісам больш нагадваў ня Робіна Гіба, а Тома Ўэйтса.
3. Скажи, зачем… (Сьпірыдовіч — Юрышын)
Твор з рэпэртуару «Арганаўтаў» быў рэканструяваны ў 1995 годзе. Сьпірыдовіч любіў шматзначна сьпяваць пра сьмерць і віно, як той суфій Амар Хаям. Відавочна, што зусім не пра шынок, як можа падацца на першы погляд.
4. В лагерях (The Beatles — Сьпірыдовіч)
Пад адмысловы тэкст Сьпірыдовіча на матыў «Yellow Submarine» студэнты фізфаку БДУ выпраўляліся на вайсковыя зборы. Кіраўніцтва й не падазравала, што музыка належыць паўзабароненым «Бітлам».
5. Гимн Крыжовки (Сьпірыдовіч — Сіняковіч)
Гэты сьпеў у асяродку першых менскіх гіпі напраўду лічыўся гімнам. Крыжоўка — вёска ля Менскага мора.
6. Маразмы (Сьпірыдовіч)
Сюрэалістычная песьня з альбома 1995 году. Аснову кружэлкі склалі творы Сьпірыдовіча пачатку 1970-х гадоў.
7. Она (Сьпірыдовіч — Гумілёў)
8. Пред отца крестом (Сьпірыдовіч)
Дзьве песьні з альбома 1996 году. Запіс адбываўся ў хатняй студыі на вуліцы Чырвонаармейскай. Там жа, дзе Сьпірыдовіч стварыў свой першы гурт «Вясёлыя лісы».
9. Они спустились (Сьпірыдовіч — Гумілёў)
Песьня з альбома 2005 году на вершы расейскіх паэтаў.
10. Он проснётся / Ночь / Романс (Сьпірыдовіч — Мамонаў, Маякоўскі, Вазьнясенскі)
Шматчастковая кампазыцыя з альбома-прысьвячэньня загінуламу сыну, які так і завецца — «Сыну» (2008). Дыск укладаўся ў кнігу зь вершамі Аляксандра Сьпірыдовіча — «Сьпірта» зь вядомае напачатку «нулявых» рэп-суполкі «Пульс асфальта».
11. Зеркала (Сьпірыдовіч — Маршак)
Апошняя песьня з аднайменнага апошняга альбома 2009 году.
12. Когда-то (Сьпірыдовіч)
Адзіная песьня, якую Ўладзімер Сьпірыдовіч зайграў на 40-годзьдзі Першага біт-фэстывалю ў 2008 годзе. То быў ягоны апошні выхад на вялікую сцэну.
Песьні й фотаздымкі ўзятыя з архіва Яўгена Канавалава, а таксама з пасьмяротнага дыску «Владимир Спиридович», перададзенага ў рэдакцыю Tuzin.fm Леанідам Нарушэвічам.
Віктар Сямашка, Tuzin.fm
КАМЕНТАВАЦЬ